Беларуска-ўзбэцкія дачыненьні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуска-ўзбэцкія дачыненьні
Беларусь і Узбэкістан

Беларусь

Узбэкістан
Дыпляматычныя місіі
Амбасада Беларусі
ва Ўзбэкістане
Амбасада Ўзбэкістану
ў Беларусі
Амбасадары
Леанід Марыніч Рахматула Назараў

Беларуска-ўзбэцкія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Ўзбэкістану.

Між краінамі дзенічае бязьвізавы рух[1]. На 2024 год Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане месьцілася ў Яшнабадзкім раёне Ташкенту па вуліцы Гулямава, д. 75. Яна працавала з панядзелка па пятніцу а 9:00—13:00 і 14:00—18:00. Консульскі аддзел Амбасады прымаў наведнікаў у сераду і пятніцу а 10:00—12:00[2].

Амбасада Ўзбэкістану ў Беларусі знаходзілася ў Цэнтральны раёне Менску па Пакроўскай вуліцы, д. 24 (Вясёлкавы мікрараён). Прыём у консульскіх пытаньнях ладзілі ў панядзелак, сераду і пятніцу а 9:30—12:30[3].

Гандаль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 студзеня 1993 году, у дзень усталяваньня дыпляматычных дачыненьняў, урады Беларусі і Ўзбэкістану заключылі Пагадненьне «Аб гандлёвых дачыненьнях». 22 сьнежня 1994 году падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня і прадухіленьні ўхіленьня ад сплаты падаткаў у дачыненьні падаткаў на даход і маёмасьць». 31 траўня 2013 году з Узбэкістанам падпісалі Пратакол аб прымяненьні Пецярбурскай дамовы аб зоне вольнага гандлю 2011 году, які ўрад Беларусі ратыфікаваў 13 сьнежня 2013 году[4].

У 2017 годзе ўзаемны таваразварот склаў 131 млн даляраў, зь якіх 96 млн $ прыпала на беларускі вываз. Ва Ўзбэкістан пераважна пастаўлялі трактары, шасі аўтакузава, вузлы трактароў, цукар, лесаматэрыялы, дарожную і будаўнічую тэхніку, мяса птушкі, драўняна-стружкавыя пліты (ДСП), кухонныя прылады, цяжкавікі, лекі і адмысловыя самаходы. З Узбэкістану ў Беларусі пераважна ўвозілі баваўняную пражу, вінаград, гарэхі і сухафрукты, тэкстыль, трыкатажнае палатно, сок і медныя трубкі. Ад 2017 году ва Ўзбэкістане пачалі дзейнічаць 2 зборачныя вытворчасьці беларускай тэхнікі з удзелам беларускага капіталу — сумесныя ТАА «Амкадар-Агратэхмаш» і «УзБелАграмаш». У 2018 годзе беларускі вытворца абутку «Марко» стварыў ва Ўзбэкістане прадпрыемства «УзШус». У верасьні 2018 году ў Ташкенце адчынілі новы зборачны завод «Амкадар»[5]. У 2015—2018 гадах узаемны таваразварот устойліва ўзрастаў са 109 да 420 млн даляраў, пасьля чаго скарачаўся ў 2019—2020 гадох да 331 і 260 млн $ адпаведна. Пры гэтым звыш 80 % таваразвароту складаў вываз беларускіх тавараў[4].

1 жніўня 2019 году падпісалі міжуравадае Пагадненьне «Аб узаемным заахвочваньні і ахове ўкладаньняў»[4]. За 2018—2022 гады ўзаемны таваразварот Беларусі і Ўзбэкістану павялічыўся ў 3,2 разы. У 2023 годзе абʼём узаемнага гандлю вырас на 12 % да 565 млн даляраў ЗША[6]. На 2024 год у Ўзбэкістане дзейнічала 107 прадпрыемстваў зь беларускім капіталам, у тым ліку 61 сумеснае прадпрыемства і 46 цалкам у беларускай уласнасьці. У Беларусі дзейнічала 114 прадпрыемстваў з узбэцкім удзелам, пераважна гандлёвых для пастаўкі тавараў у Беларусь[4]. 7 лютага 2024 году ў Ташкенце прайшоў 2-і Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўзбэкістану з удзелам 350 прадпрымальнікаў, зь іх 150 было зь Беларусі. Па яго выніках падпісалі звыш 100 кантрактаў на пастаўку, а таксама шэраг інвэстыцыйных пагадненьняў[7].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад 1993 году ў Ташкенце дзейнічае Беларускі культурны цэнтар «Сьвітанак», старшынёй якога была Сьвятлана Дудзюк. Ад 1989 году па вуліцы Бабура, д. 45 пры цэнтры месьціў беларускі народны хор «Кацюша», кіраўніцай якога была Ніна Шубнікава[8]. Да 2024 году лік узбэцкіх студэнтаў у ВНУ Беларусі дасягнуў 5000 чалавек, тады як некалькі гадоў таму складаў неклькі дзясяткаў[6]. У 2018 годзе ва Ўзбэкістане прайшлі Дні культуры і кіно Беларусі. У 2019 годзе ў Менску і Магілёве зладзілі Дні культуры Ўзбэкістану ў Беларусі[9].

