Гісторыя Бабруйску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аблога Бабруйску. А. Вэстэрвэльд, 1649

Бабруйскмагдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), адзін з цэнтраў рэгіёну. Да нашага часу тут захаваўся барокавы касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі дзеля будаваньня фартэцыі, а таксама дзьве царквы-мураўёўкі, нэагатычны касьцёл, сем сынагогаў і фрагмэнты гістарычнай мескай забудовы. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся езуіцкі калегіюм і Фарны касьцёл, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама клясыцыстычная царква ў фартэцыі, зруйнаваная савецкімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама места: направа — Фара і вежа езуіцкага касьцёла, 1810

Паводле археалягічных зьвестак, старажытнае паселішча на месцы сучаснага Бабруйску існавала ўжо ў V—VI стагодзьдзях. Апрача таго, на падставе знаходак каменных прыладаў можна выказаць здагадку, што людзі маглі жыць у гэтай мясцовасьці яшчэ ў каменным веку.

Першы пісьмовы ўпамін пра Бабруйск зьмяшчаецца ў прывілеі вялікага князя Ягайлы і датуецца 27 красавіка 1387. Гэты дакумэнт пацьвярджаў правы Скіргайлы на валоданьне сярод іншых земляў і Бабруйскай воласьцю, якая складалася зь «Виленской и Троцкой половицы». Ад 1392 места падпарадкоўвалася вялікаму князю Вітаўту. Тут знаходзілася рэзыдэнцыя вялікакняскага намесьніка, які падначальваўся ваяводу віленскаму. Да гэтага ж часу адносяцца першыя зьвесткі пра замак і мескія ўмацаваньні.

Касьцёл і кагегіюм езуітаў, 1800

У канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў Бабруйск неаднаразова быў захоплены й спалены татарамі. Таксама места моцна пацярпела ад войскаў Маскоўскай дзяржавы ў часе войнаў 1507—1508 і 1534—1537. У пачатку 1508 яго захапіў Міхал Глінскі. З XVI ст. Бабруйск перадаваўся ў часовае кіраваньне найбольш магутных шляхецкіх родаў. Паводле рэвізіі 1560, былі ўнармаваныя павіннасьці месьцічаў, перамераныя ворныя землі места.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Бабруйск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 2-й палове XVI ст. у месьце дзейнічала царква сьвятога Міколы, пры якой існавала праваслаўнае брацтва. У 1618 у Бабруйску зьявіліся нясьвіскія езуіты, якія заснавалі тут сваю рэзыдэнцыю.

Касьцёл Сьвятых Пятра і Паўла

Паводле інвэнтару 1626, у Бабруйску было 409 двароў, 15 вуліцаў, 2 завулкі, 75 крамаў, цэрквы сьвятога Міколы й Ільлі, касьцёл Сьвятых Пятра й Паўла. Места атачаў земляны вал з драўлянымі сьценамі, умацаванымі двухпавярховымі вежамі (агулам каля 10). Існавала 5 брамаў: Кісялёўская, Падольная, Прудовая, Сьвіслацкая й Слуцкая[1]. Найбольш заможнымі месьцічамі былі староста Пётра Трызна, Прачысьценскі бабруйскі поп Фурс Карніевіч, Ільінскі поп Павал, шляхцічы Гарасім Сідаровіч, Няпжэцкі, рэвізар Сьцяпан Рагоза, харужы Ян Гінбуд, Язэп Скарына, Іван Шырокі, Шамбяровіч. У 1639 кароль і вялікі князь Уладзіслаў дазволіў месьцічам штогод праводзіць 2 кірмашы па 2 тыдні кожны, а таксама пацьвердзіў ўсе ранейшыя прывілеі пачынаючы ад 1561.

