Казаская мова
Казаская мова (қазақ тілі, قازاق ٴتىلى) — адна з цюрскіх моваў, належыць да кыпчацкай групы. Састарэлая назва — кыргыз-кайсацкая, казак-кыргыская. Распаўсюджаная ў асноўным у Рэспубліцы Казахстан, дзе зьяўляецца дзяржаўнай, а таксама ў іншых сярэднеазіяцкіх дзяржавах СНД, у Расеі, Іране, Аўганістане, Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР і ў некаторых іншых краінах. Агулам на казаскай мове ў сьвеце гавораць каля 12 млн чалавек. Па дадзеных попісу 1989, колькасьць казахаў, якія лічаць роднай казаскую мову, на тэрыторыі былога СССР складала к. 7 890 тыс. чалавек. На тэрыторыі Казахстана выкарыстоўваецца, побач з расейскай, у якасьці мовы міжнацыянальных зносінаў прадстаўнікамі цюрскіх этнасаў, а таксама дунганамі. Распаўсюджанае казаска-расейскае дзьвюхмоўе (асабліва ў гарадох).
Выразна выяўленага дыялектнага падзелу ў казаскай мове няма. У фанэтыцы для яе характэрная вялікая колькасьць галосных, прыпадабненне галосных у слове (сынгарманізм) па ўздыме і агубленасьці, у граматыцы — багацьце дзеепрыслоўных канструкцыяў. У лексыцы маецца вельмі шматлікі пласт араба-пэрсыдзкіх (каля 15% усёй лексікі), мангольскіх і расейскіх запазычаньняў.
У аснове сучаснай літаратурнай казаскай мовы ляжыць паўночна-ўсходні дыялект. Асноўныя асаблівасьці казаскай мовы: 1) адпаведнасьць гуку «ш» агульнацюрскаму «ч» (каш замест кач — «уцякаць»); 2) адпаведнасьць «c» агульнацюрскаму «ш» (кыс замест кыш — «зіма»); 3) адпаведнасьць пачатковага гуку «ж» пачатковым гукам «й» і «ж» у інш. цюрскіх мовах (жол замест ёл або жол — «дарога»); 4) наяўнасьць формы дзеепрыметніка сучасна-будучага часу на — атын, (-эцін), (йтын), (-йцін).
Казаская мова сфармавалася ў 15-16 стст. на аснове мовы сярэднеазіяцкіх кыпчакаў. Літаратурная казаская мова існуе з другой паловы 19 ст.; яе ўзьнікненьне зьвязанае зь дзейнасьцю паэтаў і асьветнікаў Абая Кунанбаева і Ібрая Алтынсарына, а таксама з уплывам багатага казаскага фальклёру.
Да таго ролю літаратурнай мовы грала сярэднеазіяцкая цюрская мова, якая аказала пэўны ўплыў на літаратурную казаскую мову. Канчатковая нармалізацыя літаратурнай казаскай мовы была праведзеная ў 20 ст. Пісьмовасьць да 1930 існавала на арабскай, у 1930—1940 на лацінскай аснове, з 1940 — на аснове расейскай графікі зь некаторымі дадатковымі літарамі.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Казаская мова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Вікіпэдыя мае вэрсію на казаскай мове |
| Цюрскія мовы | |
|---|---|
| Старажытнацюрскія мовы† | |
| Булгарская група | |
| Карлуцкая група | |
| Кыпчацкая група |
башкірская • казаская мова • караімская • каракалпацкая • карачаева-балкарская • кыргыская¹ • крымская¹ • крымчацкая • кумыцкая • нагайская • палавецкая† • сыбірска-татарская • татарская • урумская
|
| Агуская група | |
| Хакаска-алтайская група | |
| Саянская група | |
| Якуцкая група | |
| ¹ Клясыфікацыя мовы дыскусійная; †мёртвая мова | |
| Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |