Ірляндыя (выспа)
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Каардынаты:
53°27′44″ пн. ш. 7°45′45″ з. д.
Ірляндыя (па-ірляндзку: Éire, па-ангельску: Ireland, па-лацінску: Hibernia) — трэцяя па велічыні выспа ў Эўропе; адна зь дзьвух найбуйнейшых Брытанскіх выспаў. Разьмешчана паміж 6° 20'—10° 20' з. д. і 51° 25'—55° 23' п. ш. (крайні паўночны пункт — мыс Малін-Хэд). З усходу абмываецца Ірляндзкім морам, а таксама пралівамі Сьвятога Георгія і Паўночным, з захаду, поўначы і поўдні — Атлянтычным акіянам. Працягласьць з захаду на ўсход — каля 300 км, з поўначы на поўдзень — каля 450 км. Плошча выспы — 84 тыс. км².
Берагі Ірляндыі (асабліва на поўначы, поўдні і захадзе) скалістыя, моцна разьдзеленыя залівамі, найбуйнейшыя зь якіх — Голуэй, Шанон, Дынгл і Данэгол на захадзе, Лох-Фойл на поўначы. Блізу берагоў Ірляндыі — мноства скалістых выспаў.
Паверхня ў асноўным раўнінная, унутраныя раёны займае шырокая Цэнтральная нізіна, на захадзе і ўсходзе яна выходзіць да берагоў выспы. На ўскраінах выспы — невысокія горы (вышэйшы пункт — гара Карантуіл, 1041 м) і плято (найбуйнае — Антрым на паўночна-усходзе).
Шмат рэк (найважнейшая — Шанон; іншыя буйныя — Лі, Блэкуатэр, Шур, Нор, Эрн, Бан), азёр (Лох-Нэй, Лох-Дэрн, Лох-Маск і іншыя) і балот (у цэнтральнай частцы). Ірляндыю з захаду на ўсход перасякае шэраг каналаў (Вялікі, Каралеўскі, Ульстэнскі, Лаганскі і інш.). Пераважаюць цёплыя заходнія вятры. Клімат умераны акіянічны, вільготны; зіма мяккая, лета прахалоднае. Пераважаюць цёплыя заходнія вятры. Дзякуючы мяккаму клімату Ірляндыя ўвесь год пакрытая зелянінай, завошта стала вядомая як Смарагдавая выспа.
Маюцца як паўночныя, альпійскія расьліны, так і віды, характэрныя для Паўднёвай Эўропы (як правіла, на захадзе выспы).
Большую частку выспы (пяць шостых яе тэрыторыі) займае Рэспубліка Ірляндыя. На паўночным усходзе выспы разьмешчаная Паўночная Ірляндыя, якая ўваходзіць ў Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі.
Насельніцтва выспы (абедзьвюх частак) — прыблізна 5,7 мільёну чалавек, большая частка зь якіх жыве на ўсходнім узьбярэжжы. Найважнейшыя гарады — Дублін і Бэлфаст.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Ірляндыя (выспа) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

