Алесь Ставер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Ставер
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Алесь Сяргеевіч Ставер
Нарадзіўся 10 жніўня 1929
Маргавіца, цяпер у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласьці
Памёр 23 ліпеня 1995 (65 гадоў)
Менск
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, пісьменьнік, драматург, перакладнік
Жанр лірыка
Мова беларуская
Творы на сайце Knihi.com

Але́сь (Алякса́ндар Сярге́евіч) Ста́вер (10 жніўня 1929, Маргавіца, Бягомельскага раёну Менскай вобласьці БССР — 23 ліпеня 1995, Менск, Беларусь) — беларускі савецкі паэт, празаік, драматург. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (1962).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Маргавіца Бягомельскага раёну Менскай вобласьці (цяпер у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі) ў сялянскай сям’і.

У Другую сусьветную вайну ў часе блякады (1944) страціў бацькоў, быў вывезены нацыстамі ў Нямеччыну. Вярнуўся дамоў у 1945 року.

У 1949 скончыў Барысаўскую пэдагагічную вучэльню. Працаваў старэйшым піянэрважатым і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Бягомальскай сярэдняй школе. У 1954 року скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту імя М. Горкага. Працаваў інспэктарам школаў Лагойскага раёну, літсупрацоўнікам газэты «Калгасная праўда», рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, навуковым супрацоўнікам Інстытуту мастацтваў, этнаграфіі і фальклёру АН Беларускай ССР, загадчыкам літаратурнай сэкцыяй Белдзяржфілярмоніі.

Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1962 року. У 1975—1984 — карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў БССР.

23 ліпеня 1995 Алесь Ставер трагічна загінуў у аўтакатастрофе[1]. Пахаваны ў Менску

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя вершы апублікаваў у барысаўскай раённай газэце «Бальшавіцкая трыбуна» ў 1949 року. 1 ліпеня 1959 пабачыла сьвет першая кніга паэзіі Алеся Ставера «Золак над Бярозай». Кніга адразу ж была заўважаная літаратурнай супольнасьцю. Яна вылучалася пясьнявасьцю і пяшчотаю.

Аўтар паэтычных зборнікаў «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць…» (1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (1979), «Зоры зямныя» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Касьцёр ня гасьне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984).

Многія вершы Алеся Ставера пакладзеныя на музыку і сталі папулярнымі песьнямі: «Колас, ты мой колас», «Вячэрні вальс», «Дзе ты, маё шчасьце?», «Канікулы», «Яркі месяц», «Песьня пра Якуба Коласа», «Журавы на Палесьсе ляцяць», «Песьня пра раку Бярозу», «Дзіянка», «Нікагусенькі няма», «Косіць хлопец канюшыну», «А мне ў шчасьце верыцца», «Юная бярозка», «Беларусачка» і шмат іншых. У 1983 року выдадзеная складанка песьняў «Мой край беларускі».

Пра ўласны лёс у гады вайны Алесь Ставер распавёў у рамане «Пад канвоем», у зборніку аповесьцяў і апавяданьняў «Да сваіх», у кнізе «Лясныя аповесьці».

Вершы Алеся Ставера перакладзеныя на баўгарскую, польскую ды іншыя мовы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Ставер // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 509—510.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 750 с. ISBN 985-11-0293-8.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]