Карабель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фрэгат USS Chesapeake, ЗША, 1799.

Карабе́ль (па-грэцку: κάραβος — карабель, судна) — абагульняючы марскі тэрмін, які ўжываюць паралельна з тэрмінам судна, але які не зьяўляецца ягоным поўным аналягам. Сёньня ў большасьці выпадкаў пад караблём разумеецца вайсковы карабель, то бок судна, якое мае ўзбраеньне й іншыя тэхнічныя сродкі для выкананьня баявых задачаў, мае вайсковы экіпаж, знаходзіцца пад камандваньнем афіцэра, які займае пасаду ў дзяржаўнай службе адпаведнага боку, прозьвішча якога ўключана ў адпаведны сьпіс вайскоўцаў ці эквівалентны яму дакумэнт, і ўваходзіць у склад вайскова-марскіх сілаў[1][2][3]. Таксама пад панятак караблю падпадае ветразевае судна зь ня менш чым чатырма мачтамі.

У эпоху ветразевага флёту караблямі называліся ўсе марскія судны, за выключэньнем маламерных. Часьцей за ўсё, аднак, пад караблём разумелі вялікі баявы ветразьнік, які меў ня менш за тры мачты з поўным ветразным узбраеньнем[2][3]. Тэрмін карабель блізкі па значэньні да панятку судна, але ня аквівалентны яму. Судна ёсьць больш шырокім паняткам. Гэтак, вясьлярную лодку, водны ровар ці дошку для сэрфінгу нельга назваць караблём, аднак яны зьяўляюцца суднамі. Караблямі звычайна называюцца толькі досыць вялікія судны вайсковага прызначэньня або парусныя судны з вызначаным выглядам аснасткі. Караблямі прынята лічыць усе судны, якія нясуць на сабе вайскова-марскі сьцяг, незалежна ад іхнага памеру.

У Вялікабрытаніі й краінах Брытанскай Садружнасьці ў наш час пад паняткам «карабель» разумеецца любое буйное марское судна танажу больш за 500 тонаў, у адрозьненьне ад маламерных суднаў прыбярэжнага плаваньня[4], незалежна ад ведамаснай прыналежнасьці.

Эвалюцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эра галернага флёту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трыера, намаляваная на фрэсцы ў Пампэях ў I стагодзьдзі.

Судны пэрыяду галерных або вясьлярных флятоў дзяліліся на доўгія й кароткія, першыя зь якіх былі баявымі караблямі, другія — гандлёвымі суднамі й караблямі забесьпячэньня. На кароткіх суднах, якія праз форму корпуса таксама называлі «круглымі» й рухаліся ў складзе баявога флёту, перавозілі дэсант, правізію, пітную ваду й іншыя неабходныя для бою грузы[5].

Доўгія, то бок баявыя, караблі будаваліся максымальна палегчанымі каб павысіць іхную манэўранасьць і хуткасьць. Галоўным рухавіком доўгіх суднаў было вясло, у той час калі кароткіх — ветразь. Пры сустрэчным ветры й у штыль кароткія судны буксаваліся баявымі караблямі[5].

Доўгі час галоўным узбраеньнем карабля быў таран, выраблены з трывалай драўніны й нярэдка абабіты мэталам. Найбольш распаўсюджанымі караблямі антычнасьці былі трырэмы, то бок судны, якія мелі тры шэрагі весьляроў. За грэцкі час галоўным тактычным прыёмам быў таранны ўдар, рымляны хоць і не адмовіліся ад тарану, але больш спадзяваліся на абардаж і перастрэлку, у той час як для грэкаў гэта былі дапаможныя віды бою[5][6].

Не зважаючы на тое, што з X стагодзьдзя пачалі будавацца судны зь ветразным узбраеньнем, галерны флёт доўгі час заставаўся асновай баявых флятоў: празь недасканаласьць ветразнага ўзбраеньня ветразьнікі заставаліся амаль зусім неманэўранымі. Пачынаючы з X стагодзьдзя асноўнымі баявымі суднамі сталі галеры й падобныя па характарыстыках вясьлярна-ветразевыя судны, як то швэдзкая галера, вэнэцыянская галера, скампавэя[5]. Адной з разнавіднасьцяў малых бяспалубных галераў была казацкая «чайка»[7]. Менавіта з гэтага часу на галерах пачалі ўсталёўваць артылерыю.

