Java Platform, Micro Edition

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Java Platform, Micro Edition (Java ME, раней — Java 2 Micro Edition, J2ME) — падмноства плятформы Java для прылад, абмежаваных у рэсурсах, мабільных тэлефонаў, PDA і іншых.

Java ME была распрацаваная пад кіраўніцтвам Sun Microsystems і зьяўляецца заменай падобнае тэхналёгіі, PersonalJava. Першапачаткова спэцыфікацыя распрацоўвалася ў рамках JCP (Java Community Process) як JSR 68[1]. Пазьней яе варыянты разьвіліся ў асобныя JSR. Sun падае ўзор рэалізацыі (па-ангельску: reference implementation) спэцыфікацыі, але да нядаўняга часу не падавала бясплатнай рэалізацыі асяродзьдзя выкананьня (па-ангельску: runtime environment) Java ME для мабільных прылад. 22 сьнежня 2006 зыходны код Java ME быў выпушчаны пад ліцэнзіяй GNU General Public License, праект атрымаў назву phoneME[2].

Адметныя асаблівасьці прыладаў з абмежаванымі рэсурсамі зьяўляюцца абмежаваная вылічальная магутнасьць, абмежаваны аб'ём памяці, малы памер дысплэя, сілкаваньне ад партатыўнай батарэі, а таксама нізкахуткасныя і нядосыць надзейныя камунікацыйныя магчымасьці. Тыповы сучасны мабільны тэлефон утрымоўвае ўсярэдзіне 32-разрадны RISC-працэсар з тактавай частатой 50 МГц, мае аб'ём апэратыўнай памяці каля 4 Мб, каляровы дысплэй памерам 2 дзюйма і мае магчымасьць злучэньня зь Інтэрнэтам пасродкам GPRS або EDGE з хуткасьцю да 474 кбіт/с, якое пры гэтым фундамэнтальна ненадзейна, паколькі хуткасьць перадачы дадзеных можа нечакана зваліцца, або злучэньне можа быць наогул цалкам страчана.

Java ME спэцыфіцыруе дзьве базавыя канфігурацыі, якія вызначаюць патрабаваньні да віртуальнай машыны (абмежаваньне набору дапушчальных інструкцыяў і інш.), а таксама мінімальны набор базавых клясаў: CLDC (Connected Limited Device Configuration — канфігурацыя прылады з абмежаванымі камунікацыйнымі магчымасьцямі) і CDC (Connected Device Configuration — канфігурацыя прылады з нармальнымі камунікацыйнымі магчымасьцямі).

Java ME таксама вызначае некалькі так званых профіляў (па-ангельску: profiles), якія дапаўняюць і пашыраюць згаданыя вышэй канфігурацыі, у прыватнасьці вызначаюць мадэль прыкладаньня, магчымасьці графічнага інтэрфэйсу, а таксама камунікацыйныя функцыі (напрыклад доступ да Інтэрнэту) і інш.

У цяперашні час самой распаўсюджанай канфігурацыяй зьяўляецца CLDC, для якога распрацаваны профіль MIDP (Mobile Information Device Profile — профіль для мабільнай прылады з інфармацыйнымі функцыямі). Прыкладаньні, напісаныя для гэтага профіля, завуцца мідлетамі (па-ангельску: MIDlet). Іншым папулярным профілем для CLDC зьяўляецца DoJa, распрацаваны фірмай NTT DoCoMo для яе ўласнага сэрвіса iMode. iMode вельмі распаўсюджаны ў Японіі, і ў меншай ступені ў Эўропе і на Далёкім Усходзе.

Канфігурацыя CLDC пасьпяхова выкарыстоўваецца ў большасьці сучасных мабільных тэлефонаў і партатыўных арганайзэраў. Па дадзеных кампаніі Sun Microsystems да канца 2004 году ў сьвеце было выпушчана больш за 570 мільёнаў мабільных прылад з падтрымкай гэтай канфігурацыі Java. Гэта робіць Java ME дамінуючай тэхналёгіяй Java ў сьвеце. Аб’ёмы вытворчасьці мабільных тэлефонаў значна перавышаюць колькасьць іншых кампутарных прылад, здольных выконваць прыкладаньні на Java (напрыклад, пэрсанальных кампутараў).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://jcp.org/jsr/detail/68.jsp
  2. ^ Падрабязнасьці аб phoneME гл. на старонцы праекту.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]