Ігар Аліневіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ігар Аліневіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 24 верасьня 1983 (40 гадоў)
Менск, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Бацька: Уладзімер Аліневіч
Маці: Валянціна Аліневіч
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі
Узнагароды: прэмія імя Францішка Аляхновіча (2013), прэмія за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча (2016)

І́гар Уладзі́меравіч Аліне́віч (нар. 1983, Менск, цяпер Беларусь) — грамадзкі дзяяч Беларусі.

Дзяяч анархісцкага руху ў Беларусі. Аўтар кнігі «Еду ў Магадан» (2013), за якую атрымаў прэмію імя Францішка Аляхновіча. Ляўрэат прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча (2016).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У старэйшых клясах школы напісаў рэфэрат па гісторыі «Нестар Махно: міты і легенды». Па-за школай займаўся барацьбой і тэнісам. Таксама з аднаклясьнікам вырабляў сярэднявечныя рыцарскія дасьпехі. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Падчас летніх вакацыяў падпрацоўваў на будоўлі. Перад абаронай дыплёму зьехаў на год працаваць службоўцам на круізным лайнэры ў Карыбскім моры. У часе падарожжа пабываў на Гаіці і ў Мэксыцы. Пасьля круізнага плаваньня вярнуўся ў БДУІР і абараніў дыплём па спэцыяльнасьці інжынэр радыёэлектронікі. Спачатку працаваў на прыватным прадпрыемстве. Пазьней на навукова-вытворчым аб'яднаньні «Пеленг» удзельнічаў у стварэньні беларуска-расейскага спадарожніка[1].

У жніўні 2015 году Аліневіч згадваў: «на пачатку 2010 году шэраг анархічных групаў заняўся сындыкалісцкім рухам. Дзве групы займаліся агітацыяй сярод рабочых МАЗа, і адна група займалася агітацыяй сярод работнікаў гіпэрмаркетаў. Выпускаліся ўлёткі, газэты, праводзіліся асабістыя сустрэчы. Менавіта пасьля гэтых падзей мы сталі заўважаць, што на нашыя сустрэчы прыходзяць сумніўныя асобы. Былі нават выпадкі, калі мы выяўлялі зьнешняе назіраньне, памятаю ў аднаго зь іх з пачка цыгарэтаў тырчала антэна, якую не пасьпеў схаваць. Яны зьбеглі ў мікрааўтобус зь цёмнымі шыбамі і схаваліся»[2]. У красавіку 2017 году Аліневіч адзначаў: «У верасьні 2010-га беларускія сілавікі затрымалі шэраг анархістаў. Супрацоўніцтва прапаноўвалі многім. Антон пагадзіўся. Праз 3 месяцы, калі я быў у Маскве, яго паслалі на сустрэчу са мной»[3]. 28 лістапада 2010 году супрацоўнікі КДБ Беларусі вывезьлі Аліневіча з Масквы ў Менск і зьмясьцілі ў Сьледчы ізалятар КДБ Беларусі[4].

27 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага раёну Менска Жанна Хвайніцкая выракла яго да 8 гадоў зьняволеньня[5] па абвінавачаньні ў: 1) ладжаньні шэсьця каля Гэнэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі 19 верасьня 2009 году; 2) нападзе на менскае казіно «Шангры Ла» 5 сьнежня 2009 году; 3) падпадзе дзьвярэй аддзяленьня банка «Масква-Менск» 31 траўня 2010 году; 4) нападзе на Амбасаду Расеі ў Беларусі 30 жніўня 2010 году; 5) нападзе на менскую турму на Акрэсьціна 6 верасьня 2010 году. Разам зь ім на меншыя тэрміны выраклі анархістаў Міколу Дзядка і Аляксандра Францкевіча. У апошнім слове на судзе заявіў: «Мяне лічаць нейкім злым геніем і асудзілі толькі за тое, што я не адмаўляю свайго дачыненьня да анархісцкага руху». Для адбыцьця пакараньня быў зьмешчаны ў Наваполацку калёнію № 10 (Віцебская вобласьць), дзе знаходзіўся ў адной камэры № 4 разам з маладафронтаўцам Алесем Кіркевічам і марскісцкім літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам. У лісьце з турмы да сястры Кацярыны апісаў зьдзекі ў Сьледчым ізалятары КДБ Беларусі ў 2011 годзе: «Пасьля Плошчы пачаўся масавы прэс. У СІЗА нагналі карнікаў у масках. Пастаянна раўлі, рэгулярныя шмоны. Гэта душыла волю. Пасьля Новага году зьбілі тройчы за непадпарадкаваньне зьневажальным загадам. Ініцыятарам гэтай „творчасьці“ стаў начальнік СІЗА КДБ Арлоў. Забралі тэлевізар, потым вярнулі, але круцілі перадачы пра містыку, чачэнцаў, жыдамасонскую змову і іншае. Гэта моцна ціснула на псыхіку, але глядзець абавязкова... Прымушалі голым стаяць на падлозе, прысядаць бяз мэты, некаторых клалі проста тварам. Але самае жорсткае — бег з рэчамі і матрацам па калідорах і лесьвіцах...»[1].

