Сімяон Полацкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сімяон Полацкі
Сімяон Полацкі
Сімяон Полацкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 12 сьнежня 1629(1629-12-12)[1]
Полацак
Памёр 25 жніўня 1680(1680-08-25)[2] (50 гадоў)
Масква
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, драматург, перакладнік
Мова расейская мова і беларуская мова[4]

Сімяо́н По́лацкі (у сьвеце Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч; 1629, Полацак — 25 жніўня 1680, Масква) — беларускі[5][6] і расейскі паэт, драматург, перакладнік, пэдагог, філёзаф-асьветнік, царкоўны і грамадзкі дзяяч. Адзін з пачынальнікаў сылябічнай паэзіі і драматургіі ў Маскоўскай дзяржаве (Расеі).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў, як мяркуюць дасьледнікі, з купецкага стану. Сын Гаўрылы, паводле іншых зьвестак — Емяльяна Сітняновіча. Другое прозьвішча — Пятроўскі — атрымаў ад айчыма, заможнага полацкага купца[7]. У архіўных «росьпісах двароў палачанаў» род Пятроўскіх значыцца побач з Скарынамі і Цяпінскімі.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку. Першым ягоным настаўнікам, імаверна, быў вядомы беларускі пэдагог і пісьменьнік Ігнат Іяўлевіч. Навучаўся ў Кіева-Магілянскім калегіюме, дзе каля 1650 атрымаў званьне «дыдаскала» (настаўніка). Працягваў адукацыю ў Віленскай акадэміі (да 1653). 3ь сярэдзіны 1650-х да 1664 году настаўнічаў у брацкай школе Полацкага Богаяўленскага манастыра. У той час захоўваў вернасьць Рэчы Паспалітай. Напрыклад, дасьледнікі адшукалі верш-эпітафію Сімяона Полацкага, у якім ён нэгатыўна выказваецца пра маскоўскія войскі[8].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) вярнуўся ў Полацак, дзе ў 1656 годзе прыняў манаства пад імём Сімяон. Будучы манахам ордэна базылянаў (нават у маскоўскі пэрыяд жыцьця падпісваў кнігі як «Сімяон Пятроўскі Сітняновіч гераманах полацкі ордэна Сьвятога Васіля Вялікага», па-лацінску: Simeonis Piotrowskj Sitnianowicz hieromonachi Polocensis Ordinis Sancti Basilii Magni), прапагандаваў ідэю ўзьяднаньня хрысьціянаў пад духоўнай эгідай Папы Рымскага і пад дзяржаўным патранатам маскоўскага гаспадара[5].

Зладзіў у 1656 і 1660 гадох сустрэчы маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча, дзе прадэманстраваў свае паэтычныя здольнасьці. У гэты час адбыўся канфлікт з пастаўленым з Масквы ў абыход царкоўных законаў япіскапам Калістам, які загадаў кінуць Сімяона ў астрог і закаваць у кайданы. Імаверна, з гэтай прычыны ў 1664 годзе выехаў у Маскву[7]. Неўзабаве атрымаў адказнае даручэньне: стварыць «лацінскую» школу для «царскіх людзей» з Прыказа таемных справаў. У 1667 годзе яго прызначылі выхавальнікам і настаўнікам дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Найбольшай падтрымкай карыстаўся ў гаспадара Фёдара Аляксеевіча (1676—1682). У 1678 годзе заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, першай кнігай якой быў «Букварь языка славенска». З ініцыятывы Сімяона Полацкага ў Маскве адкрылася вышэйшая агульнаадукацыйная навучальная ўстанова — Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Стаяў ля вытокаў першага ў Расеі тэатра, створанага ў 1672 годзе пры двары Аляксея Міхайлавіча.

Прыхільнік асьветнага абсалютызму, Сімяон Полацкі быў у цэнтры дзяржаўных і рэлігійных праблемаў Маскоўскай дзяржавы. Крытыкаваў старавераў, падтрымліваў рэформы патрыярха Нікана. Пазьней выступаў з асуджэньнем Нікана на Вялікім саборы (1666—1667), дзе быў сакратаром-перакладнікам александрыйскага і антыяхійскага патрыярхаў, а таксама мітрапаліта гаскага Паісія Лігарыда.

Выступаў за пашырэньне асьветніцтва сярод шырокіх пластоў насельніцтва, за адкрыцьцё новых школаў, бібліятэк, за далучэньне «цёмных людзей» да сьвецкай і рэлігійнай літаратуры, музыкі, тэатральнага мастацтва. Выказваў думкі пра тое, што чалавека можа выратаваць «прыгажосьць духоўная (душэўная), а не цялесная»[9].

Сваю прыватную бібліятэку завяшчаў Полацкаму Богаяўленскаму, Маскоўскаму Заіконаспаскаму, Кіеўскім Пячэрскаму і Брацкаму манастырам. У Маскве да грамадзянскай і рэлігійнай дзейнасьці Сімяона Полацкага і ягонай творчай спадчыны ставіліся неадназначна. 3 асуджэньнем асобных твораў выступілі вядомыя «грэкафілы» Эпіфані Славінецкі і Яўфімі Чудаўскі. У 1690 годзе Маскоўская царква абвясьціла творам Сімяона Полацкага анафэму і забараніла згадваць іх як ерэтычныя[10].

Творчая спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сімяон Полацкі. Верш у форме зоркі «Віншаваньне цару Аляксею Міхайлавічу з нагоды нараджэньня царэвіча Сімяона».

