Кайнэ (грэцкая мова)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кайнэ
Рэгіён Усход Рымскай імпэрыі
Клясыфікацыя Індаэўрапейскія мовы
Афіцыйны статус
Коды мовы

Кайнэ́ (ад κοινή — па-беларуску: «агульны», таксама вядомая як александры́йскі дыяле́кт, агу́льная аты́чная альбо эліністы́чная грэ́цкая) — былая агульная надрэгіянальная форма грэцкае мовы, якая выкарыстоўвалася ў вусным ды пісьмовым ужытку падчас эліністычнай эры і эпохі Рымскага панаваньня.

Узьнікла ў выніку распаўсюджваньня грэцкае мовы пасьля заваёваў Аляксандра Македонскага ў IV ст. да н.э. і служыла ў якасьці агульнага лінгва франка ў большай частцы рэгіёну Міжземнамор’я ды Блізкага Ўсходу цягам наступных стагодзьдзяў. Перадусім засноўвалася на атычнай і блізкай да яе іянічнай маўленчых формах, а таксама з даданьнем рысаў іншых дыялектаў, з прычыны чаго адбылося своеасаблівае згладжваньне дыялектных рысаў у параўнаньні зь іншымі дыялектамі[1].

Грэцкае кайнэ было прадстаўленае шматлікімі формамі, пачынаючы ад больш кансэрватыўных літаратурных формаў да мясцовых гутарковых народных варыяцыяў[2].

Як асноўная мова Бізантыйскай імпэрыі кайнэ далей разьвілася ў сярэднявечную грэцкую, якая сталася галоўным продкам навагрэцкая мовы[3], мяжа паміж якімі адзначаецца ў прыкладна 600 гадоў.

Літаратурная мова кайнэ прысутнічала ў большай частцы постклясычнай грэцкай літаратуры й навуцы, напрыклад, працах Плютарха ды Палібія[1]. Грэцкае кайнэ таксама зьяўлялася моваю, на якой былі напісаныя Новы Запавет, а таксама Сэптуагінта (грэцкі пераклад Габрэйскае Бібліі, 3 ст. да н.э.) і самыя раньнія тэалягічныя дакумэнты Айцоў Царквы. У гэтым кантэксьце грэцкае кайнэ вядомае таксама як «Біблейскае», «Новазапаветнае» або «патрыстычная грэцкая»[4].

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слова кайнэ (па-старажытнагрэцку: κοινή) у перакладзе з грэцкай азначае панятак «агульны» і ў гэтым значэньні мае на ўвазе тэрмін «агульны дыялект» (па-старажытнагрэцку: κοινὴ διάλεκτος). Старажытнагрэцкае вымаўленьне слова рэалізоўвалася як [koiˈneː], паводле навагрэцкае мовы — як [ciˈni].

Тэрмін ужываўся ў розных сэнсах рознымі старажытнымі навуковымі школамі. Напрыклад, навуковая школа Апалёнія Дыскола ды Элія Герадыяна пад тэрмінам кайнэ мела на ўвазе протагрэцкую мову, у той час як іншыя выкарыстоўвалі яго для пазначэньня любое народнае формы грэцкага маўленьня, якія так ці інакш адрозьніваліся ад літаратурнае мовы[5].

Аднак калі грэцкае кайнэ сталася ў І ст. да н.э. моваю літаратуры, некаторыя людзі сталі адрозьніваць у кайнэ дзьве формы: пісьмовую грэцкую як літаратурную клясычную[a] і простамоўную паўсядзённую формы[5]. Іншыя пад тэрмінам кайнэ сталі разумець александрыйскі дыялект (па-старажытнагрэцку: περὶ τῆς Ἀλεξανδρέων διαλέκτου), дыялект Александрыі альбо нават тагачасны ўнівэрсальны дыялект. Раней таксама часта зьяўлялася мовай ужытку сярод сучасных клясыцыстаў.

