Гісторыя Расасна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Расасна — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Расасна згадваецца ў XVI стагодзьдзі. 15 лістапада 1514 году першы пісьмовы ўспамін аб Расасьне як уладаньні Глябовічаў у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва. Ян Янавіч Глябовіч атрымаў тытул Графа Сьвятой Рымскай імпэрыі і Дубровенскі маёнтак пачаў называцца графствам.

Расасна згадваецца Аршанскім старастам Ф. С. Кмітам у лісьце з Воршы да Мікалая Радзівіла, ваяводы віленскага, ад 30 ліпеня 1574 году пасьля Інфлянцкай вайны 1558—1570 гадоў[1]:

У воласьці: Расасна — шасьцісот чалавек няма, Любавічы — ста васьмідзесяці чалавек няма, Бабіна, Заозерца, Дзевіна, Пашына, Баева — усіх тых сёл, государ, няма…

У XVII стагодзьдзі ўваходзіла ў маёнтак Любавічы й належала Сьцяцкевічам-Заверскім. «Книга Большему Чертежу»[2] 1627 г. і перапісныя кнігі Мяшчанскай слабады[3] ў Маскве 1676 г. называлі рэчку Расасенка й мястэчка Расасна аднолькава — «Росана», «Россана», «Рассана».[4]

Пад 1703 паселішча значылася як маёнтак, шляхецкая ўласнасьць. У першай палове XVIII стагодзьдзя Расасна перайшла ва ўласнасьць аршанскага кляштара трынітарыяў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1772 году, у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расейскай імпэрыі, лічылася мястэчкам Бабінавіцкага, Аршанскага а потым Горацкага паветаў Магілёўскай губэрні[5]. На 1780 год у мястэчку Расасна — адна ўніяцкая царква[6]. У 1791 годзе князь Ксавэры Любамірскі набыў Расасну ў Рыгора Пацёмкіна й яго нашчадкі ўладарылі там да 1917 году.

Бутурлин, Д. П. История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812 годзе. СПб. 1837. Фрагмэнт мапы № 2.

У Вайну 1812 году тут 14 жніўня на шляху да Смаленску злучыліся францускія войскі. На загад імпэратара Напалеона жаўнеры пад кіраўніцтвам генэрал-інжынэра графа Жана Баптыста Эбле ў ноч з 13 на 14 жніўня збудавалі тры масты цераз Дняпро.[7][8][9]. Да сьвітанку ня меней як 100 000 чалавек пераправіліся цераз раку Дняпро.

Зь першай паловы 19 ст. працавала паромная пераправа, якая дазваляла перавозіць 400 пудоў за раз. Па стане на 1860 у мястэчку было 86 дамоў, драўляная царква, габрэйская малітоўная школа, вадзяны млын. У 1881 запрацавала сукнавальня. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 167 двароў, царкоўна-прыходзкая школа, 2 драўляныя царквы, габрэйскі малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазын, млын, 3 кузьні, 7 крамаў, карчма. 23 красавіка й 1 кастрычніка праводзіліся рэгулярныя кірмашы. У пачатку 20 ст. пабудавалі мост цераз Дняпро.

Сьпіс паселішчаў, якія адносіліся да прыходу царквы ў 1910 годзе: Баброва, Кроцікі, Махначы, Расасна, Рыбалтава, Сьвіракі, Слабодка, Вусьце.[10]. Да 1909 Васіль Юдзеніч настаяцель Георгіеўскай царквы ў мястэчку Расасна.[11]. З 1910 па 1916 — Сергій Глыбоўскі (нар. 1878, Ворша Магілёўскай губ. — Асуджаны 23.7.1932, далейшы лёс невядомы). Скончыў Магілёўскую духоўную сэмінарыю. З 1916 па 1920-я г. — Леанід Кліндухоў. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю. Арыштаваны 8 лютага 1930 і 12 сакавіка 1930 пастановай Тройкі пры ОГПУ па Беларускай вайсковай акругі прысуджаны да зьняволеньня ў канцлягер тэрмінам на 5 гадоў. У зьняволеньні знаходзіўся ў Бамлаге. Вызвалены ў 1934, вярнуўся ў м. Расасна. Працаваў у сельскай гаспадарцы й на сэзонных працах па будаўніцтву дарог. Зноў арыштаваны 21 красавіка 1937 і 29 жеіўея 1937 пастановай Тройкі НКУС БССР прысуджаны да растрэлу. Расстраляны ў г. Ворша 23 верасьня 1937.