«Залатым стагодзьдзем» галерных флятоў лічыцца пэрыяд XVI—XVII стагодзьдзя. Вясьлярныя галеры заставаліся на ўзбраеньні флятоў аж да XVIII стагодзьдзя[5]. Аднак для павелічэньня моцы артылерыі як асноўнага сродку паразы вынікала павелічэньне памераў і танажу караблёў, што спараджала стварэньне карабля новага тыпу.

Эпоха ветразных караблёў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна мастака Вілема ван дэ Вэльдэ «Бітва пры Тэксэлі11 жніўня 1673 году», якая адлюстроўвае лінейны бой.

Пераходная эпоха ад вясьлярных да ветразных караблёў працягвалася каля стагодзьдзя зь першай паловы XVI стагодзьдзя да пачатку XVII стагодзьдзя[8]. З XIV стагодзьдзя ў Эўропе пачалася эра разьвіцьця суднабудаваньня, чаму дало вялікі штуршок вынаходзтва компасу. У гэтым жа стагодзьдзі паўстаў новы выгляд суднаў — галеоны, асноўным рухавіком якіх сталі ветразі. У XIV—XV стагодзьдзях галеоны ўваходзілі ў склад флятоў Гішпаніі, Ангельшчыны й Галяндыі[8].

У пачатку XVI стагодзьдзя былі вынайдзеныя гарматныя парты, якія зрабілі таксама вялікі ўплыў на разьвіцьцё вайсковага суднабудаваньня[6]. У XVI—XVIII стагодзьдзях гішпанскія й галяндзкія караблі панавалі на акіянскіх прасторах. У пачатку іхнага выкарыстаньня артылерыя лічылася дапаможным сродкам паразы: бой пачынаўся з выкарыстаньнем артылерыі на этапе збліжэньня. У блізкім бою асноўным тактычным прыёмам быў абардаж[8].

Паколькі асноўная ўвага надавалася павелічэньню моцы бакавога агню, кармавыя й насавыя надбудовы станавіліся меншымі, што станоўча паўплывала на манэўранасьць караблёў. У аснове стварэньня караблёў, якія ў далейшым атрымалі назву лінейных, была пакладзена канструкцыя разьвітога галеону. Асноўнымі напрамкамі разьвіцьця караблёў стала паляпшэньне абрысаў корпусу й ветразяў, разьмяшчэньне гарматных партоў у дзьве-тры дэкі вышэй ватэрлініі, увядзеньне шпілі для ўздыму катвігі, ашалёўка падводнай часткі корпуса меднымі лістамі.

На разьвіцьцё суднабудаваньня й тактыкі марскога бою ў гэты пэрыяд значны ўплыў мелі ангельска-галяндзкія войны XVII—XVIII стагодзьдзяў[6]. Менавіта ў гэты пэрыяд зьявіліся асноўныя тыпы баявых ветразных караблёў і суднаў забесьпячэньня, а таксама паўстала тактыка лінейнага бою. З караблёў пачалі фармаваць эскадры, а асноўным баявым шыхтам стаў лінейны шыхт кільватэрнай калёны. У баявую лінію ўваходзілі буйныя лінейныя караблі. Меншыя караблі, то бок фрэгаты, выкарыстоўваліся для выведкі, яшчэ меншыя, як то карвэты, брыгі і іншыя, былі дапаможнымі суднамі. У склад флёту ўваходзілі таксама брандэры, бамбардзірскія караблі, транспарты й дапаможныя судны[8].

Разам са зьяўленьнем паравых браняносных караблёў эпоха вертазнага флёту падышла да сканчэньня.

Пэрыяд браняноснага флёту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя паравыя браняносныя караблі зьявіліся падчас Крымскай вайны 1853—1856 гадоў[9]. Гэта былі францускія браняносныя плывучыя батарэі, пабудаваныя з дрэва. Але яны мелі браню таўшчынёй да 35 см ускладзеную на драўляную падшэўку. На батарэях акрамя вэртыкальнага браняваньня ўжывалася й гарызантальнае — тонкія браняваныя лісты прыкрывалі палубу над закрытай батарэяй. Упершыню плывучыя батарэі былі выкарыстаныя пры марской бамбардзіроўцы расейскай крэпасьці Кінбурн. Берагавыя батарэі крэпасьці апынуліся нямоглымі супрацьстаяньню браняваных суднаў[10].