Паходжаньне і гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грэцкае кайнэ ўзьнікла ў асяродзьдзі арміі Аляксандра Македонскага[5]. У пэрыяд панаваньня Македоніі зноўку ўзьніклы агульны дыялект стаў распаўсюджаным на тэрыторыі ад Эгіпту да Мэзапатаміі[5]. Нягледзячы на тое, што элемэнты грэцкага кайнэ аформіліся ў пэрыяд Клясычнай Эры, пачатак грэцкага пасьляклясычнага пэрыяду вызначаецца са сьмерцю Аляксандра Македонскага ў 323 року да н.э., калі культуры, што знаходзіліся пад эліністычным уплывам, сталі ў сваю чаргу аказваць уплыў на мову.

Наступны гістарычны пэрыяд пачынаецца з узьнікненьнем сярэднявечнае грэцкае мовы і звычайна датуецца ад часу заснаваньня Канстантынопалю Канстантынам І у 330 годзе. Такім чынам, можна казаць пра ўзьнікненьне ды разьвіцьцё грэцкага пасьляклясычнага пэрыяду на працягу ўсёй эліністычнай ды рымскай эпох ажно да пачатку Сярэднявечча[5].

Моўныя карані агульнага грэцкага дыялекту заставаліся незразумелымі з самых антычных часоў. Падчас эліністычнай эпохі меркавалі, што кайнэ ёсьць вынікам зьмяшэньня чатырох галоўных дыялектаў старажытнагрэцкае мовы (па-старажытнагрэцку: ἡ ἐκ τῶν τεττάρων συνεστῶσα — «аб'яднаньне чатырох»). Гэтую кропку зору ў пачатку ХХ стагодзьдзя падтрымаў нямецкі лінгвіст Паўль Крэчмэр у сваёй працы „Die Entstehung der Koine” (1901 год), у той час як Ульрых Вілямовіц ды Антуан Мэе, абапіраючыся на істотныя іянічныя элемэнты ў кайнэ (напрыклад σσ замест ττ, ρσ замест ρρ (θάλασσα — θάλαττα, ἀρσενικός — ἀρρενικός)) лічылі, што кайнэ зьяўляецца спрошчанай формай іянічных дыялектаў[5]. Канчатковую кропку зору, якая за сёньняшнім часам зьяўляецца акадэмічна прынятай, падаў грэцкі лінгвіст Георгіёс Хатцыдакіс. Ён давёў, што, нягледзячы на тэзы пра «аб’яднаньне чатырох» і «ўстойлівае ядро», грэцкае кайнэ мае атычнае паходжаньне. Іншымі словамі, паходжаньне кайнэ можна разглядаць як атычнае з дадаткам вызначаных іянічных элемэнтаў (аднак пры гэтым дадатковыя элемэнты паходзяць ня толькі з іянічных, а яшчэ й зь іншых дыялектаў). Ступень прысутнасьці неатычных моўных элемэнтаў у кайнэ можа адрозьнівацца ў залежнасьці ад рэгіёну эліністычнага сьвету[5]. Напрыклад, варыянты кайнэ, на якіх размаўлялі ў іянічных калёніях Малой Азіі (напрыклад, Понт), зазнавалі на сабе большую ступень іянічнага ўплыву ніж, напрыклад, варыянты кайнэ, на якіх размаўлялі ў Ляконіі і Кіпры і якія зазнавалі на сабе дарыйскі ды аркада-кіпрскі ўплывы адпаведна.

Літаратурнае кайнэ эліністычнай эпохі мае падабенства з атычным дыялектам у такой ступені, што з гэтае прычыны яго [кайнэ] часта ўзгадваюць як агульную атычную[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першымі навукоўцамі, якія вывучалі кайнэ (як у александрыйскі, так і ў найноўшы час), былі клясыцысты, якія вывучалі літаратурны атычны дыялект клясычнага пэрыяду, і, разам з гэтым, адмоўна ставіліся да іншых варыяцыяў грэцкае мовы. З гэтае прычыны, кайнэ на працягу істотнага часу лічылася ня вартай увагі сапсаванаю формаю грэцкае мовы[5]. Перагляд гістарычнае ды лінгвістычнае значнасьці кайнэ распачаўся толькі напачатку ХІХ стагодзьдзя, калі была праведзеная сэрыя дасьледаваньняў на тэму эвалюцыі кайнэ на працягу ўсяго эліністычнага й рымскага пэрыядаў.

