Віктар Оськін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Віктар Сямёнавіч Оськін (195224 ліпеня 1992) — вайсковы лётчык, падпалкоўнік, адзін зь першых у Расеі (Залатая Зорка № 10) і першы ў гісторыі расейскай Далёкай авіяцыі быў удастоены званьня Героя Расейскай Фэдэрацыі (Указ Прэзыдэнта Расеі ад 8 сьнежня 1992 году № 1567).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў с. Усьпена-Раеўка Кастарэнскага раёну Курскай вобласьці Расеі. Скончыў Тамбоўскае вышэйшае ваеннае вучылішча лётчыкаў, атрымаўшы дыплом з адзнакай з уручэньнем Залатога мэдалю і ўнясеньнем прозьвішча на мармуровую дошку залатых мэдалістаў. Служыў на пасадзе памочніка камандзіра бамбардыроўшчыка ТУ-16 у 184-м гвардзейскім Палтаўска-Бэрлінскім Чырванасьцяжным бамбардыровачным палку 13-й бамбардыровачнай дывізіі, якая базавалася ва ўкраінскіх Прылуках. Затым — яго камандзірам у 200-м гвардзейскім бамбардыровачным палку ў Бабруйску. З 1978 году — на розных пасадах у 290-м асобным далёкім выведвальным палку на аэрадроме Зябраўка пад Гомелем. Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Ю. А. Гагарына.

Званьне прысвоена пасмяротна за гераічнасьць і мужнасьць, праяўленыя пры аварыйнай сытуацыі ў палёце на самалёце-ракетаносцы ТУ-22У, калі Оськін коштам свайго жыцьця прадухіліў падзеньне самалёта на горад Гомель. 24 ліпеня 1992 году выконваў абавязкі інструктара падчас кантрольнага палёту. Вылет ажыцьцявіў з аэрадрому ў Зябраўцы. У 17 гадзін 2 хвіліны пачаўся пажар левага рухавіка, затым — топліўных бакаў. У гэты час самалёт быў ужо над паўдневым раёнам ГомелюНавабеліцай. Оськін пачынае адварочваць самалёт ад гораду, падчас чаго загарэўся і правы рухавік. Загадаўшы экіпажу катапультавацца, Оськін адвеў самалёт ад гораду і нафтасховішча, якое было разьмешчанае ў раёне магчымага падзеньня. Сам ён катапультаваўся, калі цалкам упэўніўся, што самалёт упадзе ў бязьлюдным месцы. Але самалёт ужо страціў мінімальна неабходную вышыню для раскрыцьця парашута, таму Віктар Оськін загінуў. Пахаваны ў Гомельскай вобласьці, на могілках «14-ы кілямэтар» на алеі загінуўшых лётчыкаў. На ягонай магіле выбіты надпіс: «Чалавек — спыніся! Тут ляжыць Герой, які коштам свайго жыцьця выратаваў жыцьцё сотняў жыхароў гораду Гомелю. Ушануй яго памяць маўчаньня хвілінай».

Оськіну прысвоена званьне Ганаровага грамадзяніна г. Гомелю (пасьмяротна). Яго імем названая адна з вуліц Гомелю. У музэі баявой і працоўнай славы Навабеліцкага раёну гораду, які разьмешчаны ў сярэдняй школе №41, яму прысьвечаны адзін са стэндаў. У школьным музэі Зябраўскай школы таксама створаны стэнд, прысьвечаны гераічнаму подзьвігу лётчыка, захоўваюцца асабістыя рэчы экіпажа. На месцы, дзе загінуў Оськін, усталяваны памятны знак. Прозьвішча Оськіна выбітае на стэле Герояў СССР і Расеі, усталяванай на Чырвонай плошчы гораду Курску.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]