Кровазварот

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Крывяносная сыстэма чалавека

Кро́вазварот — цыркуляцыя крыві па арганізьме. Кроў рухаецца за конт скарачэньняў сэрца й цыркулюе па судзінах. Кроў забясьпечвае тканкі арганізму кіслародам, пажыўнымі рэчывамі, гармонамі й пераносіць прадукты абмену рэчываў да ворганаў іх выдзяленьня. Узбагачэньне крыві кіслародам адбываецца ў лёгкіх, а насычэньне пажыўнымі рэчывамі — у ворганах страваваньня. У печані й нырках адбываецца нэўтралізацыя й вывад прадуктаў мэтабалізму. Кровазварот рэгулюецца гармонамі й нэрвовай сыстэмай. Адрозьніваюць малы (празь лёгкія) і вялікі (праз ворганы й тканкі) колы кровазвароту.

Кровазварот — важны фактар у жыцьцядзейнасьці арганізму чалавека й шэрагу жывёлаў. Кроў можа выконваць свае разнастайныя функцыі толькі знаходзячыся ў няспынным руху.

Крывяносная сыстэма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крывяносная сыстэма чалавека й шматлікіх жывёлаў складаецца з сэрца й судзінаў, па якіх кроў рухаецца да тканак і ворганаў, а затым вяртаецца ў сэрца. Буйныя судзіны, па якіх кроў рухаецца да ворганаў і тканак, завуцца артэрыямі. Артэрыі разгаліноўваюцца на драбнейшыя артэрыі, артэрыёлы, і, нарэшце, на капіляры. Па судзінах, што маюць назоў вэна, кроў вяртаецца ў сэрца. Сэрца чатырохкамернае й мае два кола кровазвароту.

Гістарычная даведка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ дасьледнікі далёкай старажытнасьці меркавалі, што ў жывых арганізмах усе ворганы функцыянальна злучаны й ўплываюць адзін на аднаго. Выказваліся самыя розныя здагадкі. Яшчэ Гіпакрат — бацька мэдыцыны, і Арыстотэль — найбуйнейшы грэцкі мысьляр, якія жылі амаль 2,500 гадоў назад, цікавіліся пытаньнямі кровазвароту й вывучалі яго. Аднак іх уяўленьні былі не дасканалыя й ў шмат якіх выпадках хібныя. Вянозныя й артэрыяльныя крывяносныя судзіны яны ўяўлялі як дзьве самастойныя сыстэмы, ня злучаныя паміж сабой. Лічылася, што кроў рухаецца толькі па вэнах, у артэрыях жа знаходзіцца паветра. Гэта абгрунтоўвалі тым, што пры анатамаваньні трупаў людзей і жывёлаў у вэнах кроў была, а артэрыі былі пустыя, без крыві.

Гэта перакананьне было аспрэчана ў працах рымскага дасьледніка й лекара Кляўдыюса Галена. Ён экспэрымэнтальна даказаў, што кроў рухаецца сэрцам і па артэрыях, і па вэнах. Пасьля Галена аж да XVII стагодзьдзя лічылі, што кроў з правага прысэрцака трапляе ў левае нейкім чынам празь пярэтыку.

У 1628 годзе ангельскі фізіёляг, анатам і лекар Ўільям Гарвэй апублікаваў сваю працу «Анатамічнае дасьледаваньне пра рух сэрца й крыві ў жывёлаў», у якой упершыню[1] ў гісторыі мэдыцыны экспэрымэнтальна паказаў, што кроў рухаецца ад шлуначках сэрца па артэрыях і вяртаецца да прысэрцакаў па вэнах. Несумнёўна, акалічнасьцю, якая больш за іншыя прывяла Ўільяма Гарвэя да ўсведамленьня таго, што кроў цыркулюе, зьявілася наяўнасьць у вэнах затрымак, функцыянаваньне якіх ёсьць пасіўны гідрадынамічны працэс. Ён зразумеў, што гэта магло б мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі кроў у вэнах цячэ да сэрца, а не ад яго, як выказаў здагадку Гален і як лічыла эўрапейская мэдыцына да часоў Гарвэя. Гарвэй быў таксама першым, хто колькасна ацаніў сардэчны выкід у чалавека, і пераважна дзякуючы гэтаму, нягледзячы на велізарную недаацэнку (1020,6 г, гэта значыць каля 1 л/хв замест 5 л/хв), скептыкі пераканаліся, што артэрыяльная кроў ня можа бесьперапынна стварацца ў печані, і таму яна павінна цыркуляваць. Такім чынам, ім была пабудавана сучасная схема кровазвароту чалавека і іншых сысуноў, якая ўключае два кола. Нявысьветленым заставалася пытаньне пра тое, як кроў трапляе з артэрыяў у вэны.

Займальна, што менавіта ў год публікацыі рэвалюцыйнай працы Гарвэя нарадзіўся Марчэла Мальпігі, які праз 50 гадоў адкрыў капіляры — зьвяно крывяносных судзін, якое злучае артэрыі й вэны, — і такім чынам скончыў апісаньне замкнёнай судзіннай сыстэмы.

Самыя першыя колькасныя вымярэньні мэханічных зьяваў у кровазвароце былі зроблены Стывэнам Гэйлзам, які вымяраў артэрыяльны й вянозны крывяны ціск, аб’ём асобных камэр сэрца й хуткасьць выцяканьня крыві зь некалькіх вэнаў і артэрыяў, прадэманстраваўшы такім чынам, што вялікая частка супраціву плыні крыві прыпадае на вобласьць мікрацыркуляцыі. Ён лічыў, што з прычыны пругкасьці артэрыяў плынь крыві ў вэнах больш-менш сталая, а не пульсавалая, як у артэрыях.