Зьміцер Уласенкаў (15 травеня 1880, м. Расасна Горацкага пав. Магілёўскай губ.- 2 травеня 1942, Карагандінскі лагер). Скончыў царкоўнапрыходскую школу. Зь дзяцінства сьпяваў на клірасе. З 1901 па 1905 г. служыў у войску, скончыў службу ўнтар-афіцэрам. Вярнуўшыся дахаты, быў некаторы час псаломшчыкам, займаўся земляробствам. У 1931 г. быў абраны ў царкоўную раду. У пачатку 30-х гг. асуджаны на 3 месяца прымусовых прац. У 1934 г. храм быў зачынены, а сьвятар арыштаваны. Зьміцер разам з вернікамі беспасьпяхова клапатаў пра вяртаньне храма. У тым жа годзе быў асуджаны па ілжывым даносе на некалькі гадоў. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Расасна. Пры адсутнасьці сьвятара па запрашэньні вернікаў чытаў Псалтыр па нябожчыках, арганізаваў царкоўны хор. 16 траўня 1940 г. быў арыштаваны на падставе таго, што, «не маючы вызначанай працы, праводзіць рэлігійныя абрады», займаючыся пад іх выглядам «антысавецкай агітацыяй». Утрымоўваўся ў турме г. Орша. 19 лістапада 1940 г. Судовай калегіяй па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда ў г. Дуброўна па абвінавачваньні ў «антысавецкай і контррэвалюцыйнай агітацыі, паклёпу на правадыроў партыі і ўрад» прысуджаны да пазбаўленьня волі тэрмінам на 5 гадоў. З 11 траўня 1941 г. адбываў зьняволеньне ў Карагандзінскім лагеры на станцыі Карабас, Казахстан. 2 траўня 1942 г. ён быў зьмешчаны ў лякарню, дзе і сканаў. Пахаваны на лагерных могілках[12]

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Расасна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 Расасну вярнулі БССР, дзе яна зрабілася цэнтрам сельсавету Дубровенскага раёну. У наш час вёска Маласавінскага сельсавету. Станам на 1924 — 184 двары, 1940 — 345 двароў, на 1963 — 102, на 1999 — 108.

Расасна акупавана нямецкімі войскамі 16 ліпеня 1941 г. Немцы 17-ю танкавую дывізію перадысьлякавалі ад Воршы праз Копысь у Дуброўну й Расасну. Да 18 ліпеня 73 сд 20 арміі пасьпяхова адбівала напады 17 тд і ўсе яго спробы пераправіцца цераз Дняпро ў Дуброўне й Расасне[13][14] У баях, якія тут адбываліся, быў сьмяротна паранены камандзір гэтай 17 тд генэрал Рытэр фон Вэбэр. 17-я танкавая дывізія была перакінута з раёну ўсходняй Воршы, у Смаленск.[15]

У сакавіку 1942 былі расстраляны 60 габрэяў з Расасны[16].

