Роман Пентка
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Роман Пентка (па-польску: Roman Piętka; нарадзіўся 7 лістапада 1937, в. Новая Астралэнка, Мазавецкае ваяводзтва, Польшча) – беларускі й польскі грэка-каталіцкі дзеяч.
Паходзіць з польскае рымска-каталіцкае сям'і. Імя пры нараджэньні - Рышард. У 1953 паступіў у навіцыят марыянаў у Скужцы, затым вучыўся ў Рыме, Русыкуме. Жыў у кляштары ў Гетжвалдзе. Вывучаў філязофію й тэалёгію. У 1964 у Ўлоцлавеку высьвячаны на сьвятара біскупам Чаславам Сіповічам. У 1965-1970 вывучаў клясычную філялёгію на Гуманістычным факультэце Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту. Пад уплывам беларускага сьвятара Тамаша Падзявы зацікавіўся ўніяцтвам. У 1966 атрымаў дазвол на адпраўленьне імшы паводле бізантыйскага абраду. Ад 1969 пробашч нэаўніяцкае парафіі сьвятога Мікіты ў Кастамлотах, адзінае на Падляшшы каталіцкае парафіі ўсходняга абраду, што ацалела пасьля Другое ўсясьветнае вайны. У 1982-1995 выкладчык грэцкае й лацінскае моваў у Духовай сэмінарыі марыянаў у Любліне й на Тэалягічным факультэце Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту. У 1998 узьведзены ў сан архімандрыта, тады ж узнагароджаны мэдалём Ecclesiae Populoque servitium praestanti. За час свайго душпастырства ў Кастамлотах стварыў Санктуарый Падляскіх пакутнікаў, адрамантаваў старую драўляную царкву, спрычыніўся да рэстаўрацыі старажытных абразоў (у т.л. абраз сьв. Мікіты з 1631 году). Пры парафіі быў створаны Міжнародны экумэнічны цэнтар Nicetianum. У 2007 выдаў "Menologion" (Месяцаслоў) – каляндар літургічнага ўспаміну ўніяцкіх сьвятых. 1 верасьня 2007 адышоў на пэнсію з пасады пробашча Кастамлоцкае парафіі. Цяпер жыве ў Марыянскім доме навукі імя сьвятых Кірыла й Мяхводзя ў Любліне.
[рэдагаваць] Крыніцы
- Menologion - каляндар літургічнага ўспаміну сьвятых Усходняй Царквы. // Царква. № 3 (54), 2007
- Новы дышпастыр у Кастамлотах. // Царква. № 3 (54), 2007
| Папярэднік: Аляксандар Прылуцкі |
Пробашч нэаўніяцкае парафіі ў Кастамлотах 1969-2007 |
Пераемнік: Зьбігнеў Ніканюк |