1 жніўня 2019 году падпісалі міжурадавыя і міжведамасныя пагадненьні аб культурна-гуманітарнай супрацы. На 2024 год ва Ўзбэкістане пражывала каля 19 000 беларусаў[10].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 студзеня 1993 году ўрады Беларусі і Ўзбэкістану ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні і заключылі Пагадненьне «Аб гандлёвых дачыненьнях». У лютым 1994 году адчынілі Амбасаду Беларусі ва Ўзбэкістане[5]. У сьнежні 1994 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка зрабіў візыт ва Ўзбэкістан, дзе сустрэўся з узбэцкім прэзыдэнтам Ісламам Карымавым[6]. У 2001 годзе стварылі Беларуска-ўзбэцкую міжурадавую камісію друхбаковай супрацы, якая да 2021 году правяла 8 паседжаньняў[4].

У 2014 годзе ўзбэцкі прэзыдэнт Карымаў зрабіў афіцыйны візыт у Беларусь. У 2016 годзе Лукашэнка двойчы наведаў Узбэкістан з працоўным візытам, дзе сустрэўся з узбэцкім прэзыдэнтам Шаўкатам Мірзіёевым[6]. У красавіку 2018 году запрацавала Амбасада Ўзбэкістану ў Беларусі, якую адчынілі згодна з Пастановай прэзыдэнта Ўзбэкістану ад 13 кастрыніка 2017 году № 3321[11].

У чэрвені 2018 году Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане пачала сваю працу. У верасьні 2018 году Лукашэнка наведаў Узбэкістан з афіцыйным візытам, у ходзе якога падпісалі 19 дакумэнтаў. У чэрвені 2019 году адбылося 7-е паседжваньне Беларуска-ўзбэцкай міжурадавай камісіі двухбаковай супрацы[5]. 29—30 ліпеня 2019 году адбыўся 1-ы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўзбэкістану[12]. 31 ліпеня — 1 жніўня 2019 году Мірзіёеў зрабіў афіцыйны візыт у Беларусь, падчас якога падпісалі 13 дакумэнтаў[11]. 12 красавіка 2020 году падчас пандэміі ўханьскага каронавірусу ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» вайсковым самалётам «Іл-76» з Узбэкістану даставілі мэдычныя вырабы на распараджэньне ўзбэцкага прэзыдэнта Мірзіёева. Сярод іх было 500 000 пагонных мэтраў марлі, 50 000 пакункаў абеззаражвальнікаў і 10 000 літраў мэдычнага сьпірту, а таксама 513 000 ахоўных вырабаў, сярод якіх былі аднаразовыя камбінэзоны, рэсьпіратары, ахоўныя акуляры, лятэксныя пальчаткі і маскі[13].

У 2022 годзе Лукашэнка зрабіў паўторны працоўны візыт ва Ўзбэкістан[6]. На 2024 год дамоўна-прававая база Беларусі і Ўзбэкістану налічвала 5 міждзяржаўных, 35 міжурадавых, 36 міжведамасных і 22 іншых дамоваў[11].

Беларускія амбасадары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узбэцкія амбасадары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бязьвізавы рух (агульная інфармацыя) // Партал МЗС Беларусі «Беларусь. Факты», 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  2. ^ Адрас і час працы // Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  3. ^ Пра Амбасаду (рас.) // Амбасада Ўзбэкістану ў Беларусі, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  4. ^ а б в г д Гаспадарчая супраца (рас.) // Амбасада Ўзбэкістану ў Беларусі, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  5. ^ а б в Аб супрацоўніцтве Беларусі і Ўзбэкістану // Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  6. ^ а б в г д Валер Карбалевіч. З Карымавым ня ладзілі, зь Мірзіёевым — наадварот. Чым адметны візыт Лукашэнкі ва Ўзбэкістан // Беларуская служба Радыё «Свабода», 9 лютага 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  7. ^ Назараў: дзякуючы актыўнаму дыялогу на вышэйшым узроўні ўзбэцска-беларускае ўзаемадзеяньне выйшла на высокі ўзровень // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 лютага 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  8. ^ Беларусы Ўзбэкістану // Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  9. ^ Аб гуманітарным супрацоўніцтве Беларусі і Ўзбэкістану // Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  10. ^ Культурна-гуманітарная супраца (рас.) // Амбасада Ўзбэкістану ў Беларусі, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  11. ^ а б в Палітычныя дачыненьні (рас.) // Амбасада Ўзбэкістану ў Беларусі, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  12. ^ Кацярына Крышэнік. Рост гандлю паміж Узбэкістанам і Беларусьсю магчымы за кошт прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу - пасол // БелТА, 19 верасьня 2019 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  13. ^ Узбэкістан высока цэніць і даражыць дружбай зь Беларусьсю - пасол // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 красавіка 2020 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  14. ^ Гісторыя Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Ўзбэкістан // Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане, 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  15. ^ Лукашэнка прапанаваў Узбэкістану ўзьвядзеньне будынка пасольства ў Менску // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  16. ^ БелТА. Пасол Узбэкістану ўпэўнены ў добрых пэрспэктывах супрацоўніцтва зь Беларусьсю // Радыё «Беларусь», 4 лютага 2021 г. Архіўная копія ад 4 лютага 2021 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.
  17. ^ У Менску прыступіў да сваіх абавязкаў амбасадар Узбэкістану ў Беларусі (рас.) // Амбасада Ўзбэкістану ў Беларусі, 5 лютага 2024 г. Праверана 2 сакавіка 2024 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]