Браняносец «Ўорыёр».

Неўзабаве пасьля Крымскай вайны браняваныя плывучыя батарэі пачалі будаваць і ў Ангельшчыне. Аднак аптымальны выгляд новага тыпу караблёў фармаваўся яшчэ досыць доўгі час. Першым браняносным караблём, які быў пабудаваны з жалеза й з воданепранікальнай ашалёўкай стаў ангельскі браняносец «Ўорыёр» (анг. Warrior). Адначасова адбываўся пошук формаў і спосабаў вядзеньня марскога бою. Вызначылася тры асноўныя напрамкі барацьбы з браняноснымі караблямі: таранны ўдар, павелічэньне магутнасьці артылерыі й прымяненьня падводных мінаў. Таран, які першапачаткова разглядаўся як асноўны тактычны прыём, у рэшце рэшт не апраўдаў сябе. Асноўная барацьба разгарнулася паміж артылерыяй і бранёй[6].

Францускі ветразевы браняносец «Глюар».

Другі пэрыяд браняноснага суднабудаўніцтва, які пачаўся пасьля Грамадзянскай вайны ў ЗША характарызаваўся стварэньнем крэйсэрскіх сілаў. Броняпалубны крэйсэр узбройваўся хуткастрэльнай артылерыяй сярэдняга калібру. Распаўсюд міннай вайны прывёў таксама да зьяўленьня новай клясы караблёў — мінаносцаў, што ў сваю чаргу прымусіла ўзбройваць вялікія караблі супрацьміннай артылерыяй, узмацьняць канструктыўную супрацьтарпэдную абарону. Паралельна адбывалася павелічэньне танажу, узброенасьці й абароненасьці браняносцаў. Да канца XIX стагодзьдзя погляды на новыя караблі паступова ўстаяліся, прывёўшы да ўзьнікненьня гэтак званых «эскадранных браняносцаў», цяжкіх артылерыйскіх караблёў, прыстасаваных да вядзеньня артылерыйскага бою ў складзе эскадраў[9].

У канцы 1890-х гадоў тэрмін «браняносец» паступова выйшаў з выкарыстаньня, на замену яму зноўку прыйшоў «лінейны карабель» або «лінкар», што абумоўлена вяртаньнем да тактыкі кільватэрных калёнаў[9]. Расейска-японская вайна канчаткова зацьвердзіла перавагу ў хуткасьці й дальнабойнасьці артылерыі як галоўную перавагу ў марскім баі. Першым караблём новага тыпу стаў ангельскі лінкар «Дрэдноўт» (анг. Dreadnaught), імя якога стала сынонімам назвы ўсіх караблёў гэтай клясы. Пасьля выкарыстаньне дрэдноўтаў было закладзеныя ў Японіі, Нямеччыне, ЗША, а некалькі пазьней у Францыі, Італіі, Расеі[6][9].

Зьмена характару вядзеньня вайны ў пачатку XX стагодзьдзя прывяла да павелічэньня колькасьці клясаў надводных караблёў, то бок зьявіліся й атрымалі разьвіцьцё маніторы, эскадранныя мінаносцы, тральшчык, мінныя заграджальнікі й іншыя караблі са спэцыялізаванымі функцыямі. Зьявіўся прынцыпова новая кляса баявых караблёў — падводныя лодкі. Удасканальвалася й структура флёту, то бок эскадры, як злучэньне караблёў розных клясаў, прызначаных для выкананьня задачаў, зьвязаных зь дзеяньнямі ў адкрытым моры супраць лінейнага флёту праціўніка, якія складаліся са злучэньняў караблёў адной клясы — дывізіяў і брыгад. Фактычна адбываўся паступовы пераход да флятоў разнастайных сілаў, які канчаткова адбыўся ўжо пасьля Першай сусьветнай вайны[9].

Пэрыяд флёту разнастайных сілаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нямецкі лінейны карабель «Кайзэр Фрыдрых III», незадоўга да 1900 году.

У пэрыяд Першай сусьветнай вайны значнае разьвіцьцё атрымалі надводныя сілы флёту. Згодна з тагачаснай канцэпцыяй прымяненьня флёту, асноўная ўвага працягвала надавацца тактыцы артылерыйскай дуэлі браняносных эскадраў[6]. Лінейныя караблі будаваліся, галоўным чынам, паводле палепшаных перадваенных праектаў.

