Шака
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Шака (часам Чака) «Зулу» — правадыр (інкосі) племені зулусаў. Нарадзіўся каля 1787, памёр 22 верасьня 1828. Ператварыў зулусаў зь невялікага племені ў нацыю, якая запанавала на нейкі час на большай частцы Паўднёвай Афрыкі. Ён быў выбітным вайсковым стратэгам і адным з выбітных палітычных правадыроў зулусаў.
Ш. нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай паўднёвааафрыканскай правінцыі КваЗулу-Натал як сын правадыра Сэнзангаконы і князёўны Нандзі, што належалі да блізкасваяцкіх клянаў, якім было забаронена ўступаць у шлюб, а таму нараджэньне Ш. стала непрыемнай падзеяй для ўсяго роду. Нандзі і яе сын цярпелі ад пастаянных кпінаў і прыніжэньняў. У шасьцігадовым веку Ш. разам з маці быў выгнаны з бацькавага крааля, і яны пайшлі да сваякоў маці. У выніку голаду Ш. разам з маці ізноў перасяліўся да цёткі, клян якой жыў побач з магутным племянным зьвязам мтэтва на чале з старым правадыром Джобэ. Яго насьледнікам стаў Дзінгісваё, які аказаў найвялікшы ўплыў на Шаку.
Шаку было нейдзе 23 гады, калі Дзінгісваё уключыў інтангу (векавую групу) Шакі ў полк Ізі-ц'ве. Шака служыў мтэтва шэсьць гадоў і вылучыўся харобрасьцю, стаўшы генэралам. Дзінгісваё высунуў новыя ідэі вайсковай арганізацыі: у першую чаргу гэта палкі (імпі) і гіерархічная структура войска. Створаныя такім чынам магутныя войскі сталі прычнай Мфэканэ — перасяленьня народаў паўднёвай Афрыкі — разьбітыя супольнасьці ратаваліся ўцёкамі, пераймалі новыя мэтады вядзеньня вайны і ў сваю чаргу нападалі, так пачыналіся ўсё новыя войны і мяняўся лад жыцьця. Шака пераняў і ўдасканаліў вайсковыя мэтады Дзінгісваё, і выкарыстаў іх за часы ўласнага кіраваньня.
Пасьля сьмерці Шакавага бацькі Сэнзангаконы Дзінгісваё дапамог Шаку разьбіць ягонага брата і той стаў уладаром ў 1816 годзе. Шака заснаваў сыстэму палкоў, падобную сыстэме Дзінгісваё, увёў новую зброю і шчыты, цэнтралізавана захоўваючы некаторыя яе віды ва ўласных складах. Ш. таксама дысцыплінаваў войска і прывучыў яго да бліжняга змаганьня, а таксама падвысіў яго мабільнасьць.
Да Шакі большасьць баёў у гэтым рэгіёне Афрыкі былі масавымі бітвамі, калі войскі перакідваліся паляўнічымі дзідамі з адлегласьці паўсотні мэтраў, крыху манэўруючы. Шака вынайшаў знакамітую зулускую тактыку бітвы, прыдумаўшы для свайго войска новае шыхтаваньне — «бычыныя рогі» - ў чатыры группы. Перамагаючы навакольныя плямёны Ш. прапаноўваў ім выбар – зьнішчэньне ці далучэньне да яго войскаў. Далучаныя пакідалі свае плямёны і станавіліся зулусамі. Новыя ваяры навучалі зулускаму майстэрству вайны і фармаваліся ў палкі. Ш. зьмяніў характар вайны і ўкараніў такі яе мэтад, як поўнае фізычнае зьнішчэньне ворага. Тактыка Ш. выкарыстоўвалася зулусамі і пасьля ягонае сьмерці, яна аказалася дзейснай нават супраць узброеных стрэльбамі ангельцаў.
У апошнія гады яго жыцьця, на землях зулусаў зьявіліся ангельцы і Ш. лічыў сваёй галоўнай задачай авалодаць ведамі белага чалавека, але канкрэтных крокаў зрабіць не пасьпеў. Ш. дазволіў эўрапейскім пасяленцам прыйсьці і дзейнічаць у сваім каралеўстве, чым адчыніў шлях да далейшага брытанскага ўмяшаньня.
У выніку кіпучае дзейнасьці Ш. зулускія ўладаньні пастаянна пашыраліся і ўлада Ш. умацоўвалася. Аднак, пасьля сьмерці маткі ў 1827 годзе, Ш. зьехаў з глузду. Ён быў пэўны, што матка памёрла ад порчы і зьвярнуўся да шаманаў. Налета ён забіў каля 7000 сваіх супляменьнікаў, ніякіх пасяўных работ не рабілася і не было ураджая, былі забітыя тысячы кароў, а таму прыйшоў голад. У дадатак да таго ўсе цяжарныя жанчыны былі забітыя разам з мужамі і немаўлятамі на загад Ш. Гэта спрычыніла закалот і ў 1828 годзе Ш. быў забіты зводным братам Дзінгаанам, які і стаў наступным уладаром зулусаў.
На момант сваёй сьмерці Ш. уладарыў над прыкладна 250 000 чалавек, а яго войска магло дасягаць 50 000 ваяроў. Яго 10-гадовае праўленьне спрычынілася да сьмерці больш чым 2 млн. чалавек толькі ў выніку саміх войнаў, ня лічачы ахвяраў масавых племянных міграцыяў, калі людзі ўцякалі ад яго войскаў.