Вуза

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Ву́за[1][2], каморка[3][4], цэля[2] (па-лацінску: cellula) — самая маленькая структурная і функцыянальная адзінка жывых арганізмаў, якая здольная ажыцьцяўляць усе асноўныя працэсы жыцьцядзейнасьці (абмен рэчываў, рост і размнажэньне). Вуза зьяўляецца базавай адзінкай марфалягічна-функцыянальнай дзейнасьці ўсіх жывых арганізмаў (акрамя вірусаў).

Усе вузавыя формы жыцьця дзеляцца на два надцарствы на падставе будовы ствараючых іх вузаў — пракарыёты (даядравыя) і эўкарыёты (ядравыя)[5]. Пракарыётныя вузы больш простыя па будове, узьніклі раней за эўкарыётаў.

Усе жывыя вузы складаюцца з цытаплязмы (запаўняе ўнутраную прастору вузы) у якой разьмяшчаюцца розныя арганоіды і вузавыя ўключэньні, а таксама генэтычны матэрыял у выглядзе малекулы ДНК. Прастора вузы абмяжоўваецца вузавай абалонкай[6].

Існаваньне ў вузе ядра зьяўляецца асновай падзелу вузаў на ядравыя і бязьядравыя, але на самой справе розьніца ў будове вузаў гэтых групаў тычыцца ня толькі ядраў.

Арганізмы могуць складацца як з адной так і са шматлікіх вузаў. У шматвузавых арганізмах, вузы розных органаў значна адрозьніваюцца адна ад адной як па марфалягічнай так і па біяхімічнай будове.

Паняцьце вузы ўпершыню ўжыў Робэрт Гук у 1665 годзе.

Хімічны склад вузы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вузы жывых арганізмаў утрымліваюць некалькі відаў хімічных спалучэньняў з рознай будовай і ўласьцівасьцямі. Склад гэтых спалучэньняў можа адрозьнівацца ў розных групаў арганізмаў. Большая частка вузы складаецца з вады (70—80%)[7]. Яна стварае спрыяльнае асяродзьдзе ажыцьцяўленьня біяхімічных рэакцыяў, а так сама можа быць вынікам біяхімічных рэакцыяў. Склад астатніх элемэнтаў звычайна падаецца ў далях да масы вузы без уліку вады.

40—60% сухой масы вузы складаецца зь бялкоў, якія выконваюць розныя функцыі, ад будаўнічай і рэгуляцыйнай да транспартнай і шматлікіх іншых[8]. У сваю чаргу бялкі складаюцца з амінакіслотаў. У большасьці бялкоў да амінакіслотаў далучаны іншыя элемэнты, што надае ім спэцыфічныя ўласьцівасьці.

Акрамя бялкоў, амінакіслоты складаюць пэптыды і поліпэптыды. Яны выконваюць розныя функцыі, зьяўляюцца гармонамі, натуральнымі антыбіётыкамі і г. д.

Нуклеінавыя кіслоты (ДНК і РНК), граюць важную ролю ў перадачы спадчыннай інфармацыі, а таксама ў біясынтэзе бялкоў.

Вугляводы выконваюць галоўную энэргетычную функцыю, і функцыю назапашваньня энэргіі.

Ліпіды ствараюць аснову вузавай абалонкі, але акрамя гэтага яны ўдзельнічаюць амаль ва ўсіх вузавых працэсах (рэгуляцыйных, транспартных, камунікацыйных, метабалічных).

Хімічная будова вузаў складаецца з наступных хімічных элемэнтаў: кісларод (65% масы чалавека), вуглярод (18% масы чалавека), вадарод (10% масы чалавека), азот (3% масы чалавека), а так сама кальц, фосфар, каль, сера, натр, магн, хлёр, жалеза, ёд, медзь, цынк, кобальт, марганец, фтор, малібдэн, сэлен і г. д., якія складаюць меней 2% масы чалавека.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Клетка // Кароткі расейска-беларускі фізыялягічны слоўнік / Уклад. А. Стасевіч, С. Варыёцкі. — Менск: Тэхналогія, 1993.
  2. ^ а б Клетка // Кароткі расейска-беларускі фармакалагічны слоўнік / Уклад. С. Прыхожы, А. Стасевіч, А. Юркін, А. Сітнік, І. Каваленка. — Менск: Тэхналогія, 1995.
  3. ^ Каморка // Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
  4. ^ Клетка // Руска-беларускі, беларуска-рускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў. — Горадня: ГрДМУ, 2001.
  5. ^ Структура клеток // Кольман Я., Рём К.-Г. Наглядная биохимия: Пер. с нем. — М.: Мир, 2000. — 469 с, ил. ISBN 5-03-003304-1
  6. ^ Cell structures and functions
  7. ^ Клетка // Онлайн Энциклопедия «Кругосвет»
  8. ^ Международный Социально-экологический Союз

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вузасховішча мультымэдыйных матэрыялаў