Іншай, акрамя карабельнай артылерыі, важнай па значэньні зброяй флёту была прызнана тарпэда, што прывяло да масавага будаўніцтва эскадранных мінаносцаў і лёгкіх крэйсэраў з камбінаваным артылерыйскім і тарпэдным ўзбраеньнем. Важная ўвага надавалася й будаўніцтву лінейных крэйсэраў — караблёў блізкіх па клясе да лінкараў, але больш хуткаходных і менш браніраваных — яны павінны былі складаць авангард галоўных сілаў флёту, а ў баі выконваць ролю манэўраных крылаў. Атрымалі разьвіцьцё й падводныя сілы й марская авіяцыя, аднак яны лічыліся другараднымі, што абумоўлівае панаваньнем тэорыі «марскіх сілаў» Альфрэда Мэгэна, згодна зь якой панаваньне на моры дасягалася падчас генэральнай бітвы лінейных сілаў ці блякаваньнем флёту праціўніка ў базах[11].

Нямецкая падводная лодка тыпу UC-1, прыкладна 1917 год.

У ходзе вайны, асабліва ў другой ейнай палове, аказалася, што лінейныя сілы ўсіх флятоў праяўлялі пасіўнасьць. Тактычная манэўранасьць эскадраў лінейнага флёту рэзка пагоршылася праз складанасьць баявых ордэраў у сувязі зь міннымі й тарпэднымі пагрозамі. Лінейныя караблі не праявілі сябе як ударная сіла флёту[6]. Крэйсэры, прызначаныя для хуткасных апэрацыяў набегу й тактычнай выведкі, вялі значна больш актыўную дзейнасьць на акіянскіх прасторах. Значна большае кола задачаў выконвалі й эсьмінцы, якія былі шматлікай клясай надводных караблёў. У сувязі з колькасьцю й разнастайнасьцю задачаў і ў залежнасьці ад танажу й узбраеньня іх падзялілі на тры клясы: мінаносцы, эскадранныя мінаносцы й лідэры эсьмінцаў. Эсьмінцы апынуліся найбольш унівэрсальнымі з усіх відаў надводных караблёў. Вельмі важную ролю ў вайне згулялі падводныя лодкі, асабліва ў барацьбе з гандлёвым суднаходзтвам. Досьвед абароны вайскова-марскіх базаў даў штуршок для разьвіцьця мінных і супрацьмінных сілаў. У пэрыяд Першай сусьветнай вайны зьявіўся зусім новая кляса надводных караблёў — авіятранспарты й авіяносцы[11].

Зважаючы на досьвед Першай сусьветнай вайны ў флёце большасьці краінаў адбылася выразная клясыфікацыя надводных караблёў на караблі зь пераважна артылерыйскім узбраеньнем, як то лінейныя караблі, браняпалубныя крэйсэры, лінейныя крэйсэры, крэйсэры, браняносцы берагавой абароны, маніторы, кананерскія лодкі, плывучыя батарэі, караблі зь пераважна тарпэдным узбраеньнем, як то лідэры эсьмінцаў, эскадранныя мінаносцы, мінаносцы, тарпэдныя катэры, караблі вузкаспэцыяльнага прызначэньня, як то авіяносцы, мінныя й сеткавыя заграджальнікі, вартавыя караблі й катэры, тральшчыкі, рачныя катэры, і іншыя караблі й судны. Па меры эвалюцыі аднастайнага надводнага флёту ў флёце разнастайных сілаў зьмяняліся іхныя тактыка-тэхнічныя профілі й мэтады баявога прымяненьня[12].

Амэрыканскі авіяносец «Сэйбл», 1944 год.

