Textus Receptus

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Textus Receptus (па-лацінску: «прыняты тэкст») — назвы, якія пасьлядоўна атрымлівалі друкаваныя тэксты грэцкага Новага Запавету, якія былі асноваю для перакладаў арыгінальнае нямецкае Бібліі Лютэра, перакладу Новага Запавету на ангельскую мову Ўільяма Тындэйла, Бібліі караля Якуба і большасьці іншых перакладаў Новага Запавету ў Заходняй і Цэнтральнай Эўропе ў часы Рэфармацыі. Першы названы «прынятым» тэкст грэцкага Новага Запавету быў надрукаваны ў 1516 року ў Базэлі галяндзкім каталіцкім дасьледнікам і гуманістам Эразмам Ратэрдамскім. Ягоныя крытыкі спасылаюцца на тое, што гэтае выданьне грунтавалася ўсяго на шасьці рукапісах, якія зьмяшчалі ня ўвесь Новы Запавет. Недастатнія часткі былі перакладзеныя назад на грэцкую з лацінскай Вульгаты. Нягледзячы на тое, што Эразмава выданьне грунтавалася збольшага на рукапісах бізантыйскага тыпу, яно значна адрозьнівалася ад клясычнае формы гэтага тэксту і ўключала некаторыя недастатнія часткі, якія былі вернутыя падчас адваротнага перакладу з Вульгаты.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эразм Ратэрдамскі цягам гадоў працаваў у двух накірунках: супастаўленьні грэцкіх тэкстаў і новага лацінскага перакладу Новага Запавету. Ён сабраў усе магчымыя рукапісы Вульгаты дзеля магчымасьці стварэньня крытычнага выданьня. Напачатку ён нават ня згадваў грэцкія тэксты. Тым ня меней, у ягоным выданьні яны ўсё-ткі прысутнічаюць зь невядомых прычынаў. Магчыма, такім чынам ён намагаўся пераўзысьці Камплютэнскую Паліглёту, хоць гэтая вэрсія нічым не пацьвярджаецца. Імаверна, што параўноўваючы абодва тэксты, ён проста намагаўся паказаць пераўзыходзтва свайго лацінскага перакладу над грэцкім.

Праца Эразма Ратэрдамскага была выдадзеная Фробэнам з Базэлю ў 1516, стаўшыся першым друкаваным грэцкім Новым Запаветам, «Novum Instrumentum omne, diligenter ab Erasmo Rot. Recognitum et Emendatum». Ён карыстаўся наступнымі рукапісамі: 1, 1rK, 2e, 2ap, 4ap, 7, 817.[1]

Другое выданьне мела больш звыклую назву Testamentum замест Instrumentum і ў выніку стала асноўнай крыніцай для Лютэравага перакладу. У другім выданьні (1519) Эразм дадаткова карыстаўся Мінускулам 3. У 1522 року выйшла трэцяе выданьне грэцкай Бібліі Эразма, у якую быў уключаны Comma Johanneum, хоць сам Эразм Ратэрдамскі «быў перакананы, што ён не ўваходзіць у арыгінал Першага ліста Яна»[2].

Ашаламляльны посьпех грэцкага Новага Запавету ў рэдакцыі Эразма Ратэрдамскага цалкам засланіў лацінскі тэкст, на якім ён факусаваўся. Мноства іншых выдаўцоў цягам наступным стагодзьдзяў бралі ў якасьці асновы для сваіх Новых Запаветаў менавіта гэтую вэрсію, большасьць зь іх нават не праводзілі ўласную крытычную працу.

Друкар з Парыжу Рабэр Эцьен, вядомы як Стэфанус (1503—1559), чатыры разы рэдагаваў грэцкі Новы Запавет (1546, 1549, 1550 і 1551). Першыя два выданьні, вядомыя пад назваю «O mirificam», сталі аднымі з найбольш дасканалых грэцкіх тэкстаў; трэцяя рэдакцыя — шыкоўны ўзор тыпаграфскага майстэрства. Яна зьмяшчае крытычны апарат, у якім працытаваныя рукапісы, выкарыстаныя ў тэксьце. Рукапісы пазначаныя сымбалямі (ад α да ις). Стэфанус выкарыстоўваў «Polyglotta Complutensis» (пад сымбалем α) і 15 грэцкіх рукапісаў, сярод якіх кодэкс Бэзы, Каралеўскі кодэкс, мінускулы 4, 5, 6, 2817, 8, 9. Гэтае выданьне вядомае як Editio Regia. Новы Запавет 1551 року, выдадзены ўжо ў Жэнэве, зьмяшчае лацінскі пераклад Эразма Ратэрдамскага і Вульгату. Ён больш рэдкі і не такі выдатны, як тры папярэднія. Менавіта ў ім упершыню зьявіўся падзел Новага Запавету на вершы.

