Сакрат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Выява Сакрата. Луўрскі музэй

Сакра́т (па-грэцку: Σωκράτης; 470 да н. э.399 да н. э.) — адзін з найбольш знаных антычных філёзафаў, а таксама найбольш загадкавая асоба з усёй гісторыі філязофіі. Ён не напісаў ні радка, аднак належыць да тых, хто зрабіў самы вялікі ўплыў на разьвіцьцё заходняй філязофскай думкі.

Жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьвесткі пра Сакрата можна знайсьці ў яго сучасьнікаў: у дыялёгах, напісаных Плятонам, адным з вучняў Сакрата; у працах Ксэнафона; у творах Арыстафана і Арыстотэля (гл. Узгадкі пра Сакрата). Аднак Арыстафан узгадвае Сакрата ў кантэксьце сатырычнай атакі на філёзафаў і фактычна не адлюстроўвае жыцьця Сакрата.

Бацькамі філёзафа былі скульптар Сафронікус і павітуха Фэнарэта. У Сакрата была жонка Ксантыпа, якая нарадзіла яму трох сыноў: Лямпокла, Сафронікуса і Мэнэксэнуса. Традыцыйна, Ксантыпа лічыцца зласьлівай мегерай, у асноўным дзякуючы яе характарыстыцы ў Ксэнафона.

Застаецца незразумелым, як Сакрат зарабляў на жыцьцё. Згодна з творам Ксэнафона «Сымпозіюм», Сакрат нібыта сказаў, што ён прысьвяціў сябе таму, што лічыць найбольш важным заняткам, а менавіта абмеркаваньню філязофіі.

У сувязі з тым, што пра ўсё, што датычыць Сакрата, мы можам меркаваць выключна са словаў яго сучасьнікаў, вельмі цяжка аддзяліць погляды Сакрата ад пазыцыі аўтараў твораў.

Суд і сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Сьмерць Сакрата» паводле Жака Люі Давіда

У 399 да н. э. Сакрат быў абвінавачаны ў тым, што ён стварае новых багоў, а таксама псуе моладзь.

Згодна з вэрсіяй прамовы Сакрата перад судом, якую ў сваёй «Апалёгіі Сакрата» падае Плятон, філёзаф стаў «сьлепнем» для Атэнаў пасьля таго, як яго сябар Хэрэфон запытаў Дэльфійскага аракула, ці існуе хтосьці разумнейшы за Сакрата. Аракул адказаў, што такіх людзей няма. Сакрат, зразумеўшы гэта як загадку, вырашыў знайсьці чалавека, разумнейшага за сябе. Ён апытаў мужчын у Атэнах аб іх ведах пра дабро, прыгажосьць і годнасьць. Вызначыўшы, што яны нічога ня ведаюць, але ж думаюць, што ведаюць шмат, Сакрат прыйшоў да наступнай высновы: ён сам можа лічыцца разумным, бо «ведае», што нічога ня ведае. Інтэлектуальная перавага Сакрата прымушала знакамітых атэнцаў, зь якімі ён прылюдна размаўляў, адчуваць сябе дурнямі, што безумоўна настроіла іх супраць філёзафа і прывяло да абвінавачаньня яго ў злачынствах.

Тым ня менш Сакрат быў прызнаны вінаватым і вырачаны на сьмерць. Філёзаф выпіў атруту зь фіялы і памёр у прысутнасьці сваіх сяброў. У дыялёгу «Фэдон» апісваецца, што Сакрат сустрэў сьмерць спакойна, мужна прыняўшы вырак суда.

Згодна з Ксэнафонам і Плятонам, у Сакрата была магчымасьць зьбегчы, бо яго прыхільнікі зьбіраліся даць хабар ахове турмы. Аднак пасьля гэтага Сакрат быў бы вымушаны пакінуць Атэны. І ён адмовіўся ад пабегу.

Сакратаў мэтад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напэўна, найбольш важкім Сакратавым укладам у заходнюю культуру лічыцца ягоны дыялектычны мэтад дасьледваньня, ведамы таксама як Сакратаў мэтад. Упершыню гэты мэтад быў апісаны Плятонам у сакратычных дыялёгах. Філёзаф ставіў суразмоўцу шэраг пытаньняў, каб памагчы яму вызначыць сваю пазіцыю. Гэта дазваляла суразмоўцу спраўдзіць абгрунтаванасьць сваіх думак. Сакрат неяк сказаў, што “найвялікшае майстэрства чалавека — задаваць пытаньні сабе ды іншым”.

Сакратава этыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сакрат лічыў, што людзі мусяць сканцэнтравацца на самаразьвіцьці, а не на імкненьні да матэрыяльных выгодаў. На думку Сакрата, маральным чалавек можа быць толькі тады, калі ведае, што такое дабро. Веды і мараль для яго непадзельныя. «Таго, хто спазнаў добрае і благое, нішто ўжо не прымусіць дзейнічаць іначай, чым загадваюць гэтыя веды, і розум дастаткова моцны, каб дапамагчы чалавеку».

У Сакратавай этыцы выразна можна прасачыць рацыяналізм: добрае — гэта веды, благое — няведаньне. Важнейўыя добрыя якасьці, якія называе Сакрат, — гэта стрыманасьць, мужнасьць, справядлівасьць.

Узгадкі пра Сакрата[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плятон, Ксэнафон і Арыстотэль — гэта асноўныя крыніцы інфармацыі аб гістарычным Сакраце. Ксэнафон і Плятон былі вучнямі Сакрата, і верагодна, яны ідэалізуюць свайго настаўніка. Аднак яны напісалі адзінае пасьлядоўнае апісаньне Сакрата, якое захавалася да нашых часоў. Арыстэтэль часта ўзгадвае Сакрата ў сваіх творах, аднак толькі мімаходам. Сакрат зьяўляецца цэнтральнай фігурай амаль ва ўсіх дыялёгах Плятона. Аднак у сваіх позьніх творах Плятон, відавочна, укладае свае думкі ў вусны настаўніку.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Сакратсховішча мультымэдыйных матэрыялаў