Крыніцы, выкарыстаныя ў гэтых дасьледаваньнях над кайнэ, шматлікія і нераўназначныя паводле якасьці. Найзначнейшымі зь іх ёсьць надпісы постклясычнага пэрыяду і папірусы — два віды тэкстаў з аўтэнтычным зьместам, што могуць разглядацца як першакрыніцы[5]. Іншымі важнымі крыніцамі зьяўляюцца Сэптуагінта, грэцкі пераклад Старога Запавету Бібліі, а таксама Новы Запавет. Інфармацыя датычна кайнэ таксама можа быць атрыманай з твораў вызначаных атыцыстаў эліністычнага ды рымскага пэрыядаў, якія, не прымаючы эвалюцыю мовы, публікавалі працы, згодна зь якімі правільныя, на іх думку, фрагмэнты на атычным дыялекце параўноваліся, на іхнюю ж думку, зь няправільнымі фрагмэнтамі на кайнэ. Напрыклад, Фрыніх Арабій у ІІ ст. н.э. пісаў:

  • Βασίλισσα οὐδείς τῶν Ἀρχαίων εἶπεν, ἀλλὰ βασίλεια ἢ βασιλίς.
    • «Basílissa (па-беларуску: царыца) ніхто са старажытных не казаў, а basíleia ці basilís».
  • Διωρία ἐσχάτως ἀδόκιμον, ἀντ' αυτοῦ δὲ προθεσμίαν ἐρεῖς.
    • «Dioría (прызначаны тэрмін, час) абсалютна не літаратурна, замест гэтага варта казаць prothesmía».
  • Πάντοτε μὴ λέγε, ἀλλὰ ἑκάστοτε καὶ διὰ παντός.

Іншыя крыніцы могуць засноўвацца на выпадковых знаходках, як напрыклад надпісы на вазах, напісаныя вядомымі мастакамі, памылкі, зробленыя атыцыстамі празь неідэальнае валоданьне літаратурнай атычнай формай, а таксама грэка-лацінскія слоўнікі, што здолелі захавацца з рымскага пэрыяду[6], прыкладам:

Урэшце, вельмі важнай крыніцай інфармацыі пра антычнае кайнэ зьяўляюцца сучасная грэцкая мова, яе дыялекты і свая ўласная форма кайнэ, якія захавалі шэраг вусных рысаў старажытнае мовы, аднак страчаныя ў пісьмовай традыцыі. Напрыклад, пантыйскі ды кападакійскі дыялекты захавалі вымаўленьне η як ε (νύφε, συνέλικος, τίμεσον, πεγάδι і г.д.), разам з гэтым у цаконскім дыялекце захавалася вымаўленьне падоўжанага α замест η (ἁμέρα, ἀστραπά, λίμνα, χοά і г.д.) і іншыя мясцовыя рысы дарыйскага грэцкага дыялекту[5]. Дыялекты, носьбіты якіх жылі на поўдні грэцкамоўных рэгіёнаў (Дадэканэс, Кіпр) захавалі вымаўленьне двайной зычнай (ἄλ-λος, Ἑλ-λάδα, θάλασ-σα), тады як у іншых дыялектах назіраецца вымаўленьне υ як ου альбо захаваньне ў вымаўленьні антычных двайных формаў (κρόμμυον — κρεμ-μυον, ράξ — ρώξ і г.д.). Моўныя зьявы, падобныя на пералічаныя вышэй, выжылі ў кайнэ, якая ў сваю чаргу мела вялікую колькасьць варыяцыяў па ўсёй грэцкамоўнай прасторы[5].