Апроч роднай беларускай мовы, добра ведаў лацінскую, польскую, царкоўнаславянскую. Пісаў на гэтых мовах вершы, прамовы, навуковыя трактаты. У сваёй творчасьці прытрымліваўся пазыцыі талерантнасьці, ухіляўся ад крытыкі каталіцтва і вуніяцтва, імкнуўся да ўзгадненьня іхных дагматычных разыходжаньняў з праваслаўем[11].

Большасьць твораў Сімяона Полацкага не перавыдавалася, творы на польскай і лацінскай мовах дагэтуль ня маюць перакладаў на беларускую[12].

Полацкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У полацкі пэрыяд творчасьці пісаў на беларускай, польскай і лацінскай мовах, раньнія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэлігійна-сакральнае прызначэньне[5]. Большасьць польскіх і лацінскіх вершаў Сімяона Полацкага належаць да г. зв. школьнай паэзіі: гэта «перакладыроўка» тагачаснай унівэрсытэцкай навукі і маральнай філязофіі ў сыстэму сылябічнай паэтыкі барокавага кірунку.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай прывітаў маскоўскага гаспадара пры ўзяцьці Полацку дэклямацыяй «Мэтры» (пераніцоўкаю выдадзенага раней твора, адрасавага кіеўскаму мітрапаліту[7]), прысьвяціў шэраг віншаваньняў з выпадку ўзяцьця пэўных местаў: «Вершы на шчасьлівы зварот літасьцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаваньне з выпадку ўзяцьця Дорпата», «Віншаваньне з выпадку абраньня на польскае каралеўства» і іншыя. Тады ж напісаў шэраг палітычна-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швэдзкага караля Карла X Густава: «Кароль швэдзкі шукае сваіх афіцэраў…», «Адчай швэдзкага караля…», а таксама іранічнае «Віншаваньне. .. Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псэўдаяпіскапу».

Маскоўскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аснову літаратурнай спадчыны Сімяона Полацкага складаюць 2 вялікія зборнікі, падрыхтаваныя ў канцы 1670-х гадоў, аднак выдадзеныя пасьмяротна: «Вертаград мнагацьветны» і «Рыфмалягіён, ці Вершаслоў» (1678, выйшаў у 1681). Яшчэ пры жыцьці манаха сучасьнікі ацанілі ягоны першы зборнік як энцыкляпэдыю з хрысьціянскай сымболікі, гісторыі, антычнай міталёгіі, тэалёгіі. У другім зборніку панэгірычнай скіраванасьці зьмяшчаюцца драматычныя творы «Камэдыя прытчы пра блуднага сына…» і «Пра Навухаданосара цара…», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля і сяла Праабражэнскае.

Паводле тэоляга-арганізацыйных спрэчак Вялікага сабору напісаў трактат «Жазло праўленьня» (1667). Прапаведніцкую дзейнасьць адлюстраваў у зборніках «Абед душэўны» (1675, выйшаў у 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выйшаў у 1683).

Як перакладнік знаёміў чытача зь вядомымі творамі свайго часу: «Казаньне пра Магамэта», «Тэстамэнт, або Запавет Васіля, цара грэцкага», «Гісторыя пра Варлаама і Ясафа» і іншымі.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сімяон Полацкі. Марка Беларускай пошты, 1995 г.

У 1995 годзе Белпошта выдала марку, прысьвечаную Сімяону Полацкаму. У 2004 годзе ў Полацку паставілі помнік вядомаму манаху (скульптар А. Фінскі).

У 1915 годзе ў Петраградзе выйшла факсымільнае ўзнаўленьне рукапіснай кнігі Сімяона «Орел российский» (апрацоўка Мікалая Сьмірнова). У 1996-2000 гадох у Кёльне апублікавалі 3 тамы тэкстаў рукапісу кнігі «Ветроград многоцветный» (апрацоўка Энтані Хіпсьлі і Лідзеі Сазонавай). У 2013 годзе ў Менску выйшла факсымільнае перавыданьне першай кнігі Сімяона Полацкага — «Посах кіраваньня» (вядома таксама як «Жазло праўленьня») (у суправаджэньні навуковага дасьледаваньня Алеся Сушы і перакладу арыгіналу Алеся Бразгунова).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Simeon Polockij (кат.)Grup Enciclopèdia, 1968.
  2. ^ Державина О. А., Державина О. А. Симеон Полоцкий // Краткая литературная энциклопедия (рас.)Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 6. — С. 841—842.
  3. ^ различные авторы Энциклопедический словарь (рас.) / под ред. И. Е. Андреевский, К. К. Арсеньев, Ф. Ф. ПетрушевскийСПб: Брокгауз — Ефрон, 1907.
  4. ^ http://pridvinie.vlib.by/index.php/polatski-rajon/208-rajony-voblastsi/polatski-rajon/3687-bratskaya-shkola-pry-bogaya-lenskaj-tsarkve-polatski-rajon-g-polatsk
  5. ^ а б в Кароткі Ў. Сімяон Полацкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 567.
  6. ^ Кароткі Ў. Сімяон Полацкі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 300.
  7. ^ а б в Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  8. ^ Марзалюк І. Невядомая спадчына Сімяона Полацкага. — Магілёў: Край, 2001. С. 65—71.
  9. ^ Сімяон Полацкі // Культуралогія. Энцыкл. — Менск, 2003.
  10. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 261.
  11. ^ Сімяон Полацкі // Чалавек і грамадства. Энцыкл. — Менск, 1998.
  12. ^ Кароткі Ў. Сімяон Полацкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 567—568.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]