З кастрычніка 1943 году па чэрвень 1944 году ў ваколіцах Расасны прахадзіла лінія фронту. Адступаючы немцы спалілі вёску. 174-я, 192-я і 159-я стралковыя дывізіі 72-га стралковага корпуса (камандуючы — генэрал-майор Ю. М. Пракоф’еў) у складзе 68-й арміі (камандуючы — генэрал-лейтэнант Жураўлеў Е. П. (сакавік — кастрычнік 1943 г.) — наступалі ўздоўж Дняпра ў напрамку Дуброўны. 1—6 кастрычніка па 2—3 разы ў дзень дывізіі пераходзілі ў наступ, але посьпеху не было, толькі мелі вялікія страты. 8 кастрычніка праціўнік пачаў адыход, падрыхтаваўшы абарону па ўсходніх пахілах вышыні 180.8 у раёне паўночна-ўсходняй ускраіны вёскі Баброва і далей па заходнім беразе рэчцы Расасенкі. Перад акопамі 50—60 м — драцяная загарода. На выдаленьні 1 км — другая лінія акопаў. Шмат дзотаў, каўпакі «крабы».

12 кастрычніка 159-я дывізія (491, 558, 631 стралковыя палкі), фарсіраваўшы раку Расасенку, вызваліла вёску й адагнала непрыяцеля кілямэтру за паўтара ад яе. 30 кастрычніка два палкі 159 стралковай дывізіі і 61 асобная штрафная рота страцілі 300 байцоў за дзьве гадзіны гранатнага й рукапашнага бою ў раёне Баброва ў першай нямецкай траншэі. 30—31 кастрычніка 159 сд страціла 70% асабовага складу й да вечару нямецкімі контратакамі адбіта на зыходныя межы. 192 сд прыняла ўчастак у 159 сд. 5 лістапада 1943 г. 68-я армія расфармавана й яе войскі былі перададзены 5-й арміі (камандуючы — генэрал-палкоўнік Крылоў М. І.; кастрычнік 1943 г. — кастрычнік 1944 г.). Да 16 лістапада 159 стралковая дывізія страціла яшчэ 514 чалавек, у палках не засталося ніводнага камандзіра батальёна.[17][18]

У канцы лістапада 1943 году склалася такое становішча, што сіл для працягу наступленьня ўжо ня мелася, і яны былі вымушаны ў пачатку сьнежня перайсьці да абароны. Фронт замацаваўся на доўга дзеючым умацаваным рубяжы па лініі: АсінторфСьляпні — на захад ад вёсак Пушчаі і Кіраёва — заходнія ўскраіны вёсак Германы, Загвазьдзіна, Чырвоная Слабада, Казьяны — заходні бераг р. РасасенкаКоршыкаваЛапыроўшчына — заходні бераг р. Мярэі. Напачатку студзеня 1944 г. 31-армія прыняла ўчастак у 5-й арміі. 5-я армія была перагрупавана ў раён Віцебску і прыняла паласу абароны ад 33-й арміі, яе злучэньні вялі наступальныя баі на Багушэўскім кірунку. Заходні фронт, нягледзячы на велізарныя страты, за шэсьць месяцаў сем разоў беспасьпяхова спрабаваў зламаць нямецкую абарону. Загад пра пераход войскаў у цьвёрдую абарону зацьвердзілі толькі 17—19 красавіка 1944 г. дырэктывай Стаўкі. З 24 красавіка 1944 г. 31-армія ў складзе 3-га Беларускага фронта ўдзельнічала ў вызваленьні Беларусі.

23 чэрвеня 1944 г. пачалася новая апэрацыя па вызваленьні Беларусі. Склад 31-й арміі ў чэрвені 1944 г. — 36 ск (220, 352 сд), 71 ск (88, 192, 331 сд), 113 ск (62, 174 сд), 173 сд. Другі гвардзейскі Тацінскі танкавы корпус (камандуючы — генэрал-палкоўнік А. Бурдзейны) і 4-я гвардзейская танкавая брыгада-палкоўніка О. А. Лосіка падчас апэрацыі «Баграціён», абмінуўшы ўмацаваньні ворага ў ноч з 25 на 26 чэрвеня 1944 году па бездарожжы, праз тарфяныя распрацоўкі, праз Асінаўскіе балота паўночней за вёскі Востраў Юр’еўСтарыя Ўзгоркі выйшлі на цьвёрды грунт і прасунуліся за дзень на 75 км заходней за Воршу. Апынуўшыся перад небясьпекай, генэрал Траўт аддаў загад пра адвод на новую мяжу абароны заходней за Воршу, але з гэтай мерай спазьніўся. Войскі 11-й гвардзейскай (камандуючы — генэрал-лейтэнант К. М. Галіцкі) і 31-й (камандуючы — генэрал-лейтэнант В. В. Глаголеў) арміяў 3-га Беларускага фронту пасьля жорсткіх баёў прарвалі абарону праціўніка й 26 чэрвеня вызвалілі Дуброўну й 27 чэрвеня Воршу.

