Аляксандар Вампілаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Аляксандар Вампілаў
Александр Валентинович Вампилов
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 19 жніўня 1937 году
гор. Чэрамхова, Іркуцкая вобласьць, Расея
Памёр 17 жніўня 1972 году
воз. Байкал, Іркуцкая вобласьць, Расея
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург
Гады творчасьці 1958—1972
Напрамак сацыялістычны рэалізм
Жанр драма, камэдыя
Мова расейская
Дэбют апавяданьне «Зьбег абставінаў»
Значныя творы камэдыі «Разьвітаньне ў чэрвені», «Старэйшы сын», п’еса «Паляваньне на качак», драма «Летась улетку ў Чулімску»
Прэміі лаўрэат прэміі Іркуцкага камсамолу
http://www.vampilov.net.ru/

Аляксандар Вампілаў (1937, гор. Чэрамхова, Іркуцкая вобласьць, Расея — 1972, воз. Байкал, Іркуцкая вобласьць, Расея) — расейскі драматург.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 19 жніўня 1937 году ў горадзе Чэрамхова Іркуцкай вобласьці (Расея) ў сям’і пэдагогаў. Бацька будучага драматурга ў 1938 годзе быў рэпрэсаваны і растраляны. Маці гадавала чатырох дзяцей і працавала настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе. Менавіта маці мела пераважны ўплыў на фармаваньне асобы А. Вампілава.

Пасьля заканчэньня школы паступіў на гісторыка-філялагічны факультэт Іркуцкага унівэрсытэта. Яшчэ студэнтам пятага курсу стаў літаратурным супрацоўнікам абласной газэты «Савецкая моладзь». У газэце працаваў — потым у якасьці загадчыка аддзела і адказнага сакратара — да 1964 году.

Пасьля заканчэньня працы ў газэце А. Вампілаў цалкам прысьвячае сябе пісьменьніцтву. Неўзабаве ў Іркуцку выходзяць два калектыўныя зборнікі зь яго апавяданьнямі.

Спробы зацікавіць маскоўскія тэатры пастаноўкай сваёй першай вялікай п’есы, камэдыі «Разьвітаньне ў чэрвені» скончыліся безвынікова [1].

Прарывам Вампілава на савецкую тэатральную сцэну стала пастаноўка «Разьвітаньня ў чэрвені» ў 1966 годзе Клайпедзкім драматычным тэатрам (галоўны рэжысэр Повілас Гайдзіс). Ажыцьцявіў гэтую пастаноўку беларускі рэжысэр Вадзім Дапкюнас. У гэтым жа годзе А. Вампілаў быў прыняты ў Саюз пісьменьнікаў СССР.

Посьпех клайпедзкай пастаноўкі расчыніў дзьверы савецкіх тэатраў для творчасьці А. Вампілава: у 1970 годзе п’еса «Разьвітаньне ў чэрвені» ішла ўжо ў 8 тэатрах краіны, але, нажаль, пакуль не ў сталічных тэатрах.

Толькі ў 1972 годзе стаўленьне цэнтральнага тэатральнага асяродзьдзя СССР да п’есаў Вампілава пачынае паступова зьмяняцца. Яго п’есы ставяць маскоўскія тэатры імя Ярмолавай і Станіслаўскага, ленінградзкі Вялікі драматычны тэатар.

І менавіта на жыцьцёвым і творчым ўзьлёце А. Вампілава напаткала заўчасная сьмерць — за два дні да свайго 35-годзьдзя ён трагічна загінуў на беразе возера Байкал: лодка, ў якой ён быў разам з сябрам, перакулілася, Аляксандар даплыў да берага, але яго сэрца не вытрымала доўгага знаходжаньня ў ледзяной вадзе.

Сапраўднае прафэсійнае і грамадзкае прызнаньне таленавітыя творы А. Вампілава атрымалі толькі пасьля яго трагічнай сьмерці. Пачалі друкаваць яго кнігі, распачаліся здымкі фільмаў па яго творах. Адна толькі п’еса «Старэйшы сын» у свой час адначасова ішла ў 44 тэатрах Савецкага Саюзу[1].

У Іркуцкай вобласьці адкрыты дом-музэй драматурга. Яго імя прысвоена Іркуцкаму тэатру юнага гледача, бібліятэцы, цеплаходу. З 1997 году ў Іркуцку праводзіцца Усерасійскі фэстываль сучаснай драматургіі імя Аляксандра Вампілава [2].

Помнік А. Вампілаву ў Іркуцку

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першае апавяданьне — «Зьбег абставінаў» — было надрукаванае яшчэ ў студэнцкія гады ў газэце «Іркуцкі ўнівэрсытэт» (1958). Гэтае апавяданьне дало імя першай кнізе гумарыстычных апавяданьняў і сцэнаў А. Вампілава (1961).

Першай тэатральнай формай у творчасьці А. Вампілава сталі аднаактныя п’есы: «Дваццаць хвілінаў з анёлам» (1962) і «Дом вокнамі ў поле» (1963).

У 1964 годзе напісаная першая вялікая п’еса А. Вампілава — камэдыя «Развітаньне ў чэрвені». Да працы над ёй драматург зьвяртаўся неаднаразова: вядомыя чатыры варыянты п’есы.

Потым з-пад пяра драматурга выходзяць шырокавядомыя сёньня творы: камэдыя «Старэйшы сын» (1965), п’еса «Паляваньне на качак» (1968), драма «Летась улетку ў Чулімску» (1971). Аднаактная п’еса «Гісторыя з мэтранпажам» разам з ранейшым творам драматурга «Дваццаць хвілінаў з анёлам» утварыла п’ёсу «Правінцыйныя анэкдоты».

Пераклады твораў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творы Аляксандра Вампілава перакладзены на англійскую, баўгарскую, беларускую[3], кітайскую, латышскую, лезгінскую, мадзярскую, малдаўскую, мангольскую, нарвежскую, нямецкую, польскую, румынскую, сербскую, славацкую, францускую, чэскую, эстонскую і іншыя мовы сьвету.

Драматургічныя творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1963 «Дом вокнамі ў поле»
  • 1964 «Разьвітаньне ў чэрвені»
  • 1965 «Старэйшы сын»
  • 1968 «Правінцыйныя анэкдоты»
  • 1968 «Паляваньне на качак»
  • 1971 «Летась улетку ў Чулімску»

Фільмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1975 «Летась улетку ў Чулімску» (тэлеспектакль)
  • 1976 «Старэйшы сын»
  • 1979 «Гісторыя з мэтранпажам»
  • 1979 «Адпачынак у верасьні» (па п’есе «Паляваньне на качак»)
  • 1981 «Валянціна» (па матывах п’есы «Летась улетку ў Чулімску»)
  • 1989 «Дваццаць хвілінаў з анёлам»
  • 1990 «Правінцыйны анэкдот»
  • 2003 «Разьвітаньне ў чэрвені»

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Александр Валентинович Вампилов. Библиографический указатель // Составитель Елизарова Э. — Иркутск: Упрполиграфиздат, 1989. — 240 с.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]