Варыяцыі кайнэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біблейскае кайнэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біблейскае кайнэ паходзіць ад віду грэцкага кайнэ, выкарыстанага ў Грэцкай Бібліі і іншых блізкіх да яе тэкстах. Ягонымі асноўнымі крыніцамі зьяўляюцца:

  • Сэптуагінта. Грэцкі пераклад Габрэйскае Бібліі і тэкстаў, ня ўключаных у яе. Датуецца ІІІ ст. да н.э.
  • Грэцкі Новы Запавет. У арыгінале складзены на грэцкай мове.

Грэцкая мова Сэптуагінты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуюць вызначаныя дыскусіі датычна таго, у якой ступені біблейская грэцкая супадала з тагачаснымі нормамі размоўнага кайнэ, і ў якой ступені біблейская грэцкая зьмяшчала спэцыфічныя рысы сэміцкага субстрату. Імаверна, яны былі выкліканыя практыкай перакладу непасрэдна з габрэйска- ці арамэскаймоўных арыгіналаў, альбо рэгіянальнымі формамі грэцкага маўленьня, што былі распаўсюджаныя сярод арамэйскамоўных габрэяў. Некаторымі рысамі, што абмяркоўваліся ў гэтым кантэксьце, зьяўляюцца, напрыклад, нарматыўная адсутнасьць у Сэптуагінце часьціцаў μέν ды δέ, выкарыстоўваньне слова ἐγένετο і г.д. Некаторыя рысы біблейскага варыянту грэцкае мовы, якія, меркавана, зьяўляюцца першапачаткова ненарматыўнымі, урэшце рэшт увайшлі ва ўжытак грэцкае мовы.

Грэцкая мова Новага Запавету[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грэцкая мова Новага Запавету мае менш выражаны характар сэміцкага ўплыву ў адрозьненьне ад мовы Сэптуагінты. У прыватнасьці, гэта зьвязана з тым, што старажытнагабрэйская і біблейская арамэйская мовы не зьяўляліся першачарговымі крыніцамі для перакладу тагачаснага Новага Запавету[7].

Грэцкая мова Сьвятых Айцоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрмін грэцкая мова Сьвятых Айцоў часам выкарыстоўваўся для пазначэньня варыянту грэцкае мовы, што выкарыстоўваўся ў пісьмовасьці грэцкіх Айцоў Царквы — раньнехрысьціянскіх багасловаў позьняй антычнасьці. Раньнія хрысьціянскія аўтары аддавалі перавагу ўжываньню простага стылю кайнэ, які быў адносна блізкім да тагачаснага размоўнага маўленьня, прытрымліваючыся такім чынам прыкладу маўленьня Бібліі. Па IV ст., калі хрысьціянства стала афіцыйнаю рэлігіяй Рымскай імпэрыі, ва ўжытак патрапілі і больш пісьменныя формы кайнэ[8].

Адрозьненьні між атычным дыялектам і грэцкім кайнэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дасьледаваньне ўсіх крыніцаў, якія храналягічна адносяцца да пэрыяду ўжываньня кайнэ, паказвае вызначаны пляст моўных зьменаў у гутарковым маўленьні. Прыкладам:

Фаналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу пэрыяду існаваньня грэцкага кайнэ ў значнай ступені адбыліся вызначаныя фаналягічныя зьмяненьні. Так, напрыклад, напачатку існаваньня кайнэ ейная фанэтыка была практычна ідэнтычнай старажытнагрэцкай, тады як напрыканцы свайго існаваньня фанэтыка кайнэ наблізілася да фанэтыкі ў сучаснай грэцкай мове.

Сярод гэтых зьменаў перадусім адзначаюцца страта адрозьненьня даўжыні галосных, замена сыстэмы танальнага націску сыстэмаю сілавога, манафтангізацыя некаторых дыфтонгаў:

  • Старажытнае адрозьненьне паміж доўгімі ды кароткімі галоснымі паступова страцілася, і з ІІ ст. да н.э. усе галосныя гукі набылі аднолькавую даўжыню[5].
  • З ІІ ст. да н.э. сыстэма націску ў словах зьмянілася з тонавага на сілавы, то бок музычны націск у складзе замяніўся на гучнейшы і/або мацнейшы[5].
  • Асьпірацыя (прыдыханьне), якое ўжо на той момант было страчанае ў іянічнай малаазіяцкай ды эанійскай лесбаскай маўленчых формах, перастала вымаўляцца і ўказвацца ў тэкстах шырокага ўжытку[5].
  • Зьнікненьне ў вымаўленьні і пісьмовасьці гуку ι ў дыфтонгах з пачатковымі доўгімі галоснымі (ᾱͅ, ῃ, ῳ)[5].
  • Трансфармацыя дыфтонгаў αι, ει, οι ў звычайныя адзіночныя галосныя. Такім жа чынам, αι, якое з ІV стагодзьдзя да н.э. у бэатыйскім маўленьні ператварылася ў падоўжанае ε, і якое запісвалася як η, у кайнэ сталася падоўжаным ε, а пасьля — кароткім. У V ст. да н.э. у такіх рэгіёнах, як Аргас, дыфтонг ει аб’яднаўся з ι (у Карынце — нават у IV ст. да н.э.), потым гэтае вымаўленьне перайшло і ў кайнэ. Дыфтонг οι набыў вымаўленьне накшталт францускага u [y], яно пратрымалася да Х ст. н.э. Дыфтонг υι стаў рэалізоўвацца як [yj] і пакінуў сваё дыфтонгавае вымаўленьне. Дыфтонг ου з VI ст. да н.э. стаў рэалізоўвацца па ўзоры лацінскага вымаўленьня u, гэтае вымаўленьне захавалася і за сёньняшнім часам[5].
  • Дыфтонгі αυ ды ευ сталі рэалізоўвацца як [av] і [ev] (паводле грэцкага напісаньня — [aβ], [eβ]), пры гэтым выпрабаваўшы частковую асыміляцыю (прыпадабненьне) ў [af] і [ef] перад глухімі зычнымі (θ, κ, ξ, π, σ, τ, φ, χ, ψ)[5].
  • Простыя галосныя захавалі сваё старажытнае вымаўленьне, акрамя η, якое стала рэалізоўвацца як ι, і υ, якое здолела захаваць сваё вымаўленьне як [y] толькі да Х ст. н.э. і пазьней стала вымаўляцца таксама як ι. Рэалізацыя гэтых дзьвюх літараў як аднога гуку стала прычынаю блытаніны ў пісьме між υ ды οι, у гэты ж час пачалося пашырэньне ўжываньня гуку ι, што вядома як іятацызм[5].
  • Зычныя таксама ў дастатковай меры захавалі сваё старажытнае вымаўленьне, за выняткам β, γ, δ, φ, θ, χ ды ζ. Β, Γ, Δ. Першапачаткова яны мелі вымаўленьне b, g, d, аднак потым сталі рэалізоўвацца як v, gh, dh, ɣ, ð, што захоўваецца і сёньня, апроч выпадкаў, калі яны стаяць за насавымі галоснымі: у гэтым выпадку яны захоўваюць сваё старажытнае вымаўленьне. Апошнія тры, то бок Φ, Θ, Χ, якія першапачаткова зьяўляліся прыдыхальнымі зычнымі (вымаўленьне як /pʰ/, /tʰ/, /kʰ/ адпаведна), перайшлі ў фрыкатыўнае [f]. Урэшце, літара Ζ, вымаўленьне якой яшчэ клясыфікуецца як падвойная зычная разам з ξ ды ψ і якая першапачаткова вымаўлялася як /sd/, стала рэалізоўвацца як уласна /z/ (як у сучаснай навагрэцкай мове)[5].

Фанэтыка грэцкага Новага Запавету[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кайнэ, пададзенае ў табліцы ніжэй, зьяўляецца рэканструкцыяй кайнэ паводле Новага Запавету, якое ў некаторай ступені паходзіць ад дыялектаў, што ў І ст. н.э. былі распаўсюджаныя ў Юдэі і Галілеі і якія былі падобныя на дыялекты Александрыі. Варта заўважыць, што рэалізацыя пэўных фанэмаў адрозьніваецца ад стандарту атычнага дыялекту кайнэ. Напрыклад, мяккае фрыкатыўнае β у інтэрвакальнай пазыцыі, захаваньне прыдыхальных выбухных ph, th, kh, захаваньне адрозьненьня паміж i, ē, e, y (якая яшчэ заставалася агубленай, гл. разьдзел «Фаналёгія») і г.д.

