Цырыл Васіль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Цырыл Васіль
Cyril Vasiľ
Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
7 траўня 2009
Папярэднік Антоніа Марыя Вэльё

1-ы Тытулярны архібіскуп Птолемаіды ў Лібіі
14 чэрвеня 2009
Інтранізацыя 7 траўня 2009
Царква Каталіцкая

Нарадзіўся 10 красавіка 1965
Сьцяг Славаччыны Кошыцы
Прыняцьце сьвятога сану 14 чэрвеня 1987
Прыцяцьце манаства 15 кастрычніка 1990
Япіскапская хіратонія 14 чэрвеня 2009

Biskup Vasil Cyril.jpg

Узнагароды




Цырыл Васіль, ТІ, Кірыла Васіль, ТІ (славац. Cyril Vasil’) (10 красавіка 1965, г. Кошыцы, Славакія) — славацкі грэка-каталіцкі сьвятар-езуіт, багаслоў, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

Нарадзіўся ў Кошыцах (Славакія) 10 красавіка 1965 году. У 1982-1987 гг. навучаўся ў Браціслаўскім унівэрсытэце на тэалягічным факультэце імя Кірылы і Мятода. Быў рукапакладзены на сьвятара 14 чэрвеня 1987 г. біскупам Славамірам Міклаўшам зь Югаславіі, бо ў той час Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквой кіраваў ардынар-мітрат, які ня быў біскупам (не атрымаў дазволу камуністычных уладаў). У 1990 годзе айцец Цырыл Васіль уступіў у Ордэн Езуітаў.

У 1989 годзе атрымаў ліцэнцыят усходняга кананічнага права ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, там жа ў 1994 годзе абараніў доктарскую працу па Ўсходнім кананічным праве.

Пасьля заканчэньня студыяў а. Цырыл Васіль зьяўляўся прафэсарам, дэканам факультэту кананічнага права ў Папскім Усходнім інстытуце, прарэктарам, а з 2007 году — рэктарам гэтага Інстытуту. Працаваў таксама прафэсарам у Папскім Грыгарыянскім унівэрсытэце ў Рыме, на тэалягічных факультэтах ва ўнівэрсытэтах Браціславы і Трнавы. Разам з Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) працаваў у коле кансультараў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

7 траўня 2009 году Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў а. Цырыла Васіля, SJ, які дагэтуль працаваў рэктарам Папскага Ўсходняга інстытуту (Pontificia Instituto Orientale), Сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. 14 чэрвеня 2009 году ў рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore адбылася яго архірэйская хіратонія. Папа надаў яму годнасьць тытулярнага архібіскупа Птолемаіды ў Лібіі.

Архібіскуп Цырыл Васіль зьяўляецца кансультарам (дарадцам) Кангрэгацыі навукі веры, з 2010 году — Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, а з 2011 году — сябра Папскай Рады па справах пастырства мігрантаў і падарожнікаў, дзе раней служыў дарадцам. Акрамя таго, ён быў прызначаны кансультантам-экспэртам агульнага Сыноду Біскупаў, прысьвечанага Тайне Эўхарыстыі, які адбыўся ў 2005 годзе.

Уладыка Кірыла (Васіль) – аўтар шматлікіх кніг і публікацыяў, супрацоўнічаў з Ватыканскім радыё.

Таксама значную частку свайго жыцьця ён прысьвяціў душпастырству каталіцкіх скаўтаў, быў скаўцкім капэлянам у Рымскай дыяцэзіі, тры гады (з 2003 г.) зьяўляўся капэлянам Міжнароднай Фэдэрацыі гайдаў і скаўтаў Эўропы.

Акрамя роднай славацкай мовы, валодае таксама лацінскай, італійскай, ангельскай, францускай, нямецкай, гішпанскай, грэцкай, царкоўнаславянскай, расейскай і ўкраінскай мовамі. Уладыка Кірыла свабодна чытае па-беларуску і шматразова дапамагаў сваімі юрыдычнымі кансультацыямі БГКЦ.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]