Пераклады Бібліі на грэцкую мову

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пераклады на грэцкую мову тычацца найперш Старога Запавету, паколькі Новы быў напісаны на кайнэ. Аднак з-за вялікай колькасьці дыялектаў грэцкай мовы існуюць і розныя пераклады ўсяе Бібліі, якія можна падзяліць на два пэрыяды — да і пасьля 1500 року.

Да 1500 да н. э.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы вядомы пераклад Бібліі на грэцкую мову называецца Сэптуагінтай (LXX; III—I стагодзьдзі да н. э.). Ён напісаны мовай кайнэ[1] і зьмяшчае пераклад габрэйскае Бібліі з іўрыту і арамэйскай мовы. Таксама ў яго ўключаныя другакананічныя кнігі, асобныя зь якіх маглі быць першапачаткова напісаныя па-грэцку.

LXX — збор найстарэйшых вядомых перакладаў Сьвятога Пісьма на мовы сьвету. Ён шырока разышоўся ў асяродзьдзі старадаўніх эліністычных жыдоў і пазьней быў скарыстаны грэцкамоўнымі хрысьціянамі ў якасьці свайго старазапаветнага канону. LXX стаў крыніцаю большасьці старазапаветных цытатаў пры напісаньні Новага Запавету. Разам зь іўрыцкімі ды арамэйскімі тэкстамі ён выкарыстоўваецца ў якасьці крыніцы інфармацыі па Старым Запавеце.

Сярод іншых раньніх перакладаў Габрэйскага Пісаньня, захаваных толькі часткова, ёсьць пераклады Акілы Сынопскага (II стагодзьдзе), Тэадатыёна (II стагодзьдзе), Сымаха (III стагодзьдзе) і фрагмэнты перакладу самарытанскага Пяцікніжжа.

Пасьля 1500 да н. э.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арыгінал Новага Запавету ствараўся адразу на кайнэ, за выняткам часткі спасылак, якія перакладаліся з арамэйскай мовы. Аднак з часам грэцкая мова зьмянялася, і спатрэбіліся пераклады на ейныя сучасныя варыянты. З тае ж прычыны працягваліся і пераклады Старога Запавету.

Агапіюс Крыцкі пераклаў і ў 1543 року выдаў сучаснай грэцкай мовай кнігу Псальмаў[2].

У 1547 року ў Канстантынопалі раманіётамі было выдадзенае грэцкае і шматмоўнае выданьне Пяцікніжжа, вядомае як «Канстантынопальскае Пяцікніжжа, якое ў сярэдзіне старонкі мела тэкст на іўрыце, унізе — па-арамэйску, а паабапал іўрыцкага тэксту — пераклады па-еваніцку і сэфардзку[2].

З ініцыятывы пра-рэфармісцкага канстантынопальскага патрыярха Кірыла Лукарыса Максімас Галіпаліт на аснове перакладу 1629 року на мясцовай мове стварыў і выдаў у 1638 року ўласны пераклад у Жэнэве[3][4][5].

У 1703 ангельскае Таварыства распаўсюджваньня Дабравесьця ў замежжы(en) у Лёндане выдала пераклад Новага Запавету навагрэцкай мовай у рэдакцыі Сэрафіма Мітылінскага. Пераклад быў фармальна асуджаны ў 1704 кіроўным патрыярхам канстантынопальскім Габрыелем III[6].

У 1833 року пераклад Пяцікніжжа і кнігі Ісуса сына Нава ў перакладзе зь іўрыту на новагрэцкую мову выдаў Франгіскас Саавіяс[7].

Пераклад усяе Бібліі(el) на літаратурную катарэвусу Нэафітаса Вамваса(el) упершыню быў надрукаваны ў 1850 пасьля 20-гадовае працы. У якасьці асновы перакладу была ўзятая Біблія караля Якуба.

