Субстрат (мовазнаўства)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Субстрат (ад лац. sub — «пад» і stratum — «шар», то бок «ніжні шар») у мовазнаўстве — мова, якая ўплывае на іншую мову, што выцясьняе яе з ужытку. Зьяўляецца адным з трох відаў моўных кантактаў; іншымі словамі, пад моўным субстратам варта разумець «сукупнасьць фактаў і зьяваў усіх моўных узроўняў у распаўсюджанай на пэўнай тэрыторыі мовы, паходжаньне якой зьвязанае зь зьніклай мовай, якая раней існавала на гэтай тэрторыі»[1].

Апісаньне зьявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Няхай мова «А» займае пэўную тэрыторыю. На той жа тэрыторыі зьяўляецца мова «Б», прынесеная, напрыклад, вонкавай міграцыяй насельніцтва. Мовы кантактуюць і пачынаюць узаемадзейнічаць. Мова «Б» паступова выцясьняе з ужытку мову «А»: носьбіты мовы «А» перастаюць яе ўжываць і пераймаюць мову «Б», як звычай праз тое, што уяўляюць мову «Б» больш прыдатнай і карыснай для іх уласных зацікаўленьняў (напрыклад, эканамічных, палітычных, культурных або сацыяльных). Пры гэтым у сваю чаргу мова «А» уплывае на мову «Б», таму што носьбіты мовы «А» сьвядома або падсьвядома захоўваюць пэўныя рысы сваёй мовы (вымаўленьне, пэўныя асаблівасьці марфалёгіі і сынтаксісу), выкарыстоўваючы іншую мову. Найменей за ўсё такі ўплыў адчуваецца ў слоўніку — пры запазачыньні іншай мовы, у першую чаргу вывучаюцца яе словы. Аднак рэшткі лексыкі зьніклай мовы могуць захавацца сярод назваў зьяваў або рэчаў, якія не былі вядомыя носьбітам іншай мовы, што прыйшлі на тэрыторыю мовы «А», і для якіх ня мелі сваіх словаў, а таксама сярод геаграфічных назваў, назваў пэўных жывёлаў або расьлінаў, якія не былі вядомыя чужынцам.

Такі тып уплыву мовы «А» на мову «Б» называецца субстатным, а мова «А» — субстратам для мовы «Б».

Лінгвістычны субстрат вельмі складана вылучыць, асабліва калі субстратная мова і яе бліжэйшыя суродзічы цалкам выйшлі з ужытку і вымерлі. Існуе вялікая колькасьць спрэчных тэорыяў наконт субстратных узаемадзеяньняў. Напрыклад, пэўныя мовазнаўцы даводзяць, што японская мова складаецца з алтайскага супэрстрату, накладзенага на аўстранэзійскі субстрат, або што выспавыя кельцкія мовы зьяўляюцца спадкаемцамі кельцкага супэрстрату, які зазнаў уплыў афраазіяцкага субстрату.

Для таго, каб мова лічылася субстратам (а ня адстратам ці супэрстратам), ейны ўплыў на іншую мову мусіць быць значна большым, чым наяўнасьць нешматлікіх выпадковых пазычаньняў або чым тое, што можна назіраць пры фармаваньні моўнага зьвязу (такія зьявы лічацца вынікам адстратнага ўзаемадзеяньня), аднак менавіта лексычныя (асабліва ў сукупнасьці з граматычнымі зьявамі) пазычаньні збольшага вызначаюцца як моўны субстрат. Таксама такі ўплыў ня мусіць быць вынікам дамінаваньня (магчыма, з старажытных часоў) субстратнай мовы над мовай, на якую аказваецца ўплыў (такое ўзаемадзеяньне лічыцца супэрстратным). Субстратныя сьляды ў мове ўзьнікаюць таксама ў выніку трывалага білінгвізму і этнічных кантактаў насельніцтва.

Калі ж кантакт між мовамі ажыцьцяўляецца на працягу значнага пэрыяду, і тып уплыву адной мовы на іншую складана вызначыць дакладна, тэрмін «субстрат» выкарыстоўваецца па змоўчаньні як родавы, які мае найбольш шырокае значэньне, хаця можа выявіцца, што міжмоўнае ўзаемадзеяньне зьяўляецца насамрэч адстартам і нават супэрстратам.

Прыклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжэй прыведзеныя прыклады моўных субстратаў у пэўных пашыраных мовах сьвету.

  • У францускай мове, якая належыць да раманскіх моваў, значным моўным субстратам зьяўляецца гальскі. Гальлі, народ кельцкага паходжаньня, насяляў сучасную тэрыторыю распаўсюджаньня францускай мовы да прыходу туды рымлянаў. Валоданьне лацінскай мовай надавала значныя магчымасьці і перавагі ў палітыцы, гандлі і культуры, таму кельцкае насельніцтва Гальлі праз пэўны час забылася на сваю мову і перайшло на лаціну, якая пачала эвалюцыянаваць у тым рэгіёне, ператвараючыся ў сучасную францускую мову. Гальская мова зьнікла, але ў францускай мове магчыма вылучыць пакінутыя ёй рэшткі (агулам больш за дзевяноста словаў).
  • Для заходне-раманскіх моваў увогуле характэрны ўплыў, а значыць наяўнасьць моўных субстратаў, як кельцкіх, так і германскіх. Напрыклад, у каталянскай мове вылучаюць значны (у параўнаньні з суседняй гішпанскай) візыгоцкі субстрат.
  • У румынскай мове значным зьяўляецца дакійскі моўны субстрат.
  • Для ўкраінскай мовы асноўным субстратам зьяўляецца стараславянскі.
  • Цяпер лічыцца даведзеным, што на раньнім этапе фармаваньня нямецкай мовы яна зазнала моцны ўплыў нейкай мовы, якая не належала да індаэўрапейскай сям’і (каля чвэрці ўсёй старажытнанямецкай лексыкі), аднак сярод дасьледнікаў няма згоды наконт падрабязнасьцяў гэтага працэсу.
  • Наяўнасьць некалькіх (2 і болей) моўных субстратаў асабліва ўласьцівае мовам народаў, якія зьдзяйсьнялі значныя гістарычныя міграцыі — напрыклад, разам зь нямецкім і лацінскім моўным субстратамі першасным моўным субстратам вугорскай мовы зьяўляецца старажытны угра-фінскі.
  • У выпадку зь японскай мовай, відаць, нават панятак «адстрат» можа аказацца занадта вузкім для адэкватнага апісаньня сытуацыі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Семчинський С.В Субстрат у мовознавстві // Українська радянська енциклопедія / За ред. М. Бажана. — 2-ге вид. — К., 1974—1985., Том 11. кн.1., К., 1984, стор. 39 (укр.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Семчинський С.В Субстрат у мовознавстві // Українська радянська енциклопедія / За ред. М. Бажана. — 2-ге вид. — К., 1974—1985., Том 11. кн.1., К., 1984, стор. 39 (укр.)