У кастрычніку 1648 Бабруйск захапіў казацкі загон атамана Паддубскага. Пры дапамозе часткі жыхароў захопнікі перабілі шляхту і патапілі старосту ў Бярэзіне. У лютым 1649 места вызваліла войска гетмана Януша Радзівіла, які жорстка расправіўся з казакамі. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у лютым 1655 казакі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі захапілі й спалілі Бабруйск, а жыхароў — забілі. Паводле Гадзяцкае дамовы 1658, мясьціна перайшла ў пажыцьцёвае валоданьне казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. У 1665 казакі зноў спалілі места.

З 2-е паловы XVII ст. Бабруйск называлі мястэчкам, у 1671 тут было 170 дамоў. Паселішча моцна пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700—1721), калі ў 1708 празь яго праходзілі швэдзкія й расейскія войскі. У пачатку 1790-х тут было 1884 жыхары, 314 дамоў[1]. Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772) сюды з Рэчыцы перанесьлі паседжаньні павятовых судоў і соймікаў, а таксама перавезьлі архіў Рэчыцкага павету.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фарны касьцёл, 1823

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бабруйск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі. У часе паўстаньня Т. Касьцюшкі 1794 яго на некаторы час вызваліла з-пад расейскай улады войска палкоўніка Стэфана Грабоўскага.

У 1795 Бабруйск стаў цэнтрам павету Менскае губэрні. 22 студзеня 1796 ён атрымаў уласны герб. Сымболіка гербу мае цесны зьвязак з будаваньнем флёту на Чорным і Балтыйскім морах, дзеля чаго патрабавалася шмат шчоглавага лесу. Таму на срэбным полі гербавай тарчы выява карабельнай шчоглы і «да яе крыжападобна прыстаўленыя два вырабленыя для шчоглаў дрэвы»[2]. У 1800 зьявіўся першы праектны плян Бабруйску. Паводле гэтага пляну, места забудоўвалася да 1810.

Царква ў фартэцыі, 1823

Новы пэрыяд гісторыі Бабруйску мае зьвязак з будаваньнем фартэцыі. Яе ўзьвядзеньне пачалося ўлетку на загад Аляксандра I ад 10 жніўня 1810. 4 чэрвеня 1811 над фартэцыяй узьнялі расейскі сьцяг. Яна лічылася наймацнейшай і непрыступнай і прылічалася да першаклясных вайсковых умацаваньняў на тэрыторыі Расейскае імпэрыі. Узьвядзеньне фартэцыі вялося ў два этапы. Першы этап ажыцьцяўляўся ўва ўмовах набліжэньня вайны з Францыяй. Фартэцыя будавалася паводле праекту інспэктара Інжынэрнага корпусу расейскага войска Карла Опэрмана. Яе ўзводзілі жаўнеры й прыгонныя сяляне Магілёўскае, Менскае, Чарнігаўскае губэрняў. Матэрыялы дастаўлялі з Украіны, Карэліі, Каўказа, Урала. Да пачатку вайны 1812 пасьпелі збудаваць пяць асноўных бастыёнаў, частку ўнутраных будынкаў, насыпаць валы і выкапаць равы.

Фартэцыя, абмеры

У пэрыяд вайны 1812 камандуючы 2-е расейскае арміі князь Пётр Багратыён па баях з францускімі войскамі пад абаронай умацаваньняў Бабруйскае фартэцыі здолеў даць адпачынак сваім жаўнерам, перафармаваць за кошт гарнізону фартэцыі найбольш парадзелыя аддзелы, пакінуць хворых і параненых, папоўніць запасы і пасьпяхова злучыцца з 1-м войскам пад камандаю Барклая-дэ-Толі. Чатыры месяцы фартэцыя была ў аблозе.

Другі этап будваньня прыйшоўся на 1812—1836. За гэты час тэрыторыя фартэцыі павялічылася, зьявіліся дадатковыя бастыёны й вежы, у тым ліку ў 1822 — знакаміты форт «Фрыдрых Вільгельм». Што тычыцца архітэктурнага афармленьня будынкаў фартэцыі, тут выкарысталі элемэнты клясыцызму.

