Польшча – 1863 год

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Польшча – 1863 год
Польская моваPolonia – Rok 1863
Мастак Ян Матэйка
Год 1864
Тып алей, палатно
Памеры 158 × 232
Месцазнаходжаньне Музэй князёў ЧартарыйскіхКракаў

«Польшча — 1863 год» (па-польску: Polonia – Rok 1863) альбо «Закутая Польшча» (па-польску: Zakuwana Polska) — адзін з раньніх твораў польскага мастака Яна Матэйкі, створаны ў 1864 годзе.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціну Ян Матэйка напісаў пад уплывам сьвежых перажываньняў і ўспамінаў мастака часоў Паўстаньня 1863—1864 гадоў, але яна не была завершана. Мацейка не бачыў шанцаў на выстаўленьне карціны і яе публічную прэзэнтацыю. Баючыся за сваю бясьпеку і бясьпеку сваёй сям’і, а таксама за магчымыя расправы, ён вырашыў схаваць палатно за печчу ў хаце, дзе яно праляжала некалькі гадоў. Пазьней карціна трапіла ў рукі сям’і Чартарыйскіх. Зараз экспануецца ў Музэі князёў Чартарыйскіх у Кракаве[1].

Polonia — палатно, вытрыманае ў карычнева-чорных колерах, з эскізнымі рысамі. Польшча — маладая жанчына ў кайданах, апранутая ў чорную сукенку, растрапаную на плячах, а жанчына ў белым, адрываная ад яе гвалтам, — гэта Русь. У лужыне крыві ля ног царскіх афіцэраў ляжыць труп напаўаголенай жанчыны — Літвы. Афіцэр, які стаяў над імі, Міхаіл Мураўёў, вядомы як Шыбіньнік, душыў паўстаньне ў Літве, а генэрал Фёдар Бэрг, які знаходзіцца разам зь ім, зрабіў тое ж самае ў Каралеўстве Польскім.

На сьцяне насупраць — маніфэст, які абвяшчае пачатак паўстаньня ў студзені 1863 году, а над ім — герб Расейскай імпэрыі, на грудзях якога зьмешчаны — герб Царства Польскага. Сцэна разгортваецца ў касьцёле, апаганеным расейскім войскам, якое апранута у літургічныя шаты і п’е віно з келіхаў для Імшы. Закуцьцё ў кайданы Польшчы адбываецца над магільнай плітою ў падлозе, што азначае магілы продкаў.

Справа відаць група людзей пад наглядам узброеных салдат, якія, верагодна, чакаюць высылкі ў Сыбір. У гэтай групе вылучаецца паранены паўстанец з рукой на перавязі, чый злосна сьціснуты кулак лагодным жэстам трымае манах-капуцын. Іншыя дэталі, бачныя на карціне Матэйкі: шабля Мураўёва датыкаецца з трупу жанчыны; салдат б’е прыкладам вінтоўкі некага ў грудзі, а штык ад яе ўтыкаецца ў расьпятага Хрыста; малады чалавек са скрыжаванымі рукамі ў роспачы адварочваецца ад расьпяцьця.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Zakuwana Polska (Polonia, Rok 1863), Cyfrowe Dziedzictwo Kulturowe w regionie Małopolski