У 1944 году непасрэдна ў цэнтры й ваколіцах вёскі Расасна былі вялікія вайсковыя могілкі. Магіл было вельмі шмат, і ў кожнай магіле — па некалькі байцоў. Але ў 50-х гадах у цэнтры вёскі зрабілі агульную брацкую магілу. Для гэтага з усіх магіл узялі па жмені зямлі й ўсклалі да агульнай вялікай брацкай магілы, дзе ў 1958 г. пастаўлены помнік 903 воінам. З часам колькасьць вядомых імён пахаваных тут людзей, дасягнула 2536 чал.[19] Дзесяцігодзьдзямі вядзецца пошук імён загінуўшых, як у полі, так і ў архівах[20].

Да 1950 Расасна ў складзе калгасу «Дняпроўскі ўдарнік», потым «Імя Чапаева». 26 лютага 1959 году калгасы імя Чапаева й «Бальшавік» — у склад якіх уваходзілі вёскі Расасна, Вусьце, Слабада, Фесеўка, Марчонкі, Церахі, Янкаўшчына — прынялі рашэньне аб аб’яднаньні ў адну калектыўную гаспадарку пад назвай імя ХХІ зьезду КПСС. У 2003 калгас імя ХХІ зьезду КПСС зьмяніў шыльду: цяпер гэта вытворчы сельскагаспадарчы каапэратыў «Расасна». Кіруе каапэратывам Аляксей Аляксеевіч Кавальчык з 1997 году.