Фартэцыя (відаць, у Замасьці)

З Бабруйскам маюць зьвязак падзеі дзекабрысцкага руху ў Расеі. У фартэцыі расквартавалі 9-ю пяхотную дывізію, сярод афіцэраў якой былі сябры таемных таварыстваў. Менавіта тут у траўні 1823 распрацавалі плян узброенага паўстаньня, які прадугледжваў арышт цара Аляксандра ў час агляду войскаў у фартэцыі. Аўтарамі праекту выступалі афіцэры — Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін, Іван Павала-Швяйкоўскі. Аднак кіраўнікі паўстаньня адхілі гэты плян. У фартэцыі служылі, а пазьней адбывалі пакараньне за ўдзел у сьнежаньскім паўстаньні, Васіль Нораў, Васіль Дзіваў, Міхайла Бадзіска, Міхайла Пушчын (камэндант крэпасьці ў 1865—1869) і іншыя. У другой палове XIX ст. Бабруйская фартэцыя згубіла сваё стратэгічнае прызначэньне і ў 1886 стала складам. Праз год фартыфікацыю зьнялі з уліку як стратэгічную адзінку, тут разьмясьціўся дысцыплінарны батальён для ніжніх чыноў.

У XIX ст. хутка разьвіваліся гандаль і прамысловасьць Бабруйску, да чаго прычыніліся ўзьвядзеньне фартэцыі, Маскоўска-Варшаўскае шашы й Лібава-Роменскае чыгункі. Гэта спрыяла эканамічнаму ўздыму, прытоку капіталу й павелічэньню насельніцтва. Запрацавалі шматлікія майстэрні і заводы: лесапільныя, цагляныя, вінакурныя, тытунёвыя, маслабойныя, сьвячныя. У 1889 вырабіў першую прадукцыю медна-жалезакацельны завод. Галоўным багацьцем і прадметам гандлю быў лес, сьпірт, мёд, шкло, яблыкі. На мяжы XIX—XX стагодзьдзяў у Бабруйску пашыралася сетка навучальных установаў: працавалі прагімназія, прыхадзкая вучэльня і шэраг дзяржаўных і прыватных мужчынскіх і жаночых гімназіяў. Мэдычную Мэдычнае абслугоўваньне месьцічаў ажыцьцяўлялі вайсковы шпіталь і лякарня жыдоўскага таварыства. У пачатку XX ст. налічвалася 3500 будынкаў, два пляцы і 36 вуліцаў. Бабруйск быў вядомы яшчэ й як буйны выдавецкі цэнтар. У месьце працавалі некалькі прыватных друкарняў, якія выдавалі кнігі на расейскай мове й ідышы. Выходзілі такія газэты, як «Бобруйский курьер», «Бобруйский листок», «Бобруйская жизнь» і іншыя. У 1883 у Бабруйску дзейнічала суполка арганізацыі «Народная воля». У 1898 у тутэйшай бундаўскай друкарні выйшаў Маніфэст I зьезду РСДРП.

У 1914 каля Бабруйску прайшла лінія фронту. У гэты пэрыяд у ім дысьлякавалася каля 30 вайсковых частак.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жаўнеры корпусу Ю. Доўбар-Мусьніцкага ля кургану ў гонар памерлых

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бабруйск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1918 места заняў польскі корпус Доўбар-Мусьніцкага, пазьней — нямецкія войскі. 28 лістапада 1918 Бабруйск занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. 28 жніўня 1919 Бабруйск зноў зноў палякі, якія стварылі ў фартэцыі лягер для палонных. 10 ліпеня 1920 места зноў захапілі бальшавікі.

1 кастрычніка 1929 у Бабруйску пачаў дзейнічаць найбольшы ў Эўропе дрэваапрацоўчы камбінат. Збудаваная ў 1922 сталярная майстэрня ў 1926 пераўтварылася ў мэблевую фабрыку імя Халтурына. У 1930 першую прадукцыю дала фабрыка імя Дзяржынскага — найбуйнейшае ў БССР прадпрыемства швацкае прамысловасьці. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны стаў буйным прамысловым цэнтрам і тэмпамі росту прамысловасьці Бабруйск выйшаў на першае месца ў БССР.

