15-я зэнітная ракетная брыгада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
15-я зэнітная ракетная брыгада

Нарукаўны знак (2017 год)
Гады існаваньня з 25 жніўня 1991 (32 гады таму)
Краіна Беларусь
Падпарадкаваньне Міністэрства абароны Беларусі
Уваходзіць у Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі
Тып зэнітныя ракетныя войскі
Уключае ў сябе дывізіёны
Функцыя супрацьпаветраная абарона
Дысьлякацыя Фаніпаль (Койданаўскі раён)
Узбраеньне зэнітныя ракетныя комплексы «Тор-М2К» і «С-300»
Дзейны камандзір Андрэй Доўбік

15-я зэнітная ракетная брыгада (15 зрбр) — злучэньне Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі, што месьціцца ў Фаніпалі (Койданаўскі раён).

Вайсковая часьць 30151[1]. Уваходзіла ў Паўночна-Заходняе апэратыўна-тактычнае камандаваньне (ПЗАТК) ВПС і войскаў СПА Беларусі.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет Беларускай ССР зацьвердзіў Закон «Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закона Дэклярацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР» (Дзень Адраджэньня). У выніку зімовы заклік вайскоўцаў 15-й зэнітнай ракетнай брыгады (15 зрбр), якую стварылі ў студзені 1968 году, прысягнуў на вернасьць Беларусі. У 1992 годзе брыгаду падначалілі Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь. Ад 1996 году разьлікі 15-й зэнітнай ракетнай брыгады атрымалі магчымасьць ладзіць баявыя пускі на расейскіх палігонах Ашулук у Астраханскай вобласьці, Тэлемба і Мыс Таран.

На 2014 год 15-я зэнітная ракетная брыгада ўваходзіла ў Паўночна-Заходняе апэратыўна-тактычнае камандаваньне (ПЗАТК). Працоўны дзень дзяжурнай зьмены пачынаўся а 7:30. Папярэдне спэцыялісты праходзілі мэдычны агляд, псыхалягічную гутарку, пастраеньне на пляцоўцы. Пасьля загаду яны накіроўваліся на камандны пункт. Цягам наступнай гадзіны правяралі абсталяваньне і дакумэнтацыю. Вайскоўцам даводзілася асаблівасьць будучага дзяжурства, пасьля чаго разьлік пачынаў баявое дзяжурства. На камандным пункце пакідалі дзяжурную зьмену, гатовую падлучыць прылады да прыбыцьця асноўнага разьліку. У склад кожнага разьліку ўваходзілі: памагаты апэратыўнага дзяжурнага, які адказваў за ўключэньне аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня; планшэтысты, якія наносілі на мапы паветраную абстаноўку, данесеную радыётэхнічнымі падразьдзяленьнямі; дзяжурны па сувязі, які наглядаў за спраўнасьцю каналаў сувязі; апэратыўны дзяжурны, які адказваў за кіраваньне. Пры камандзе начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі на прывядзеньне ў вышэйшую ступеню баявой гатоўнасьці ўключаліся дывізіёны[2].

Эмблема брыгады (2016 год)

Таксама для паведамленьня пра летакі на камандны пункт выкарыстоўвалі назіральнікаў ПВН. Апэратыўны дзяжурны накіроўваў паведамленьні ў камандны пункт ПЗАТК для праверкі палётаў згодна заяўкам. Пры супраціве прымусу да пасадкі верталётам разьлік па камандзе пераводзілі ў баявую гатоўнасьць № 1, што абазначала падрыхтоўку адкрыць агонь. На ўзбраеньні 15-й зэнітнай ракетнай брыгады стаялі ЗРК «С-300» і сыстэмы аўтаматызацыі «Паляна-РБ», што дазваляла бачыць абстаноўку з дывізіёнаў і атрымліваць зьвесткі ад авіяцыі і радыётэхнічных войскаў. Камандны пункт атрымліваў да 380 дакладаў пра паветраную абстаноўку ў перадсьвяточныя дні і пастаянна налічваў каля 20 чалавек на баявым дзяжурстве. У брыгадзе служылі вайскоўцы больш як 50 спэцыяльнасьцяў, сярод якіх былі і жанчыны. Начальнік разьліку аддзяленьня баявога кіраваньня меў у падпарадкаваньні 8 жаўнераў[2].

13 сакавіка 2017 году міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў падпісаў Загад № 400 аб зацьвярджэньні нагруднага знака 15-й зэнітнай ракетнай брыгады, які ўяўляў сабой трансфармацыю эмблемы брыгады. Знак зьмяшчаў выяву сокала з узьнятымі крыламі, махавыя пёры якіх стылізаваліся пад ракеты. Галава і грудзі сокала месьціліся на контуры межаў Беларусі, а ззаду знаходзіўся меч рукаяцьцю ўніз. Агульная кампазыцыя абрамлялася лаўрова-дубовым вянком, унізе якога на стужцы зьмяшчалася назва брыгады па-беларуску. 9 кастрычніка 2017 году дадзены нагрудны знак унесьлі ў Дзяржаўны геральдычны рэгістар Беларусі за № В-1365[3][4].

13 студзеня 2023 году 15-я зэнітная ракетная брыгада атрымала на ўзбраеньне зэнітны ракетны комплекс «Тор-М2К».

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Валяр'ян Шкленьнік. Надзейная варта беларускага неба // Пляцдарм. — 25 красавіка 2020. — № 4 (103).
  2. ^ а б Вераніка Канюта. Вартавыя паветраных межаў // Пляцдарм. — 29 красавіка 2014. — № 4 (33).
  3. ^ Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь // Дэпартамэнт архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі Беларусі, 2023 г. Праверана 28 кастрычніка 2023 г.
  4. ^ А.С. Ласкевіч. Нагрудныя знакі, якія ўключаныя ў Геральнычны рэгістар Узброеных сіл / рэд. М.Я. Бузін // Бюлетэнь Геральдычнага савета пры міністры абароны Рэспублікі Беларусь. — Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2022. — № 1 (9). — С. 27.