Ультрафіялетавае выпраменьваньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Выява ультафіялетавага выпраменьваньня Сонца

Ультрафіяле́тавае выпраме́ньваньне — электрамагнітнае выпраменьваньне з даўжынёй хвалі меншай, чым у бачнага сьвятла, але даўжэйшай, чым у рэнтгенаўскім выпраменьваньні, а менавіта ў прамежку 10—400 нм, і энэргіямі ад 3 да 124 эВ. Від выпраменьваньня (лац. ultra — за + «фіялетавы») названы з-за таго, што ягоны спэктар складаецца з электрамагнітных хваляў з частасьцямі, вышэйшымі за тыя, якія чалавек распазнае як фіялетавы колер. Гістарычна склалася, што вока чалавека не ўспрымае ўльтрафіялетавае выпраменьваньне. Гэта зьвязана з тым, што ультрафіялетавае выпраменьваньне паглынаецца вадой, якая ўваходзіць у склад рагавіцы вока. У рэдкіх выпадках людзі могуць бачыць яго ў дыяпазоне частасьцяў, блізкіх да фіялетавага колеру. Некаторыя птушкі, насякомыя, паўзуны і рыбы здольныя бачыць ўльтрафіялетавае выпраменьваньне ў частцы дыяпазону.

Упершыню ўльтрафіялетавае выпраменьваньне назіраў Ёган Рытэр (Johann Ritter) у 1801 годзе[1]. Ён раскладаў белае сьвятло з дапамогай прызмы і апраменьваў гэтым спэктрам паперу, прапітаную хлярыдам срэбра.

Крыніцамі ўльтрафіялетавага сьвятла зьяўляюцца Сонца і іншыя зоркі, электрычныя дугі, некаторыя лазэры, а таксама адмысловыя прылады кшталту лямпаў чорнага сьвятла. Ультрафіялетавае выпраменьваньне клясыфікуецца як неіянізуючае, але яно можа каталізаваць хімічныя рэакцыі, прымушаючы некаторыя рэчывы флюарэсцыраваць (сьвяціцца).

Ультрафіялетавае выпраменьваньне можа ўплываць на здароўе чалавека. Яно выклікае загар, прыводзіць да ўтварэньня вітаміну D у скуры. Празьмернае знаходжаньне чалавека на адкрытым сонечным сьвятле прыводзіць да катаракты[2], абгараньня скуры і нават да раку скуры. Пры адбіцьці сьвятла ад пяску ці сьнегу ультрафіялетавае выпраменьваньне можа трапіць на паверхню вока і прывесьці да так званай сьнегавой сьлепаты[3]. Для абароны вачей варта выкарыстоўваць сонечныя акуляры, якія паглынаюць ултрафіялетавае выпраменьваньне. Для пазначэньня інтэнсіўнасьці ўльтрафіялетавага выпраменьваньня Сонца Міжнародная арганізацыя здароўя ўвяла ультрафіялетавы індэкс (анг. UV Index)[4]. Шкоднае для чалавека ўльтрафіялетавае выпраменьваньне ад Сонца часткова паглынаецца азонавым слоем у атмасфэры Зямлі на вышыні прыкладна 20-25 км над узроўнем мора. Ня варта блытаць дзеяньне ўльтрафіялетавага сьвятла с сонечным ударам, які выклікаецца інфрачырвоным выпраменьваньнем Сонца.

Паводле свайго ўплыву на чалавека ўльтрафіялетавае выпраменьваньне ўмоўна падзяляецца на тры дыяпазоны:

  • UV-A (УФ-А; ад 400~380 да 315 нм),
  • UV-B (УФ-Б; ад 315 да 280 нм),
  • UV-C (УФ-С; ад 280 да 10 нм)

Выпраменьваньне дыяпазону UV-B на 95% паглынаецца ў атмасфэры, але можа выклікаць загар, мутацыі ў ДНК і пашкоджаньне клетак. Самае шкоднае выпраменьваньне дыяпазону UV-C, якое цалкам паглынаецца азонавым слоем[1].

Ультрафіялетавае выпраменьваньне выклікае паступовае пажаўценьне паперы ды выцвятаньне пігмэнтаў.

Ва ультрафіялетавым сьвятле на купюры ў 5 канадзкіх даляраў бачныя абарончыя валаскі, на купюры ў 20 даляраў ЗША бачная абарончая паласа, а аўтобусныя білеты моцна сьвецяцца

Ад астранамічных аб’ектаў ідзе ультрафіялетавае выпраменьваньне, што дае магчымасьць дадатковага вывучэньня іхняй будовы, калі зарэгістраваць толькі ультрафіялетавае выпраменьваньне. Існуюць дэтэктары і фільтры, празь якія не праходзіць бачнае сьвятло і якія прапускаюць ультрафіялетавае выпраменьваньне. Ультрафіялетавае выпраменьваньне выкарыстоўваецца ў мэдыцынскіх установах і крамах для кварцаваньня памяшканьняў. Узьдзеяньне ўльтрафіялетавага выпраменьваньня прыводзіць да памяншэньня канцэнтрацыі шкодных мікраарганізмаў у паветры. Здольнасьць некаторых рэчываў флюарэсцыраваць пад узьдзеяньнем ультрафіялетавага выпраменьваньня выкарыстоўваецца, напрыклад, ў дадатковай абароне грашовых купюр, аплатных картак, афіцыйных пячатак ад падробкі, у афармленьні начных клюбаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Ультрафіялетавае выпраменьваньнесховішча мультымэдыйных матэрыялаў