Літара Грэцкая Трансьлітарацыя Запіс у МФА
Альфа α a a
Бэта β (-β-) b b (-β-)
Гама γ g ɣ
Дэльта δ d d
Эпсылён ε e ɛ
Дзэта ζ z
Эта η ē e
Тэта θ th
Ёта ι i i
Капа κ k k
Лямбда λ l l
Мі μ m m
Ні ν n n
Ксі ξ x ks
Амікрон ο o o
Пі π p p
Ро ρ r ɾ
Сыгма σ (-σ-/-σσ-) s (-s-/-ss-) s (-z-/-sː-)
Таў τ t t
Іпсылян υ y y
Фі φ ph
Хі χ ch
Псі ψ ps ps
Амэга ω ō o
. αι ai ɛ
. ει ei i
. οι oi y
. υι yi yj
. αυ au aw
. ευ eu ɛw
. ηυ ēu ew
. ου ou u

Прыклады тэкстаў на кайнэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжэйпрыведзеныя прыклады тэкстаў паказваюць адрозьненьні ад атычнае грэцкае па ўсіх аспэктах: граматыцы, марфалгёіі, лексыцы, а таксама адлюстроўваць шэраг зьменаў у сфэры фанэтыкі.

Тэксты паказваюць разьвіцьцё фаналёгіі ў пэрыяд існаваньня кайнэ. Фанэтычная транскрыпцыя зьяўляецца экспэрымэнтальнай ды ілюструе два рэканструяваныя этапы: ранейшы кансэрватыўны від, досыць блізкі да атычнай грэцкай, і пазьнейшы, які па некаторых характарыстыках набліжаецца да навагрэцкай.

Рымскі ўказ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вытрымкі з указу рымскага сэнату месту Тысба (рэгіён Бэотыя), які датуецца 170 рокам да н.э. Вымаўленьне тэксту зьяўляецца рэканструяваным і паказвае гіпатэтычны кансэрватыўны від матэрыковага грэцкага кайнэ напачатку эліністычнай эры[9]. Транскрыпцыя ілюструе частковы (аднак ня скончаны) ўздым η, ει > /i/; захаваньне танальнага націску; фрыкатывізацыю γ > /j/ (аднак яна пры гэтым адсутнічае ў іншых выбухных зычных) і захаваньне ў пачатку густога прыдыхальнага /h/.


« περὶ ὧν Θισ[β]εῖς λόγους ἐποιήσαντο· περὶ τῶν καθ᾿αὑ[τ]οὺς πραγμάτων, οἵτινες ἐν τῇ φιλίᾳ τῇ ἡμετέρᾳ ἐνέμειναν, ὅπως αὐτοῖς δοθῶσιν [ο]ἷς τὰ καθ᾿ αὑτοὺς πράγματα ἐξηγήσωνται, περὶ τούτου τοῦ πράγματος οὕτως ἔδοξεν· ὅπως Κόιντος Μαίνιος στρατηγὸς τῶν ἐκ τῆς συνκλήτου [π]έντε ἀποτάξῃ οἳ ἂν αὐτῷ ἐκ τῶν δημοσίων πρα[γμ]άτων καὶ τῆς ἰδίας πίστεως φαίνωνται.
ˈperì hôːn tʰizbîːs lóɡuːs epojéːsanto; perì tôːn katʰ hautùːs praɡmátoːn, hoítines en tîː pʰilíaːi tîː heːmetéraːi enémiːnan, hópoːs autoîs dotʰôːsin hoîs tà katʰ hautùːs práɡmata ekseːɡéːsoːntai, perì túːtuː tûː práɡmatos húːtoːs édoksen; hópoːs ˈkʷintos ˈmainios strateːɡòs tôːn ek têːs syŋkléːtuː pénte apotáksiː, hoì àn autôːi ek tôːn deːmosíoːn praɡmátoːn kaì têːs idíaːs písteoːs pʰaínoːntai
Датычна справаў, па якіх жыхары Тысбы зрабілі запыт. Датычна іхнага пытаньня наконт іх, жыхароў Тысбы, прапановы па атрыманьні права весьці справы тым, хто застаецца верным нашай дружбе, было прынятае наступнае рашэньне: наш кіраўнік Квінт Мэній мусіць дэлегаваць пяць чальцоў сэнату, якіх ён лічыць годнымі ў пытаньні іх грамадзкае дзейнасьці ды ўласнае добрасумленнасьці.
»

