Адзій Шарыпаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адзій Шарыпаў
каз. Әди Шәріпов
Кіраўнік Інстытуту літаратуры і мастацтва НАН Казахстану
1979 — 1993
1-ы сакратар Саюзу пісьменьнікаў Казахстану
1966 — 1971
6-ы міністар замежных справаў Казаскай ССР
1963 — 1966
Прэм’ер-міністар: Дзінмухамэд Кунаеў, Масымхан Бейсебаеў
Папярэднік: Уцешкалі Атамбаеў
Наступнік: Балжан Бультрыкава
Міністар асьветы Казаскай ССР
1958 — 1963
Прэм’ер-міністар: Дзінмухамэд Кунаеў, Жумабек Ташэнаў, Салькен Даўленаў, Масымхан Бейсебаеў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 19 сьнежня 1912
сяло Марынаўка, Сяміпалацінская вобласьць, Расейская імпэрыя
Памёр: 4 лістапада 1993
Алматы, Казахстан
Сужэнец: жонка Клара Жагіпараўна Манжысарава
Бацька: Шарып Шарыпаў
Адукацыя: Казаскі пэдагагічны інстытут (1938, Алматы)
Узнагароды:
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»

Адзі́й Шары́павіч Шары́паў[a] (1912, с. Марынаўка, цяпер Усходне-Казахстанская вобласьць — 1993, Алматы, Казахстан) — казаскі пісьменьнік і мовазнавец.

Заслужаны настаўнік Казахстану (1957), доктар філялягічных навук (1973). Падчас Нямецка-савецкай вайны быў партызанам у Беларусі, пра што напісаў 4 аповесьці.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1938 годзе скончыў Казаскі пэдагагічны інстытут у Алматы (Казаская ССР). У 1938—1940 гадах выкладаў у школах Алмацінскай вобласьці. У лютым 1940 году яго заклікалі ў Чырвоную армію, дзе служыў у 7-й танкавай дывізіі(ru), разьмешчанай у Ваўкавыску (Беластоцкая вобласьць Беларускай ССР). Ад пачатку Нямецка-савецкай вайны да 6 ліпеня 1941 году адступаў з дывізіяй да Вязьмы (Смаленская вобласьць, Расейская СФСР), дзе яе расфармавалі. У Мухінскіх(ru) лясах Ельнянскага раёну стварыў партызанскі атрад, які дзейнічаў у Ершыцкім і Рослаўскім раёнах Смаленскай вобласьці. Атрад Сашы, як яго пазьней нараклі, увайшоў у склад 2-й Клятнянскай партызанскай брыгады (Бранская вобласьць) і падрываў масты ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласьці (Беларуская ССР). У сьнежні 1941 году атрымаў аскепкавае раненьне ў грудзі. У хаце лесьніка Рамана Андзіна лекар выдаліў аскепкі без наркозу. Па вайне Шарыпаў напісаў аўтабіяграфічную аповесьць «Гісторыя аднаго кажушка», якую прысьвяціў Еўдакіі Анодзінай, што падарыла яму свой кажух пасьля апэрацыі. У пачатку кастрычніка 1943 году 2-я Клятнянская брыгада злучылася з Чырвонай арміяй[1].

У 1944—1958 гадах быў намесьнікам міністра асьветы Казаскай ССР. Спрыяў стварэньню падручнікаў на казаскай мове, за што ў 1957 годзе атрымаў званьне «Заслужаны настаўнік Казахстану». У 1958—1963 гадах — міністар асьветы Казаскай ССР. Адначасна ў 1959—1962 і 1963—1966 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Казаскай ССР 5-га і 6-га скліканьняў. У 1963—1966 гадах — міністар замежных справаў і намесьнік старшыні Савету міністраў Казаскай ССР. У 1966—1971-м — 1-ы сакратар Саюзу пісьменьнікаў Казахстану і сакратар Саюзу пісьменьнікаў СССР. Адначасна ў 1966—1970 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР 7-га скліканьня, дзе займаў пасаду намесьніка старшыні Савету Саюзу. Напісаў пра беларусаў і Беларусь аповесьці «Дачка партызана» (каз. Партизан қызы), «Помста» і «Зоркі ў цямніцы» (каз. Қапастағы жұлдыздар). Сустракаўся з народнымі паэтамі Беларусі Петрусём Броўкам і Максімам Танкам. Стварыў сцэнар кінафільма «Лясная баляда», які паказалі на фэстывалях у Алматы і Ташкенце (Узбэцкая ССР). У 1971—1979 гадах працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук Казаскай ССР. У 1973 годзе атрымаў званьне доктара філялягічных навук. У 1979—1993 гадах быў кіраўніком Інстытуту літаратуры і мастацтва НАН Казахстану. У 1985 годзе наведаў Краснапольскі раён Беларусі. Быў першым казахам, чыё імя ўлучылі ў Брытанскую энцыкляпэдыю[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Мікола Берлеж. Беларусь — яго лёс // Зьвязда : газэта. — 29 кастрычніка 2013. — № 204 (27569). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Часам Адзі, як у: Ніна Шчарбачэвіч. Тканка літаратурнага працэсу // Жырандоля. — 3 сакавіка 2018. — № 9 (405).