19 красавіка 2013 году адбылася прэзэнтацыя кнігі Аліневіча «Еду ў Магадан» на офісе Беларускага народнага фронту ў Менску па вуліцы Чарнышэўскага, д. 3. Ігар Аліневіч напісаў кнігу ў Наваполацкай калёніі, пасьля чаго яе выдалі ў Расеі[6]. За гэтую кнігу Беларускі ПЭН-цэнтар узнагародзіў яго прэміяй імя Францішка Аляхновіча. У ліпені 2014 году па расфармафаньні Наваполацкай калёніі № 10 яго перавялі ў калёнію «Віцьба-3» у Віцебскім раёне[7]. 22 жніўня 2015 году А. Лукашэнка прыняў рашэньне аб памілаваньні і вызваленьні з турмы Ігара Аліневіча разам зь 5-ю іншымі палітычнымі вязьнямі: Яўгенам Васьковічам, Міколам Дзядком, Арцёмам Пракапенкам, Юрыем Рубцовым і Міколам Статкевічам[8]. 18 сакавіка 2016 году Прэс-цэнтар «Хартыі'97» (Варшава, Польшча) узнагародзіў Аліневіча прэміяй за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча[9]. Пасьля вызваленьня 5 гадоў пражываў у Польшчы, пасьля чаго вярнуўся ў Беларусь у 2020 годзе[10].

28 кастрычніка 2020 году быў затрыманы памежнікамі пры перасячэньні беларуска-ўкраінскай мяжы на памежным пераходзе ў Ельскім раёне (Гомельская вобласьць)[11]. Яго затрымалі разам са Зьмітром Дубоўскім, Зьмітром Разановічам і Сяргеем Раманавым. 22 сьнежня 2021 году судзьдзя Вячаслаў Тулейка вырак Аліневіча і Раманава да 20 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў падпале службовых аўтамабіляў каля будынку пракуратуры ў Салігорску (Менская вобласьць) і будынка Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі МУС Беларусі ў Мазыры (Гомельская вобласьць). Гэтыя абвінавачаньні высунулі паводле 3-х артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: 1) акт тэрарызму (2-я частка 289-га артыкула), 2) незаконныя дзеяньня ў дачыненьні выбуховых рэчываў (ч. 2 і 4 арт. 295), 3) незаконнае перамяшчэньне празь мяжу выбуховых прыладаў (пар. 1 арт. 333-1)[12]. Адначасна, паводле першых 2-х артыкулаў КК Беларусі, Разановіча выраклі да 19 гадоў зьняволеньня, а Дубоўскага — да 18 гадоў[13]. Зьміцер Дубоўскі на спатканьні зь сястрой Юліяй «сказаў, што ў Ігара зрэзалі скуру на пятах ... у СІЗА КДБ», пасьля чаго Ігар Аліневіч падтрымаў Дубоўскага ў рашэньні даваць паказаньні, каб спыніць катаваньне іншых затрыманых. Юлія Дубоўская таксама паведаміла пасьля спатканьня са Зьмітром: «майго брата душылі, надзяваючы на галаву пакет, ён неаднаразова страчваў прытомнасьць», а таксама тое, што яму пашкодзілі рукі і рэбры. Сярод іншага, Дубоўскі згадаў: «Сяргей Раманаў падаў заяву ў Вярхоўны суд аб катаваньнях», але «на суд зьявіўся толькі адзін з» тых катаў. Юлія Дубоўская адзначыла: «Са словаў брата, ён (кат) проста тросься там. Сяргей і Дзіма яго пазналі»[14].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Іна Студзінская. Ігар Аліневіч, які ня стаў турэмным хакерам // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 лютага 2012 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  2. ^ Ігар Аліневіч: Я не вінаваты // Радыё «Рацыя», 4 верасьня 2015 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  3. ^ Сексоты ў турме і на волі. Досьвед вязьня Аліневіча і начальніка турмы Алкаева // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 красавіка 2017 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  4. ^ Ягор Носаў. Анархія — маці небясьпечнай смуты // Зьвязда : газэта. — 14 сакавіка 2017. — № 48 (28412). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Палітвязня Аліневіча перавялі з Наваполацкай калёніі // Газэта «Новы час», 28 чэрвеня 2014 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  6. ^ Алена Радкевіч. Ігар Аліневіч. Еду ў Магадан // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 красавіка 2013 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  7. ^ Ігар Аліневіч // Беларуская служба Радыё «Свабода», 24 жніўня 2015 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  8. ^ Прэзыдэнт Беларусі прыняў рашэньне аб памілаваньні адносна шэрагу асобаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 жніўня 2015 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  9. ^ Лідэры свабоднай Беларусі // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 19 сакавіка 2016 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  10. ^ Хто такія Аліневіч, Раманаў, Дубоўскі і Разановіч // Беларуская служба Радыё «Свабода», 22 сьнежня 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  11. ^ На мяжы затрыманы былы палітвязень Ігар Аліневіч, магчыма па крымінальнай справе // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 30 кастрычніка 2020 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  12. ^ Ад 18 да 20 гадоў. Абвешчаныя прысуды па справе анархістаў // Партал «Наша ніва», 22 сьнежня 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  13. ^ Яўген Горын, тэлеканал «Беларусь 1». Сёньня вынесены прысуд групоўцы радыкалаў - тэрарысты атрымалі ад 18 да 20 гадоў калёніі // Белтэлерадыёкампанія, 22 сьнежня 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.
  14. ^ «Душылі пакетам, зрэзалі скуру на пятах». Адзін з асуджаных у «справе анархістаў-партызанаў» расказаў пра катаваньні ў турме // Беларуская служба Радыё «Свабода», 28 сьнежня 2021 г. Праверана 1 студзеня 2022 г.