Грэцкі Новы Запавет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Урывак, паказаны ніжэй, прадстаўляе зь сябе рэканструяванае вымаўленьне пачатку Эвангельля паводле Яна. На ім можна праілюстраваць больш новую, распаўсюджаную ў часе раньнехрысьціянскай эры, варыяцыю кайнэ, якая паказвае набліжэньне вымаўленьня галосных да таго, якое існуе ў навагрэцкай мове[10].


« Ἐν ἀρχῇ ἦν ὁ λόγος, καὶ ὁ λόγος ἦν πρὸς τὸν θεόν, καὶ θεὸς ἦν ὁ λόγος. οὗτος ἦν ἐν ἀρχῇ πρὸς τὸν θεόν. πάντα δι᾽ αὐτοῦ ἐγένετο, καὶ χωρὶς αὐτοῦ ἐγένετο οὐδὲ ἕν. ὃ γέγονεν. ἐν αὐτῷ ζωὴ ἦν, καὶ ἡ ζωὴ ἦν τὸ φῶς τῶν ἀνθρώπων. καὶ τὸ φῶς ἐν τῇ σκοτίᾳ φαίνει, καὶ ἡ σκοτία αὐτὸ οὐ κατέλαβεν.
ˈen arˈkʰi in o ˈloɣos, ke o ˈloɣos im bros to(n) tʰeˈo(n), ke tʰeˈos in o ˈloɣos. ˈutos in en arˈkʰi pros to(n) tʰeˈo(n). ˈpanda di aɸˈtu eˈjeneto, ke kʰoˈris aɸˈtu eˈjeneto ude ˈen o ˈjeɣonen. en aɸˈto zoˈi in, ke i zoˈi in to pʰos ton anˈtʰropon; ke to pʰos en di skoˈtia ˈpʰeni, ke i skoˈti(a) a(ɸ)ˈto u kaˈtelaβen
У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было ў пачатку ў Бога. Усё празь Яго пачала быць, і безь Яго нічога не пачала быць, што пачала быць. У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом чалавечым. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не ахапіла яго.
»

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ня варта блытаць з атыкізмам.
  2. ^ Між тым, у лацінскай частцы памылкова ўжыты варыянт перакладу «з мною», тады як слушны пераклад — «з намі».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Bubenik, V. The rise of Koiné // A history of Ancient Greek: from the beginnings to late antiquity / A. F. Christidis. — Cambridge: University Press, 2007. — С. 342-345.
  2. ^ Horrocks, Geoffrey 4-6 // Greek: a history of the language and its speakers. — London: Longman, 1997.
  3. ^ Horrocks, Geoffrey C. Greek: a history of the language and its speakers. — 2. — London: Longman, 2010. — С. xiii. — ISBN 978-1-4051-3415-6
  4. ^ A history of ancient Greek by Maria Chritē, Maria Arapopoulou, Centre for the Greek Language (Thessalonikē, Greece) pg 436 ISBN 0-521-83307-8
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Andriotis, Nikolaos P. History of the Greek Language.
  6. ^ Augsburg.
  7. ^ Frederick Cornwallis Conybeare (1856-1924) Grammar of Septuagint Greek
  8. ^ Horrocks (1997: ch.5.11.)
  9. ^ G. Horrocks (1997), Greek: A history of the language and its speakers, p. 87), cf. also pp. 105-109.
  10. ^ Horrocks (1997: 94).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]