Пазьней, у XVIII і XIX стагодзьдзях шэраг вядомых гідрамэханікаў зацікавіліся пытаньнямі цыркуляцыі крыві й зрабілі істотны ўнёсак у разуменьне гэтага працэсу. Сярод іх былі Эйлер, Данііл Бэрнулі (хто быў насамрэч прафэсарам анатоміі) і Пуазэйль (таксама лекар; яго прыклад асабліва паказвае, як спроба вырашыць асобную прыкладную задачу можа выклікаць разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі). Адным з найбуйнейшых навукоўцаў-унівэрсалаў быў Томас Юнг, таксама лекар, чые дасьледаваньні ў оптыцы пацягнулі прыняцьце хвалёвай тэорыі сьвятла й разуменьне ўспрыманьня колеру. Іншая важная галіна дасьледаваньняў датычыцца прыроды пругкасьці, у прыватнасьці ўласьцівасьцяў і функцыі пругкіх артэрыяў; яго тэорыя распаўсюджваньня хваляў у пругкіх трубках дагэтуль лічыцца фундамэнтальным карэктным апісаньнем пульсавага ціску ў артэрыях. Менавіта ў яго лекцыі па гэтым пытаньні ў Каралеўскай суполцы ў Лёндане ёсьць відавочная заява, што «пытаньне пра тое, якім чынам і ў якой ступені цыркуляцыя крыві залежыць ад цягліцавых і пругкіх сілаў сэрца й артэрыяў у здагадцы, што прырода гэтых сілаў вядомая, павінна стаць проста пытаньнем найболей удасканаленых падзелаў тэарэтычнай гідраўлікі».

У XX стагодзьдзі было паказана, што для вянознага звароту істотную ролю маюць таксама скарачэньні шкілетных цягліц і прысмоктвальнае дзеяньне грудной клеткі.[2]

Колы кровазвароту чалавека[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цыркуляцыя крыві праз сэрца. Малое кола кровазвароту праходзіць праз правы прысэрцак, правы шлуначак, лёгачную артэрыю, судзіны лёгкіх, лёгачныя вэны. Вялікае кола праходзіць празь левы прысэрцак і шлуначак, аорту, судзіны органаў, верхнюю і ніжнюю полыя вэны. Кірунак руху крыві рэгулюецца затамкамі сэрца.
Асноўны артыкул: Колы кровазвароту чалавека

Кровазварот адбываецца па двух асноўных шляхах, якія завуцца малым і вялікім коламі кровазвароту.

Па малым коле кроў цыркулюе празь лёгкія. Рух крыві па гэтым коле пачынаецца са скарачэньня правага прысэрцаку, пасьля чаго кроў трапляе ў правы шлуначак сэрца, скарачэньне якога штурхае кроў у лёгачны галамень. Цыркуляцыя крыві ў гэтым кірунку рэгулюецца прысэрцава-шлуначнай пярэтыкай і дзьвюма затамкамі: трохсчыннай (паміж правым прысэрцакам і правым шлуначкам), якая прадухіляе вяртаньне крыві ў прысэрцак, і затамкай лёгачнай артэрыі, што прадухіляе вяртаньне крыві зь лёгачнага галаменя ў правы шлуначак. Лёгачны галамень разгаліноўваецца да сеткі лёгачных капіляраў, дзе кроў насычаецца кіслародам за конт вэнтыляцыі лёгкіх. Затым кроў празь лёгачныя вэны вяртаецца зь лёгкіх у левы прысэрцак.

Вялікае кола кровазвароту забясьпечвае насычанай кіслародам крывёй органы і тканкі. Левы прысэрцак скарачаецца адначасова з правым і штурхае кроў у левы шлуначак. Зь левага шлуначка кроў трапляе ў аорту. Аорта разгаліноўваецца на артэрыі і артэрыёлі, што ідуць у розныя часткі арганізму і сканчаюцца капілярнай сеткай у органах і тканках. Цыркуляцыя крыві ў гэтым кірунку рэгулюецца прысэрцава-шлуначнай пярэтыкай, двохсчыннай (мітральнай) затамкай і затамкай аорты.

Такім чынам, кроў рухаецца па вялікім коле кровазвароту ад левага шлуначка да правага прысэрцака, а затым па малым коле кровазвароту ад правага шлуначка да левага прысэрцака.

Мэханізм кровазвароту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рух крыві па судзінах ажыцьцяўляецца, галоўным чынам, дзякуючы рознасьці ціскаў паміж артэрыяльнай сыстэмай і вэнознай. Гэта сьцьвярджэнне цалкам справядліва для артэрыяў і артэрыёляў, у капілярах і вэнах зьяўляюцца дапаможныя мэханізмы, пра якія ніжэй. Рознасьць ціскаў ствараецца рытмічнай працай сэрца, што перапампоўвае кроў з вэнаў у артэрыі. Паколькі ціск у вэнах вельмі блізкі да нуля, гэтую рознасьць можна прыняць практычна роўнай артэрыяльнаму ціску.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Некаторыя навукоўцы лічаць, што Андрэа Чэзальпіна быў першым, яшчэ да Гарвэя, хто адкрыў кровазварот — ён апісаў вялікае кола кровазвароту.
  2. ^ Аринчин Н. И., Борисевич Г. Ф. Микронасосная деятельность скелетных мышц при их растяжении. — Мн.: Наука и техника, 1986. — 112 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Кровазваротсховішча мультымэдыйных матэрыялаў