Трэцім выданьнем Рабэра Эцьена карыстаўся Тэадор Бэза, выдаўшы ў 1565—1604 дзевяць ягоных рэдакцыяў. У крытычным апараце другога выданьня ён карыстаўся Клэрмонцкім кодэксам і сырыйскім Новым Запаветам 1569 року выданьня Эмануэля Трэмэліюса.

Тэрмін Textus Receptus зьявіўся з прадмовы выдаўца да выданьня Банавэнтуры і Абрагама Эльзэвіраў 1633 року. Прадмова гучала так: «Textum ergo habes, nunc ab omnibus receptum: in quo nihil immutatum aut corruptum damus», — што ў перакладзе азначае «Вы трымаеце тэкст, прыняты цяпер усімі, у якім (няма) нічога скажонага». Словы textum і receptum, пераведзеныя зь вінавальнае ў форму назоўнага склону, і далі спалучэньне textus receptus. Цягам доўгага часу гэты выраз прымяняўся да выданьняў Эразма Ратэрдамскага, паколькі менавіта на ягоных працах грунтаваліся наступныя дасьледнікі[3]

Тэкстуальная крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Тэкстуальная крытыка

Джон Міл (1645—1707) супаставіў тэксты 82 грэцкіх манускрыптаў. У сваім Novum Testamentum Graecum, cum lectionibus variantibus MSS (Оксфард, 1707) ён перадрукаваў бязь зьменаў тэкст Editio Regia, аднак у бібліяграфіі пералічыў 30 000 варыянтаў тэкстаў[4]

Неўзабаве па выхадзе Мілавага выданьня Дэніел Ўітбі (1638—1725) раскрытыкаваў гэтую працу. Ён сьцьвярджаў, што арыгіналы Новага Запавету супадаюць з Textus Receptus і што тэкст ніколі не зьмяняўся. Ён лічыў, што прыведзеныя Мілам 30 000 розных варыяцыяў могуць пашкодзіць цэласнасьці тэксту Сьвятога Пісаньня. Ўітбі казаў, што неабходна даказаць праўдзівасьць кожнай часткі Новага Запавету супраць пададзеных Мілам варыянтаў[5].

Ёган Альбрэхт Бэнгель (1687—1752) у 1725 выдаў Prodromus Novi Testamenti Graeci Rectè Cautèque Adornandi, а ў 1734 — Novum Testamentum Graecum. Бэнгель падзяліў рукапісы на сямействы і падсямействы. Ён аддаваў перавагу прынцыпу lectio difficilior potior («найскладанейшае прачытаньне — найлепшае»).

Апарат Ёгана Якаба Вэтштайна быў яшчэ паўнейшы за свайго папярэдніка. Вэтштайн увёў практыку пазначэньня старажытных рукапісаў вялікімі рымскімі літарамі, а пазьнейшых — арабскімі лічбамі. У 1731 ён выдаў у Базэлі Prolegomena ad Novi Testamenti Graeci.

Ёган Якаб Грысбах (1745—1812) спалучыў прынцыпы Бэнгеля і Вэтштайна. Ён павялічыў апарат, дапоўніўшы яго цытатамі Айцоў Царквы, а таксама іншымі перакладамі — напрыклад, гоцкім, армянскім і Філяксэнавым. Грысбах вылучаў заходнюю, александрыйскую і бізантыйскую рэдакцыі[6].

Першым, хто адышоў ад Прынятага тэксту, стаў Карл Ляхман (1793—1851). Ягонай мэтай было ўзнаўленьне тэксту да формы, якую той меў у часы старажытнай Царквы прыкладна ў 380 року. Ён карыстаўся найстарэйшымі вядомымі грэцкімі і лацінскімі рукапісамі. Канстантын фон Тышэндорф таксама выдаў сваю «Editio Octava Critica Maior», грунтуючыся пераважна на Codex Sinaiticus. А пасьля выхаду ў 1881 року «The New Testament in the Original Greek» Брука Ўэстката і Фэнтана Горта, заснаванага пераважна на Codex Vaticanus, Textus Receptus для навуковага сьвету быў прызнаны састарэлым.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ W. W. Combs, Erasmus and the textus receptus, DBSJ 1 (Spring 1996), 45.
  2. ^ H. J. de Jonge, Erasmus and the Comma Johanneum, Ephemerides Theologicae Lovanienses (1980), p. 385
  3. ^ Bruce M. Metzger, Bart D. Ehrman. The Text Of The New Testament: Its Transmission, Corruption and Restoration, Oxford University Press, 2005, p. 152.
  4. ^ T. Robertson, An Introduction to the Textual Criticism of the New Testament, Nashville: Broadman, 1925, pp. 107—108.
  5. ^ Examen variantum Lectionum Johannis Milli (London 1710)
  6. ^ J. J. Griesbach. Novum Testamentum Graece — London, 1809