Пол Пот

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Пол Пот

Пол Пот (сапраўднае імя Салот Сар) (1925-1998) - кіраўнік Камбоджы, лідэр Чырвоных Кхмэраў. Cтаяў на чале леваэкстрэмісцкага рэжыму Чырвоных Кхмэраў, які праводзіў генацыд супраць свайго народа і за 3,5 гады вынішчылі ад аднагo дo троx мільёнаў чалавек, што складала 1/3 ад агульнага насельніцтва Камбоджы.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства і юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салот Сар нарадзіўся ў 1925 у вёсцы Прэксбаўв у сям'і заможнага селяніна. У ўзросьце дзевяці гадоў быў адпраўлены ў Пнампэнь да сваякоў. Пасьля пераезду колькі месяцаў праводзіць у якасьці прыслужніка ў будыйскім кляштары Ват Ботум Вадэй, дзе вывучае кхмэрскую мову і асновы будызму. У 1937 Сар паступае ў каталіцкую пачатковую школу École Miche, дзе атрымлівае асновы клясычнай адукацыі. Пасьля яе заканчэньня ў 1942 Сар працягвае навучаньне ў Каледжы Нарадома Сіянука ў Кампангчаме. Спроба Сара ў 1948 працягнуць адукацыю ў прэстыжным Ліцэі Сісавата скончылася няўдачай, ён ня здолеў здаць іспыты і быў вымушаны працягнуць навучаньне ў Тэхнічнай школе ў Пнампэні. У 1949 Салот Сар атрымлівае ўрадавую стыпэндыю для атрыманьня вышэйшай адукацыі ва Францыі. Меркавалася, што ён працягне навучаньне ў прафэсійнай школе ў Ліможы або Тулоні.

Гады вучобы ва Францыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыехаўшы ва Францыю, Сар выправіўся ў Парыж, дзе пачаў вывучаць радыёэлектроніку. Успамінаючы аб першым годзе свайго студэнцкага жыцьця, Сар адзначаў, што шмат працаваў і быў добрым студэнтам. Улетку 1950 разам зь іншымі студэнтамі Сар адпраўляецца на працу ў Югаславію, дзе каля месяца працуе ў Заграбе. Пры канцы 1950 у Парыж прыязджае стары сябра Сара - Іэнг Сары. Іэнг Сары знаёміць Салот Сара з Кэнг Вансакам, патрыятычна наладжаным нацыяналістам, зь якім вучыўся ў Ліцэі Сісавата. Менавіта на кватэры Кенг Вансака пачынае працаваць марксысцкі гурток, ініцыятарамі стварэньня якога былі Іэнг Сары і Рат Самаён. Сярод абмяркоўваных у рамках гуртка працаў - "Нацыянальнае пытаньне" Джугашвілі (Сталіна), "Імпэрыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізма" Ульянава (Леніна), "Капітал" Маркса.

У сярэдзіне 1952 Салот Сар пад псэўданімам Кхмэр Даом выступае з сваім першым палітычным творам - у адмысловым выпуску часопіса камбаджыйскіх студэнтаў "Khmer Nisut" выходзіць яго артыкул "Манархія або дэмакратыя?". Верагодна ў 1952 Салот Сар уступіў і ў Камуністычную партыю Францыі[1]. Да гэтага часу Салот Сар страціў цікавасьць да навучаньня й быў адлічаны з унівэрсытэту. 15 сьнежня 1952 Салот Сар пакідае Францыю і вяртаецца на радзіму.

Вяртаньне ў Камбоджу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 1953 Салот Сар вярнуўся ў Камбоджу і пасяліўся ў Пнампэні ў свайго старэйшага брата Лот Суонга. Празь месяц ён распачаў спробы ўсталяваць кантакты з антыфранцускімі партызанскімі атрадамі, а пасьля пазнаёміўся зь мясцовым прадстаўніком Камуністычнай партыі Індакітая (КПІ) - Фам Ван Ба. Салот Сар зьвярнуўся да яго з просьбай прыняць яго ў КПІ на падставе свайго чалецтва ў Камуністычнай партыі Францыі. Фам Ван Ба зьвязаўся з Парыжам праз Ханой і ў жніўні 1953 Салот Сар уступіў у КПІ, пачаў працаваць у аддзеле масавай прапаганды штабной ячэйкі, наведваць школу для партыйных кадраў. Настаўнікам Сара стаў Ту Самут. У 1954 Салот Сар займаецца падрыхтоўкай будучых выбараў.

Вярнуўшыся ў Камбоджу, заснаваў рух, вядомы пад назвай "чырвоныя кхмэры", які ў 1967 пачаў партызанскую вайну супраць цэнтральнага ўрада. У 1975 атрады Пол Пота захапілі сталіцу Камбоджы Пнампэнь. У краіне ўсталяваўся рэжым самага лютага тэрору супраць прадстаўнікоў вышэйшага кляса й інтэлігенцыі. У 1979 Пол Пот быў зрынуты віетнамскімі войскамі.

Да 1998 году хаваўся ў джунглях у цяжкадаступных раёнах Камбоджы з рэшткамі аддзелаў "Чырвоных Кхмэраў". Пры канцы жыцьця ўзяты пад варту па загадзе камандуючага войскамі чырвоных кхмэраў Та Мока. Памёр 15 красавіка 1998 году ад рака.

Паходжаньне псэўданіма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салот Сар пачаў выкарыстоўваць псэўданім "Пол Пот" у 1976. Псэўданім "Пол" ён пачаў выкарыстоўваць яшчэ ў 50-я гады. Псэўданім "Пол Пот" зьяўляецца скарачэньнем ад францускага "politique potentielle" - "патэнцыйная (магчымая) палітыка"[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Чэндлер Дэвід П. Брат нумар адзін: Палітычная біяграфія Пол Поту. — Екацярынбург: Ультра. Культура, 2005, ст.398.
  2. ^ Пол Пот: барацьбіт за шчасьце народа або крывавы дыктатар?

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. B. Kiernan. How Pol Pot Came to Power: Colonialism, Nationalism, and Communism in Cambodia, 1930-1975. London, 1985.
  2. B. Kiernan. The Pol Pot Regime: Race, Power, and Genocide in Cambodia under the Khmer Rouge, 1975-79. New Haven, 1996.
  3. David P. Chandler Brother Number One: A Political Biography of Pol Pot. Boulder, 1999.
  4. Кампучия: от трагедии к возрождению. Москва, Издательство политической литературы, 1979. – 255 с.

Commons-logo.svg  Пол Потсховішча мультымэдыйных матэрыялаў