Вясёлка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Яскравая вясёлка ў небе

Вясёлка — аптычная й мэтэаралягічная зьява, якая звычайна ўзьнікае пры заломе, адсьвеце, дыфракцыі сьвятла ў вадзяных кроплях. Вясёлка ўяўляе сабой вялікую дугу, якая бачная на фоне дажджавога воблака ў выпадку, калі Сонца знаходзіцца невысока над паземам з супрацьлеглага боку неба.

Вясёлка выглядае як стужка, якая зьмяшчае ўсе колеры спэктра (калі глядзець звонку ўнутар дугі, то добра вызначаюцца наступныя колеры: чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялкавы (фіялетавы)).

Дзеля вызначэньня асноўных колераў вясёлкі таксама можна карыстацца наступнымі сказамі, дзе першыя літары кожнага слова зьяўляюцца першымі літарамі колеру:

  • Чакаю апэтытных жабак зь беларускіх сажалак. Француз
  • Чалавек памяркоўны (абачлівы)[a] жонку заўсёды сабе бярэ файную
  • Чамадан адкрыў жабрак: зьнік, бадай, старэнькі фрак
  • Чаму птах журботны зранку? бо сапсута філіжанка
  • Чараўнік аднойчы жартаваў — зьмеяў бляскам сонца фарбаваў
  • Чароўны аловак жураўлік знайшоў — балотца стала файным
  • Чорцік аднойчы жалейку знайшоў, бадзёра сабраўся фукаць
  • Чыж аддаў жуку загад: брат, схавай фотаапарат
  • Чэскі пан жадае зноў бачыць сорак фазаноў
  • Чакай атакі жаўнера, заўсёды будзь сьмелым, фазан

Вясёлка мае радыюс 42°. Акрамя таго, звонку асноўнай вясёлкі можна назіраць другасную з адваротным чаргаваньнем колераў з радыюсам каля 53°.

Асаблівасьць гэнай аптычнай зьявы — чым вышэй знаходзіцца назіральнік, тым больш вясёлка паходзіць на поўную акружыну (часам з высокіх гор, а таксама з самалёта можна пабачыць вясёлку ў выглядзе поўнай акружыны). Іншы раз назіраюцца дадатковыя дугі, якія разьмешчаны ўнутры асноўнай дугі, афарбаваныя ў розныя колеры.

Агульны цэнтар усіх дуг у вясёлках ляжыць на лініі, якая праходзіць праз сонца і вока назіральніка.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Тут і далей словы на літару П азначаюць памеранцовы колер

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вясёлкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў