Арбіта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Два целы, што маюць блізкую вагу, крыцяцца вакол адзінага цэнтру вагі

Арбіта (па-лацінску: orbita — «каляіна», «дарога», «шлях») — траекторыя руху матэрыяльнага пункту ў полі сілаў, якія на яго ўзьдзейнічаюць. У найлягчэйшым выпадку арбіта двух целаў ёсьць кола або эліпс, фокус якога разьмеркаваны ў цэнтры вагі сыстэмы. Арбіта можа мець складанейшую форму ў выпадку, калі на цела ўплываюць іншыя сілавыя палі. Праблема прагназаваньня руху ў выпадку трох важкіх целаў атрымала назву Задача трох цел. Аналітычнага рашэньня гэтай задачы не існуе, частковым рашэньнем ёсьць пункты Лягранжа.

Кеплераўскія арбіты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некаторы час лічылася, што плянэты Сонечнай сыстэмы рухаюцца вакол Сонца кругавымі арбітамі. Пасьля доўгіх і няўдалых спробаў вылічыць кругавую арбіту для Марсу нямецкі астраном Ёган Кеплер абверг гэтае сьцьвярджэньне й пасьля, выкарыстоўваючы зьвесткі вымярэньняў Тыха Брагэ, усталяваў законы руху плянэт вакол зоркі. Заканамернасьці былі сфармуляваны ў тры асноўныя законы, што маюць цяпер назву законы Кеплера:

  1. Усе плянэты круцяцца вакол Сонца па арбітах, якія маюць форму эліпсу, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца.
  2. Радыюс-вэктар плянэты (цела Сонечнай сыстэмы) за роўныя прамежкі часу апісвае роўнавялікія плошчы.
  3. Квадрат пэрыяду звароту плянэты вакол Сонца проста прапарцыйны кубу вялікай паўвосі эліпсу.

Кеплераўскія элемэнты арбіты:

Гэтыя элемэнты адназначна вызначаюць арбіту незалежна ад яе формы (эліптычнай, парабалічнай або гіпэрбалічнай). Асноўнай каардынатнай плоскасьцю можа быць плоскасьць экліптыкі, плоскасьць галяктыкі, плоскасьць зямнога экватару і да т. п. У такім выпадку элемэнты арбіты задаюцца адносна абранай плоскасьці.