Комікс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прыклад коміксу

Ко́мікс (па-ангельску: comics) — апавяданьне, якое распавядаецца з дапамогай сэрыі малюнкаў у якіх ужываюцца кароткія тэксты. Назва ўтварылася ад ангельскага слова «сьмешны» (анг. comic), у выніку таго, што першыя коміксы, друкаваныя ў газэтах былі, звычайна, гумарыстычнымі. У наш час коміксы малююцца як на падставе кніжных гісторыяў, мультфільмаў ці мастацкіх фільмаў, гэтак і з дапамогай уласных пэрсанажаў. Кароткія коміксавыя гісторыі, звычайна друкуюцца ў часопісах, а вялікія сэрыі, ці гісторыі могуць выдавацца асобнымі альбомамі. У апошнія гады, акрамя папяровых коміксаў, зьявіліся сеткавыя коміксы, якія распаўсюджваюцца выключна з дапамогай Інтэрнэту.

Гісторыя эўрапейскіх коміксаў часта прасочваецца праз коміксы Радольфа Тэпфэра ў 1830-я гады, а асабліва папулярнымі сталі пасьля посьпеху ў 1930-х сэрыі коміксаў як то «Прыгоды Тынтына». Сучасныя коміксы зьявіліся ў Японіі напачатку XX стагодзьдзя, а выхад часопісаў з коміксамі і кнігаў хутка пашыраўся ў эпоху пасьля Другой сусьветнай вайны з папулярнасьцю карыкатурыстаў, як то Асаму Тэдзука. Першыя коміксы зьявіліся ў канцы ХІХ стагодзьдзя ў амэрыканскіх газэтах, але ўжо ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя яны сталі адным з самых папулярных жанраў масавай культуры. У савецкія часы коміксы ў Беларусі лічыліся дрэнным уплывам Захаду. Сучасныя коміксы, у асноўным, страцілі гумарыстычны характар, большую папулярнасьць атрымалі коміксы жахаў, вайсковыя, злачынныя і г.д.

Першым, самым папулярных негумарыстычным коміксамі лічацца коміксы аб Супэрмэне (анг. Superman), якія пачалі выдавацца з 1938 году. Менавіта з сэрыі коміксаў пра Супэрмэна набылі папулярнасьць коміксы пра супэргерояў. Пасьля гэтага пачалася мода на стварэньне коміксавых супэргерояў, самымі папулярнымі зь якіх сталі Бэтмэн, Капітан Амэрыка, Халк, Жалезны Чалавек і г.д. Галоўны цэнтар вытворчасьці коміксаў застаўся ў ЗША, дзе яны і ў нашыя дні карыстаюцца вялізарнай папулярнасьцю. Шмат зь іх было экранізавана, а фільмы створаныя на падставе коміксаў атрымалі папулярнасьць ва ўсім сьвеце.

У некаторых дзяржавах і краінах з разьвітой індустрыяй коміксаў для іх ёсьць асобная назва. Гэтак, у франкамоўным сьвеце комікс называюць «маляваная стужка» (франц. bande dessinée), а японскія коміксы называюцца манга.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]