Саюдзіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

«Саю́дзіс» (па-летувіску: Sąjūdis — Рух) — летувіскі грамадзка-палітычны рух, які ў 19881990 узначаліў працэс аднаўленьня незалежнасьці Летувы. Першапачатковая назва «Летувіскі рух за перабудову» (па-летувіску: Lietuvos Persitvarkymo Sąjūdis), пасьля — «Летувіскі рух» (па-летувіску: Lietuvos Sąjūdis).

Ва ўмовах абвешчанай у СССР перабудовы і галоснасьці ў ЛетССР у 1987 сталі ўзьнікаць першыя незалежныя ад уладаў аб’яднаньні — дыскусійныя клюбы, экалягічныя арганізацыі, таварыствы аховы помнікаў гісторыі і культуры. Значную ролю ў актывізацыі грамадзкіх настрояў адыграў Летувіскі фонд культуры, створаны як рэспубліканскае аддзяленьне Савецкага фонду культуры (травень 1987), і створаныя пад яго эгідай нацыянальна-культурныя аб’яднаньні. Дадатковым штуршком паслужыла таксама ўзьнікненьне ў Эстоніі Народнага фронту (красавік 1988).

Утварэньне і мэты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэмарыяльная шыльда на будынку Акадэміі навук Летувы на праспэкце Гедыміна (па-летувіску: Gedimino g. 3), у якім, паводле надпісу, 3 чэрвеня 1988 была выбраная Ініцыятыўная група «Летувіскага руху за перабудову» і ў 19881990 праводзіліся паседжаньні яго Сойму.
Мітынг з асуджэньнем пакту Молатава-Рыбэнтропа ў Янішках. 20 жніўня 1989

Гісторыя Саюдзіса пачалася з утварэньня (3 чэрвеня 1988) ініцыятыўнай групы Летувіскага руху за перабудову (ЛРП) (Lietuvos Persitvarkymo Sąjūdžio Iniciatyvinė grupė; LPS) на сходзе каля 500 прадстаўнікоў тэхнічнай і гуманітарнай інтэлігенцыі ў вялікай залі Акадэміі навук Летувы. У ініцыятыўную групу ўвайшлі 35 вядомых дзеячоў культуры, мастацтва, навукі, журналістыкі (у т.л. Казімірас Антанавічус, Зігмас Вайшвіла, філёзаф Бронюс Гензяліс, музыказнавец Вітаўтас Ландсбергіс, паэт Юсьцінас Марцінкявічус, Рамуальдас Озалас, пісьменьнік Вітаўтас Пяткявічус, Казімера Прунскене, пісьменьнік і перакладнік Віргіліюс Чэпайціс, кінарэжысэр Арунас Жэбрунас, архітэктар Альгімантас Насьвіціс і інш.), 17 з іх былі сябрамі КПСС.

На прадпрыемствах і ва ўстановах арганізоўваліся групы падтрымкі ЛРП. У Саюдзісе ўдзельнічала каля 180 тыс. чалавек. Устаноўчы сход ЛРП адбыўся ў Вільні (2223 кастрычніка 1988). На сход групамі падтрымкі ЛРП было абрана 1027 дэлегатаў ад усіх раёнаў ЛетССР. Дэлегаты сходу былі прадстаўнікамі каля 1000 групаў падтрымкі. У сходзе ўдзельнічаў 1021 зарэгістраваны дэлегат; у якасьці гасьцей і ганаровых гасьцей прысутнічалі вядомыя рэфарматарскімі поглядамі сябры ЦК КПЛ, грамадзяне Вільні і інш. гарадоў СССР. На сходзе былі зачытаныя праграмныя даклады па найістотнейшых кірунках дзейнасьці ЛРП, прынятыя праграма і статут, сфармаваныя кіроўныя органы — Сойм ЛРП, які, у сваю чаргу, сфармаваў Раду Сойма ЛРП з 35 чалавек, куды ўвайшла большасьць сябраў першапачатковай ініцыятыўнай групы.

Афіцыйна арганізацыя была зарэгістраваная 16 сакавіка 1989. ЛРП выпускала самвыдатаўскі інфармацыйны бюлетэнь «Саюджыа жыніос» (па-летувіску: «Sąjūdžio žinios» — «Весткі руху»), які множыўся капіравальнымі апаратамі, і легальную газэту «Атгімімас» (па-летувіску: «Atgimimas» — «Адраджэньне»). Пасьля некалькіх нумароў на летувіскай мове газэта «Атгімімас» пачала выходзіць таксама і па-расейску («Адраджэньне»), затым стала выходзіць самастойная газэта ЛРП на расейскай «Согласие». Саюдзіс шырока выкарыстоўваў у эмблематыцы арганізацыі, ейных выданьняў і ў агітацыйных матэрыялах нацыянальную сымболіку — колеры нацыянальнага сьцяга, герб Віціс, знак Калюмнаў.

