Helicobacter pylori

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Helicobacter pylori

Helicobacter pylori (скарочана H. pylori ці хелікабактар) — бактэрыя, якая інфікуе клеткі склізі (mucus) страўніка. Гэтая бактэрыя лічыцца асноўным чыньнікам гастрыту і язвы страўніка.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бактэрыя была ўпершыню апісаная двума аўстралійскімі навукоўцамі Робінам Ўорэнам (Robin Warren) і Бары Маршалам (Barry Marshall) у 1982 годзе. Назва паходзіць ад лацінскага слова helix (сонца), бо бактэрыя мае адпаведную форму з «промнямі», менавіта з дапамогай якіх яна літаральна ўпіваецца ў тканкі страўніка, у клеткі эпітэлію. Аўстралійскія вучоныя ўпершыню даказалі, што гастрыты і язвы страўніка ды дванаццаціпалай кішкі (кутніцы) ёсьць інфэкцыяй. Першапачаткова гэта сустрэла недавер з боку некаторых дактароў, але нарэшце ў 1994 годзе амэрыканскі Нацыянальны інстытут здароўя (National Institutes of Health) прызнаў той факт, што язва выклікаецца бактэрыяй H. pylori і рэкамэндаваў лячэньне язвы з дапамогай курсу антыбіётыкаў. Канчатковае прызнаньне працы аўстралійскіх навукоўцаў прыйшло ў 2005 годзе, калі яны атрымалі Нобэлеўскую прэмію ў галіне мэдыцыны.

Паводле розных ацэнак, да двух трацінаў усяго насельніцтва Зямлі мае гэтую бактэрыю, і таму яе праўдападобна можна лічыць самай распаўсюджанай інфэкцыяй у сьвеце.

Лячэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лекары рэкамэндуюць адзін тыдзень інтэнсіўнай трайной тэрапіі з камбінацыяй антыбіётыкаў, напрыклад: амаксіцыкліну, клярытраміцыну і амэпразолу. Гэтая мэтадалёгія лячэньня зрабіла сапраўдную рэвалюцыю ў лекаваньні язваў. Раней адзіным сродкам лячэньня быў кантроль за ўзроўнем кіслотнасьці ў страўніку з дапамогай спэцыяльных інгібітараў. Але, на жаль, і антыбіётыкі не заўсёды даюць рады. Калі ў пацыента застаецца бактэрыя пасьля тыдня трайной тэрапіі антыбіётыкамі, то курс лячэньня трэба паўтарыць, выкарыстоўваючы іншую камбінацыю антыбіётыкаў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Helicobacter pyloriсховішча мультымэдыйных матэрыялаў