Міжваенны пэрыяд характарызаваўся бурным разьвіцьцём карабельнай авіяцыі й авіяносных караблёў. У 1930-х гадох сфармаваліся дзьве асноўныя падклясы авіяносцаў — буйныя й сярэднія. З удасканаленьнем палубнай авіяцыі, ейнага ўзбраеньня й спосабаў прымяненьня, авіяносцы станавіліся найбольш эфэктыўнай і магутнай сілай у барацьбе на моры. З пачаткам Другой сусьветнай вайны выявіліся велізарныя апэратыўна-тактычныя магчымасьці авіяносных груповак, што прывяло да іхнага масавага будаўніцтва. У ходзе вайны авіяносныя караблі падзяліліся на падклясы буйных, сярэдніх, лёгкіх і эскортных (канвойных) авіяносцаў. Да канца вайны клясыфікацыя авіяносцаў зьмянілася, то бок яны падзяляліся ўжо па апэратыўна-тактычнаіму прызначэньню на ўдарныя, тыя, што наносяць удар па праціўніку, супрацьлодкавыя й эскортныя. У першыя паваенныя гады апошняя падкляса паступова зьнікла, а частка старых авіяносцаў была пераклясыфікаваная ў дэсантныя шрубалётаносцы[11].

У той жа час, напярэдадні Другой сусьветнай вайны лінкары заставаліся асноўнай ударнай сілай флёту. Адбываўся працэс паляпшэньня іхных баявых магчымасьцяў. Пасьля дзесяцігадовага перапынку, у другой палове 1930-х гадоў усе буйныя марскія дзяржавы пачалі будаўніцтва лінейных караблёў. Новыя дрэдноўты адрозьніваліся павялічанай магутнасьцю артылерыі галоўнага калібру, зьяўленьнем на ўзбраеньні самалётаў і вялікай колькасьці малакалібернай артылерыі СПА, зьнікненьнем мінна-тарпэднага ўзбраеньня, паляпшэньнем хадавых якасьцяў, што прывяло да зьнікненьня клясы лінейных крэйсэраў. Погляды на ўжываньне лінейных караблёў прынцыпова зьмяніліся падчас Другой сусьветнай вайны, то бок першынство перайшло да авіяносцаў. Да канца 1950-х гадох караблі гэтай клясы практычна выйшлі са складу большасьці флятоў[12].

Ангельскі цяжкі крэйсэр «Шропшыр», 1943 год.

Разам зь цяжкімі лінкарамі шэраг краінаў будаваў іхны палегчаны варыянт, які атрымаў назву «кішэнныя лінкары» або цяжкія. Пацьвердзілася мэтазгоднасьць падзелу крэйсэраў на дзьве падклясы — цяжкія й лёгкія. Задачамі крэйсэраў заставаліся вядзеньне барацьбы на марскіх прасторах, непасрэднае баявое й выведвальнае забесьпячэньне карабельных злучэньняў, вядзеньне самастойных апэрацыяў на другарадных кірунках. Масавае будаўніцтва лёгкіх крэйсэраў ажыцьцяўлялі ўсе краіны акрамя ЗША й Нямеччыны. У пэрыяд Другой сусьветнай вайны разьвіцьцё крэйсэраў складалася ва ўдасканаленьні іхнага ўзбраеньня, мэханізмаў і абсталяваньня. Караблі абсталёўваліся радыёлякацыйнымі станцыямі, сродкамі радыёсувязі, узмацьнялася іхнае зэнітнае ўзбраеньне. У канцы 1950-х гадох караблі гэтай клясы пачалі ўзбройваць ЗРК, шрубалётамі, сучаснымі радыёэлектроннымі сродкамі. У некаторых краінах пачалі будаўніцтва ракетных крэйсэраў[11].

Амэрыканскі дэсантны карабель клясы LCI, 1943 год.

Найбольш унівэрсальнымі й масавымі караблямі пэрыяду разьвіцьця разнастайнага флёту заставаліся эскадранныя мінаносцы. Адбываліся ўзаемазьвязаныя працэсы ўнівэрсалізацыі эсьмінцаў, павелічэньне іхнага танажу, хуткасьці й манэўранасьці. Адначасова адбываўся падзел лідэраў і эсьмінцаў на тарпэдна-артылерыйскія й артылерыйска-тарпэдныя. Апошнія павінны былі замяніць лёгкія крэйсэры, асабліва на абмежаваных вучасках баявых дзеяньняў. За ваенны час найбольшага разьвіцьця атрымалі эскортныя эсьмінцы. У першыя паваенныя гады эскадранныя мінаносцы пачалі ўзбройвацца сучасным супрацьлодкавым узбраеньнем, ЗРК, РЭС, хуткастрэльнай артылерыяй, што ператварыла іх ва ўнівэрсальныя караблі, прызначаныя для выкананьня ў першую чаргу задачы супрацьлодкавай і супрацьпаветранай абароны[12].

