Вэб-старонка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Скрыншот вэб-старонкі

Вэб-старо́нка — інфармацыйны рэсурс Сеціва, які можа быць адкрыты пры дапамозе вэб-браўзэра. Гэтая рэсурс звычайна мае фармат HTML або XHTML і можа прадастаўляць навігацыю да іншых старонак пасродкам гіпэртэкставых спасылка.

Вэб-старонка, апроч тэксту, таксама можа ўтрымліваць статычныя і дынамічныя выявы, гукавыя альбо відэа-файлы, аплеты, скрыпты (JavaScript, VBScript), якія дазваляюць рабіць зьмест старонкі дынамічным.

Вэб-старонкі могуць захоўвацца на лякальным кампутары альбо на аддаленым вэб-сэрвэры. Вэб-старонкі запытваюцца і перадаюцца пасродкам пратаколу HTTP.

Вэб-старонкі могуць складацца з статычных тэкставых файлаў, якія захоўваюцца на вэб-сэрвэры, а могуць дынамічна генэравацца вэб-сэрвэрам, калі прыйшоў запыт браўзэра.

Колеры і выявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вэб-старонкі звычайна ўтрымліваюць інструкцыі, згодна зь якімі вызначаюцца колеры тэксту і фону, разьмяшчэньня і спасылак на малюнкі ці іншыя мэдыя-фарматы. Разьмяшчэньне і колеры звычайна ўтрымліваюцца ў інструкцыях каскадных табліц стыляў (CSS), якія могуць быць альбо ўбудаванымі ў старонку, альбо захоўвацца ў асобным файле, да якога зьвяртаецца старонка па спасылцы ў сваім HTML-кодзе. Апошняе ў значнай ступені актуальна для вялікіх табліц стыляў, якія зьяўляюцца агульнымі для ўсяго вэб-сайту: дзякуючы асаблівасьцям работы пратаколу HTTP браўзэр загружае табліцу стыляў толькі аднойчы і пасьля выкарыстоўвае кэшаваную копію.

Выявы ў абсалютнай большасьці выпадкаў захоўваюцца на вэб-сэрвэры як асобныя файлы.

Элемэнты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вэб-старонка можа ўтрымліваць вялікую колькасьць відаў інфармацыі, якую можна праглядзець, праслухаць альбо якая можа ўзаемадзейнічаць з канчатковым карыстальнікам:

Успрымальная (бачная) інфармацыя:
  • Тэкставая інфармацыя: з разнастайнымі спосабамі прамалёўкі.
  • Нятэкставая інфармацыя:
  • Інтэрактыўная інфармацыя: больш складаная, далучаная да інтэрфэйсу інфармацыя.
    • Узаемадзеяньне «на старонцы»:
      • Інтэрактыўны тэкст: фармат DHTML.
      • Інтэрактыўная ілюстрацыі: пачынаючы ад выявы «націсьні, каб прайгаць» да гульняў, звычайна з выкарыстаньнем скрыптоў, Flash, Java-аплетаў, SVG або Shockwave.
      • Кнопкі: для формаў, якія прадастаўляюць альтэрнатыўны інтэрфэйс, звычайна з выкарыстаньнем скрыптоў і DHTML.
    • Міжстаронкавае ўзаемадзеяньне:
      • Гіпэрспасылкі: стандартныя «перайсьці да іншай старонкі».
      • Формы: прадастаўляючы большую ступень узаемадзеяньня з сэрвэрам і сэрвэрнымі базамі дадзеных.
Унутраная (схаваная) інфармацыя:
  • Камэнтары
  • Мэтазьвесткі з сэмантычнай мэта-інфармацыяй, зьвесткамі пра кадаваньне, аб’яўленьнем тыпу дакумэнта (DTD) і інш.
  • Зьвесткі пра стылі: інфармацыя пра выяўленьне аб’ектаў (напрыклад, атрыбуты памеру малюнкаў) і візуальныя вызначэньні, такія як каскадныя табліцы стыляў.
  • Скрыпты, звычайна напісаныя на мове JavaScript, якія дадаюць на старонку функцыянальнасьць і інтэрактыўнасьць.
Заўвага: на баку сэрвэра вэб-старонка таксама можа мець інфармацыю пра апрацоўку аб’ектаў.

Вэб-старонка таксама можа ўтрымліваць дынамічна згенэраваныя інфармацыйныя элемэнты, якія залежаць, напрыклад, ад браўзэра або месцазнаходжаньня карыстальніка, выкарыстоўваючы мэханізм адсочваньня IP-адрасу і/або інфармацыю з маркёрамі (біркамі).

З больш агульнага пункту погляду, практычна ўсе старонкі маюць агульныя рысы па аб’яднаньні зьвестак ў пэўныя інфармацыйныя блёкі: загаловак, навігацыя, зьмест і іншыя.