З 2010 году ў вёсцы Расасна вядзецца будаўніцтва аграгарадку.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Эпісталярная спадчына Ф. С. Кміты-Чарнабыльскага: Ліст 16. Писан у в Оршы, июня 30 дня, року 1574. «ДО МИКОЛАЯ РАДЗИВИЛЛА, ВОЕВОДЫ ВИЛЕНСКОГО». У кнізе: канд. філалагічных навук А.Ф. Коршунаў Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці / Ю.С. Пшыркоў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 245 с.
  2. ^ Книга Большему Чертежу или древняя карта Российского государства, поновленная в Розряд и списанная въ книгу 1627 года. Изд. 2-е Языкова. СПб. 1832 г. С. 79; Изд. 3-е. К. Н. Сербина (редактор) — Книга Большому Чертежу. М.-Л.: Изд-во АН СССР. 1950. С.100
  3. ^ Матеріалы для исторіи московскаго купечества. Томъ 1. Приложеніе 2. Переписные книги Мещанской слободы 1676г.,1684г. / сост. Н. А. Найденов. — Москва: Типо-лит. И. Н. Кушнеревъ и К°, 1886. — Т. 1. Приложеніе 2. — С. 14. — 124 с.
  4. ^ Богоявленский С. К. Научное наследие. О Москве XVII века. Наука. М.1980. С. 11.
  5. ^ Городские поселения в Российской Империи. Том 3. СПб. Въ типографии Вульфа.1863. С. 221.
  6. ^ Топографическия примечании на знатнейшия места путешествия Ея Императорскаго Величества в Белорусския наместничества.. — СПб.: Импер. акад. наукъ, 1780. — С. 88. — 134 с.
  7. ^ Напалеон Банапарт. Oeuvres de Napoleon Bonaparte. Tome Cinquieme. Paris. C.L.F. Panckoucle, Editeur, MDCCXXI. Oeuvres de Napoleon Bonaparte. Campagne de Russie. Livre septieme.
  8. ^ Михайловский-Данилевский А. И. Описание Отечественной войны 1812, часть 2. СПб. 1839
  9. ^ Военно-статистическое обозрение Российской Империи. — Могилевская губерния. СПб. 1848 г. С.46.
  10. ^ «Список населенных мест Могилевской губернии» (под редакцией Г. П. Пожарова, Могилев, 1910).
  11. ^ Памятная книжка Могилёвской губернии на 1916 год. С. 120.
  12. ^ Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 576; Архіў КГБ РБ па Віцебскай вобл. с. 23 535-П; Архив Центра Правовой Статистики и Информации при Прокуратуре Карагандинской обл. Респ. Казахстан. Д. 19 536.
  13. ^ Данясеньне кам. 20 арміі Курачкіна ў штаб фронта
  14. ^ ЦАМО РФ. Аператыўная зводка штаба Заходняга фронта № 45 да 20 гадзінам 18 ліпеня 1941 г. пра баявыя дзеянні войскаў фронта Серыя Г. Ф. 208, оп. 10169сс, д. 7, лл. 189—192. Арыгінал.
  15. ^ Guderian H. Erinnerungen eines Soldaten. — Heidelberg, 1951.
  16. ^ Філіял Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласьці ў г. Ворша, ф. 778, оп. 3, д. 5в, л. 37.
  17. ^ Журнал боевых действий ЦАМО РФ, фонд 159сд, опись 1, дело 12
  18. ^ Журнал боевых действий ЦАМО РФ, фонд 192сд, оп.1, д.14, стр.15
  19. ^ «Дняпроўская Праўда», Аўторак, 26.06.2012. За последние 20 лет на Дубровенщине установлено более 24 тысяч имен неизвестных солдат. Информация предоставлена секретарем совета ветеранов Дубровенского района Алексеем Яковлевичем Гаврутиковым.
  20. ^ Григорий Шарай «Земля умеет говорить». Полтава, «Оріяна», 2012. 408 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
  • ПАМЯЦЬ. Дубровенскі раён у 2-х кнігах. Укладальнікі А. Я. Гаўрушкаў, Р. П. Кахноўская. Мастак Э. Э. Жакевіч. Паліграфафармленне. Мінск 1997. Т. І. С. 163, 164, 190, 283, 314, 315, 446, 447, 551, 581. ISBN 985-6351-02-02
  • Rososna // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 767.
  • Laugier, di Bellecour, Cesare, de comte(Цезарь Ложье). Дневник офицера великой армии в 1812 году. Библиотека мемуаров. Задруга-Москва 1912 г./ Правда-Пресс. Москва 2005 г. с.43
  • Напалеон Банапарт. Oeuvres de Napoleon Bonaparte. Tome Cinquieme. Paris. C.L.F. Panckoucle, Editeur, MDCCXXI. Oeuvres de Napoleon Bonaparte. Campagne de Russie. Livre septieme.
  • Казанцев В. Ю. «Восемнадцатая дивизия». Казань, Таткнигоиздат, 1968.
  • Хотулев Анатолий Иванович. Живу на Земле… Воспоминания. — Иркутск: Иркутский писатель, 2004. — 286 с. — 1000 ас. — ISBN 5-94644-020-9
  • Дыхание войны. Из книги А. Хотулева «Живу на земле». Байкал вести. 2005. № 24 (28 июня — 4 июля) — С. 16; №23 — С. 16..
  • Бурдейный А. Впереди — Минск! 1944 год. Часопіс «Знание-Сила». Лістапад 1985 года.
  • Андрэй Квір. 25 лютага 2009 г. «Дняпроўская праўда».