У пэрыяд Другой сусьветнай вайны значнае разьвіцьцё атрымалі малыя сілы флятоў, то бок фрэгаты, карвэты, паляўнічыя за падводнымі лодкамі, вартавыя караблі й катэры й іншыя. Гэтыя караблі выкарыстоўваліся для супрацьлодкавай абароны, нясеньня дазорнай службы, забесьпячэньня высадкі марскіх дэсантаў і іншых задачаў. Найбольш унівэрсальнымі апынуліся эскортныя мінаносцы, фрэгаты й карвэты. Значнае разьвіцьцё атрымалі тарпэдныя катэры. Акрамя тарпэдных катэраў будаваліся маніторы, кананерскія лодкі, артылерыйскія катэры, бронякатэры, тральшчыкі, дэсантныя караблі. Нягледзячы на ​​тое, што да Другой сусьветнай вайны падводныя сілы лічыліся дапаможным родам марскіх войскаў, у перадваенны пэрыяд і, асабліва, у гады вайны ажыцьцяўлялася актыўнае разьвіцьцё й масавае будаўніцтва падводных лодак. Да сярэдзіны Другой сусьветнай вайны асноўная ўвага надавалася павелічэньню далёкасьці іхнага плаваньня, здольнасьці эфэктыўна змагацца са сродкамі паветранага нападу, надводных манэўраных якасьцяў. У далейшым разьвіцьцё падводных лодках ішло шляхам паляпшэньня падводных манэўраных якасьцяў, падводнай далёкасьці плаваньня, зьніжэньня шумнасьці. Адначасова адбываўся працэс іхнай клясыфікацыі, то бок вылучыліся падклясы крэйсэрскіх, буйных, сярэдніх і малых падводных лодак[11].

У сувязі з бурным разьвіцьцём зь сярэдзіны 1950-х гадоў новых відаў узбраеньня, у прыватнасьці ракетна-ядзернага, карэнным чынам зьмяніліся погляды вайсковых тэарэтыкаў на ролю й структуру флёту[12].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Грищук А. В. Військово-політичний енциклопедичний словник.. — 2-е выд. — К.: Вид. дім «Румб», 2008. — Т. 1. — С. 414. — ISBN 978-966-2273-01-4
  2. ^ а б академик Н. Н. Исанин Морской энциклопедический справочник. — Л.: «Судостроение», 1987. — Т. 1. — С. 340–341.
  3. ^ а б Министерство обороны СССР. Институт военной истории. Военный энциклопедический словарь.. — М.: «Военное издательство», 1983. — С. 357.
  4. ^ Карабель (анг.) — на сайце энцыкляпэдыі «Брытаніка».
  5. ^ а б в г д Доценко В. Галеры, парусники, броненосцы. — История военно-морского искусства.. — М.: «ЭКСМО», 2003. — Т. 1. — С. 57-59. — ISBN 5-699-04856-1
  6. ^ а б в г д е ё Вайна на моры (анг.) сайт энцыкляпэдыі «Брытаніка»
  7. ^ Фоменко В. Г. Про козацькі човни «чайки» та «дуби». — Український історичний журнал. — № 8., 1966. — С. 107–111.
  8. ^ а б в г Доценко В. Галеры, парусники, броненосцы. — История военно-морского искусства.. — М.: «ЭКСМО», 2003. — Т. 1. — С. 113–128. — ISBN 5-699-04856-1
  9. ^ а б в г д Доценко В. Галеры, парусники, броненосцы. — История военно-морского искусства.. — М.: «ЭКСМО», 2003. — Т. 1. — С. 353–356, 488. — ISBN 5-699-04856-1
  10. ^ С. Р. Гриневецкий, И. С. Зонн, С. С. Жильцов. Черноморская энциклопедия. — М.: «Международные отношения», 2006. — С. 274. — ISBN 5-7133-1273-9
  11. ^ а б в г д Доценко В. История военно-морского искусства. // Флоты XX века. Период флотов разнородных сил.. — М.: «ЭКСМО», 2003. — Т. 2. — С. 9-17, 29-31, 37-38, 46. — ISBN 5-699-04857-X
  12. ^ а б в г Baer, George W. One hundred years of sea power: the U.S. Navy, 1890–1900. — Stanford: «Stanford University Press», 1994. — С. 34, 38, 254–259, 328, 388, 390. — ISBN 0-8047-2273-0

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]