У перадваенныя гады Бабруйск быў даволі значным вайсковым аб’ектам. Тут дысьлякаваўся штаб і часткі 47-га стралковага корпусу, большасьць частак 121-е стралковае дывізіі, 174-асобны зэнітны артылерыйскі дывізіён, вайскова-трактарная вучэльня, акруговыя склады.

У Другую сусьветную вайну ў выніку імклівага наступу нямецкіх танкавых дывізіяў 28 чэрвеня 1941 Бабруйск захапілі нямецкія войскі. Тым ня менш, на пачатку ліпеня 1941 ў навакольлі места адбылася бітва, якая сталася часткай Смаленскае бітвы. У першыя ж дні акупацыі немцы разьмясьцілі ў Бабруйску 2 перасыльныя лягеры для ваеннапалонных. Адзін быў у раёне вуліцы Паркавай, другі — на тэрыторыі фартэцыі. У верасьні абодва лягеры былі аб’яднаныя ў адзін, і ўсіх ваеннапалонных разьмясьцілі на тэрыторыі фартэцыі. Агулам за тры гады акупацыі тут зьнішчылі каля 44 тысячаў вайскоўцаў. Першыя падпольныя антыфашысцкія групы зьявіліся ў канцы ліпеня 1941. У месьце дзейнічала 17 падпольных групаў, якія бесьперапынна падтрымлівалі зьвязак з падпольнымі аддзеламі. 24 чэрвеня 1944 войскі правага крыла першага Беларускага фронту пад камандаю генэрала К. Ракасоўскага пачалі наступальную апэрацыю. 27 чэрвеня ўьварылася шчыльнае кольца атачэньня: у «Бабруйскім катле» апынуліся шэсьць варожых дывізіяў дзявятае палявое арміі суперніка колькасьцю каля 40 тысячаў чалавек. 29 чэрвеня ў Бабруйск увайшлі савецкія войскі. У гонар савецкія салдатаў у Бабруйску паставілі стэлы, помнікі абэліскі, памятныя шыльды. За гераічнасьць, выяўленую пры вызваленьні места, ваярам І. Кабякову, Н. Масонаву, К. Навумаву прысвоілі званьне Героя СССР. У вайну з 7650 дамоў было цалкам разбурана й спалена больш за 3000. Колькасьць насельніцтва скарацілася больш за напалову, і склала трохі больш за 28 тысячаў чалавек (для параўнаньня ў 1939 — 84 107 чалавек).

У 1944 утварылася Бабруйская вобласьць, скасаваная аднак у 1954. У паваенны час пачалося актыўнае будаваньне новых прадпрыемстваў: завод гумава-тэхнічных вырабаў (1952), мясакамбінат (1956), завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (1959), футравая фабрыка (1960), малочны завод (1967). У 1949 быў пераадолены даваенны ўзровень прамысловае вытворчасьці. Да пачатку 1960-х у Бабруйску ў асноўным разьвівалася дрэваапрацоўчая прамысловасьць. У 1960 пачалося будаваньне Шыннага камбіната, на якім 1 студзеня 1972 вырабілі першую пакрышку. Неаднаразова Бабруйск выходзіў пераможцам на конкурсах СССР і БССР. 3 ліпеня 1987 за посьпехі, дасягнутыя працаўнікамі места ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, іх унёсак у перамогу СССР у апошнюю вайну і ў зьвязку з 600-годзьдзем, Бабруйск узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Штандару.

У 2006 у Бабруйску прайшоў фэстываль-кірмаш «Дажынкі».

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пляны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Касьцельная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Менская[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Раманаўская[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Шашэйная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Альхоўская[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральная вуліца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рака Бярэзіна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фартэцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Грынявецкі В. Бабруйск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 273.
  2. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Бабруйскусховішча мультымэдыйных матэрыялаў