У 1901 на новагрэцкую пераклаў Дабравесьце Аляксандрас Пальліс. Пасьля публікацыі ў газэце ягонага перакладу, вядомага як «Эвангеліка» (грэц. Ευαγγελικά), у Атэнах выбухнулі пратэсты студэнтаў, якія сьцьвярджалі, што перакладнік хоча разбурыць грэцкую рэлігійна-нацыянальную еднасьць, прадаўшы краіну славянам ды туркам. Усесь наклад перакладу быў канфіскаваны[8]. Сьвяты Сынод Грэцкай праваслаўнай царквы асудзіў любы пераклад Эвангельляў як «блюзьнерскі» і непатрэбны, які таксама «ўшчувае самасьвядомасьць [грэкаў] і перакручвае боскія ідэі [Дабравесьця] і павучальныя пасланьні»[9].

У 1967 року група навукоўцаў Атэнскага ўнівэрсытэту на чале з Васілём Вэльлясам (грэц. Βασίλειος Βέλλας) пераклала Новы Запавет(el) з дапамогай Эліністычнага Біблійнага таварыства[10]. Пераклад грунтаваўся на Textus Receptus[11] са зваротамі да крытычнага Novum Testamentum Graece.

У другой палове 1960-х яшчэ адна група навукоўцаў Атэнскага і Тэсалёніцкага ўнівэрсытэтаў з дапамогай Эліністычнага Біблійнага таварыства пачала працу над перакладам Бібліі на сучасную гутарковую мову[10]. Новы Запавет адаптаваўся з арыгінальнай вэрсіі на кайнэ, пераклад Старога Запавету зьдзяйсьняўся з габрэйскай Бібліі і арамейскіх тэкстаў. Пераклад, які зьявіўся ў 1997 року, стаў вядомы пад назвай «Сёньняшняя грэцкая вэрсія(el)». Ён атрымаў дабраславеньне і ўхвалу Сьвятога Сыноду Царквы Грэцыі і выкарыстоўваецца таксама ў эвангельскіх і харызматычных цэрквах.

У 1994 выйшла першае выданьне Вамвасавага перакладу Бібліі на сучасную гутарковую мову ў рэдакцыі Сьпіраса Філяса (грэц. Σπύρος Φίλος). Гэты пераклад ужываецца Грэцкай эвангельскай царквой[12] і прызнаны праваслаўнай царквой.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Porter, S. E., “Septuagint/Greek Old Testament” in Porter, S. E. & Evans, C. A. (2000), Dictionary of New Testament background : A compendium of contemporary biblical scholarship (electronic edition, Downers Grove, IL: InterVarsity Press).
  2. ^ а б  Fernandez Marcos, Natalio The Septuagint in Context: Introduction to the Greek Versions of the Bible. — 2000. — С. 180.
  3. ^ The Journal of religion. — Divinity School, University of Chicago. Federated Theological Faculty, 1940. — Т. 20.
  4. ^  Kamusella, Tomasz The Politics of Language and Nationalism in Modern Central Europe. — 2008.
  5. ^  Angold, Michael Eastern Christianity. — 2006. — С. 200.
  6. ^  Doll, Peter [books Anglicanism and Orthodoxy]. — Frankfurt Am Main: Lang, 2006. — С. 269, 437. — ISBN 978-3-03910-580-9
  7. ^ ΣΟΑΒΙΟΥ ΦΡΑΓΚ., Πεντάτευχος (Ο) του Μωϋσέως και το βιβλίον του Ιησού του Ναυή, Εν Λόνδρα 1833. Σελ. 270. Εκ του εβραϊκού αρχετύπου εις κοινήν ελληνικήν διάλεκτον μεταφρασθέντα.
  8. ^ Manolis Triandaphyllidis  // Άπαντα. — Aristotle University of Thessaloniki, Institute for Modern Greek Studies (Manolis Triandaphyllidis Foundation), 1963. — Т. 5. — С. 382.
  9. ^ Circular of the Synod of the Greek Orthodox Church. — 1901. — С. 288.
  10. ^ а б Our mission (анг.). Hellenic Bible Society. Праверана 5 траўня 2017 г. Архіўная копія ад 5 траўня 2017 г.
  11. ^ GNT. Greeks For Christ. Праверана 4 траўня 2017 г. Архіўная копія ад 27 сьнежня 2013 г.
  12. ^ Spyros Filos Modern Greek & SBL GNT critical Greek Text Droid MySword Version (анг.). Bible Support. Праверана 4 траўня 2017 г.