Зьбіцень
Зьбі́цень — традыцыйны рускі гарачы безалькагольны напой з паленага мёду з пранасьцямі і зёлкамі (шалфеем і іншымі).
Найбольш распаўсюджаным быў на рынках, кірмашах — у разьліку на масавага спажыўца. У кіпень з мёдам, цукрам ці патакай дабаўлялі спэцыі (перац, гвазьдзіку, цынамон, мускатны арэх, бабкі і інш.), часам піва ці сьпірт. У XVIII – XIX стагодзьдзях вядомы таксама і ў Беларусі, асабліва на Усходзе, хаця яго рэцэптура часта адрозьнівалася ад расейскай. П.Шпілеўскі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя апісваў беларускі зьбіцень з Менска як выраблены з бярозавага лісьця, аеру, ліпавага цьвету і патакі; такі зьбіцень кіпяціўся на рынку ў вялізных, не надта прыгожых самаварах і разьліваўся ў кубкі са сподачкамі. На Віцебшчыне з сумесі рэдзькі, мёду, хрэна і солі гатавалі г.зв. хрэсьбінны зьбіцень — рытуальны напой, які бабка падносіла бацьку нованароджанага. У народнай мэдыцыне зьбіцень — сродак прадухіленьня цынгі. У XIX стагодзьдзі зьбіцень выцесьнены гарбатай, рудымэнтарна захоўваецца ў выглядзе адвараў з розных зёлак (дзіванны і г.д.)
- Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»