Саюдзіс сваімі мэтамі абвяшчаў культурнае адраджэньне, дэмакратызацыю, эканамічную самастойнасьць рэспублікі, клопат аб ахове навакольнага асяродзьдзя. Саюдзіс супрацоўнічаў з рэфарматарскім крылом КПЛ на чале з Альгірдасам Бразаўскасам.

Ад лістапада 1988 ЛРП пачаў займаць усё больш самастойную палітычную пазіцыю, 16 лютага 1989 кіраўніцтва ЛРП абвясьціла, што асноўнай мэтай руху зьяўляецца аднаўленьне дзяржаўнай незалежнасьці Летувы. ЛРП перайшоў да апазыцыі і канфрантацыі з ЛКП, кіраўніцтва якой па-ранейшаму дэкляравала прыхільнасьць да ідэі паступовага рэфармаваньня і абнаўленьня СССР. На выбарах народных дэпутатаў СССР (26 сакавіка 1989) з 42 квотавых мандатаў ЛетССР кандыдаты Саюдзіса атрымалі 36. Зьезд народных дэпутатаў СССР яны выкарысталі, каб пазначыць імкненьне Летувы да незалежнасьці (адначасова па іхняй ініцыятыве была створаная камісія па высьвятленьні існаваньня сакрэтных пратаколаў да Дагавору аб ненападзе паміж СССР і Нямеччынай ад 23 жніўня 1939, г. зв. пакту Молатава — Рыбэнтропа).

На выбарах у ВС ЛетССР (24 лютага 1990; дадатковыя галасаваньні ў асобных акругах 4 і 10 сакавіка) кандыдаты Саюдзіса атрымалі 101 мандат з 141. На першым жа паседжаньні новаабранага ВС (11 сакавіка 1990) быў прыняты Акт аднаўленьня незалежнасьці Летувы.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовая марка Летувы да 20-годзьдзя «Саюдзіса»

Вялікая частка групаў падтрымкі Саюдзіса на месцах паўстала яшчэ да ўстаноўчага сходу. Падобна партыйным арганізацыям, частка зь іх дзейнічала як тэрытарыяльныя першасныя арганізацыі, частка — як першасныя арганізацыі на прадпрыемствах і ўстановах.

На ўстаноўчым сходзе Саюдзіса былі створаныя органы кіраваньня — Сойм ЛРП (па-летувіску: LPS Seimas; 220 сябраў) і Рада Сойму (па-летувіску: LPS Seimo taryba; 35 сябраў). Ва ўмовах разьмежаваньня з КПЛ патрабавалася ўмацаваньне арганізацыйнай структуры, таму першапачаткова калегіяльныя органы ініцыятыўная група і Сойм ЛРП, сябры якіх мелі роўныя правы, былі пераўтвораныя — 25 лістапада 1989 на паседжаньні Рады Сойму быў абраны старшыня Вітаўтас Ляндсбэргіс і створаны пастаянны сакратарыят.

Апроч Рады Сойму ЛРП вялікі уплыў мелі Віленская кардынацыйная рада ЛРП і Ковенская рада ЛРП. На эвалюцыю палітычнай праграмы Саюдзіса ўплывала іх канкурэнцыя: ковенцы былі настроеныя больш радыкальна, ледзь ці ня зь першых дзён патрабуючы заняць бескампрамісную пазіцыю безумоўнага і неадкладнага аднаўленьня незалежнасьці.

«Саюдзіс» сёньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З Саюдзіса маюць вытокі некаторыя з сучасных палітычных партый Літвы. Па меры іх фармаваньня, узаемнай кампрамятацыі праз СМІ і судовых справаў з удзелам колішніх лідэраў Саюдзіса (абвінавачваньні ў супрацоўніцтве з савецкай дзяржбясьпекай В. Чапайціса, К. Прунскене, В. Ляндсбэргіса), сыходу актыўных удзельнікаў у іншыя сфэры дзейнасьці роля Саюдзіса зьніжалася. З 1993 Саюдзіс — адна са шматлікіх грамадзкіх арганізацый.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Alfred Erich Senn. Lithuania Awakening. — Berkeley: University of California Press, 1990.
  • Георгий Ефремов. Мы люди друг другу (Литва: будни свободы. 1988-90). — Москва: Прогресс, 1992.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Саюдзіссховішча мультымэдыйных матэрыялаў