Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх (Быкаўшчына)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сядзібна-паркавы ансамбаль
Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх
Краіна Беларусь
Вёска Быкаўшчына
Каардынаты 55°26′11″ пн. ш. 28°49′19″ у. д. / 55.43639° пн. ш. 28.82194° у. д. / 55.43639; 28.82194Каардынаты: 55°26′11″ пн. ш. 28°49′19″ у. д. / 55.43639° пн. ш. 28.82194° у. д. / 55.43639; 28.82194
Заснавальнік Альфонс Козел-Паклеўскі
Будаваньне сярэдзіна XІX ст.—пачатак XX ст.
Будынкі:
палац • флігель • гаспадарчыя пабудовы • склеп • парк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь Гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі, шыфр 213Г000646
Стан добры
Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх на мапе Беларусі
Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх
Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх
Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх
Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх на Вікісховішчы

Сядзібна-паркавы ансамбаль Козел-Паклеўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў вёсцы Быкаўшчыне Полацкага раёна Віцебскай вобласьці. Уключае палац, флігель, гаспадарчыя пабудовы, рэшткі капліцы, фрагмэнты парку.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаспадары сядзібы, пач. XX ст.

Вядомы з канца XVIII стагодзьдзя як спадчыннае ўладаньне віцебскай галіны Козел-Паклеўскіх. У 1844 годзе значыцца як уласнасьць Ганны Козел-Паклеўскай. У 1845 годзе маёнтак атрымаў у спадчыну Альфонс Козел-Паклеўскі. Да маёнтка адносіліся вёскі Глінскія, Лугавыя, Старухі й Чачэлава[1].

Сядзіба закладзена ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Уключала сядзібны дом, флігель, жылыя дамы, капліцу-пахавальню (пабудавана ў 1900 годзе), гаспадарчыя пабудовы: стайні, пякарню, амбар, кузьню, карэтную, ляднік, жывёльны двор. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Вінцэнт, які пакінуў маёнтак падчас польска-савецкай вайны.

У тыя часы маёнтак складаўся з 12 дамоў, кавальні, лядоўні, малочнай. Побач зь ёй разьмяшчаўся дом з 12 пакояў. Пад каменнай прыбудовай — склеп[2].

У 1924 годзе ў сядзібе разьмясьціўся дзіцячы дом[3], які пасьля Другой сусьветнай вайны быў ператвораны ў Ветрынскую школу-інтэрнат. У 2003 годзе сядзіба была занесена ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэньня.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляны двухпавярховы будынак на каменным падмурку з цаґлянай прыбудовай. Мае два ўваходы. Галоўны ўваход вылучаны 4-калонным портыкам з шырокім бальконам, які ў 2-й палове XX стагодзьдзя заменены вэрандай. Выкарыстоўваецца як жылы дом.

Паводле архіўнага дакумэнта 1926 году, у палацы было 20 пакояў, 19 дзьвярэй, 50 вокнаў, 7 печаў. Падлога паркетная, дах крыты жалезам. Памер будынка — 33×25×12 аршын[2].

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вакол палаца разьмяшчаўся парк. У аснове яго плянаваньня была складаная водная сыстэма — некалькі сажалак, злучаных каналамі й арачнымі масткамі (захаваліся фрагмэнты). У адной зь іх жылі лебедзі. Перад домам была разьбіта клумба, на якой расьлі акацыя жоўтая, шыпшына, бэз звычайны. Да палаца вяла ліпавая алея. Асобная дарога ішла да гаспадарчых пабудоў, якія знаходзіліся з усходняга боку. У садах, якіх на тэрыторыі сядзібы было тры, расьлі яблыні, грушы, вішні й іншыя дрэвы[4]. Захаваліся адзінкавыя пасадкі ясеня, вяза, дуба.

Капліца-пахавальня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Склеп капліцы-пахавальні.
Капліца-пахавальня, 1900 год.

У 1893 годзе Анжэліка Козел-Паклеўская, удава Альфонса Козел-Паклеўскага, прасіла ў віцебскага губэрнатара дазвол на пабудову капліцы-пахавальні, але ёй было адмоўлена. У 1894 годзе яна зноў зьвярнулася з гэтай просьбай да губернатара й атрымала дазвол з умовай, што набажэнствы ў капліцы адбывацца не будуць[1].

У 1900 годзе сын Альфонса Козел-Паклеўскага Вінцэнт скончыў узьвядзенне храма й падаў хадайніцтва да губэрнатара аб дазволе правядзеньне ў ёй памінальных абрадаў. Гэтаму запярэчыў полацкі эпіскап Ціхан, які заявіў: «… капліца разьмешчана [ў краі з] суцэльным праваслаўным насельніцтвам, якое было ўзьяднана з уніі й не дастаткова яшчэ адужэла ў праваслаўі. Гэта дае падставу меркаваць, што капліца з часам будзе выкарыстоўвацца для сталага зьдзяйсьненьня набажэнстваў… і можа мець шкодны ўплыў для праваслаўя… мяркую, што хадайніцтва Козел-Паклеўскіх ня можа падлягаць задавальненьню». Нягледзячы на гэта, губэрнатар дазволіў сям’і карыстацца капліцай пры ўмове, што яе ня будуць наведваць мясцовыя праваслаўныя сяляне. Нэагатычная спачывальня была разьлічана на 50 месцаў (7×7 сажаняў унутры). Пад капліцай знаходзіўся склеп на 36 месцаў для памерлых. Вышыня храма дасягала 20 аршын, даўжыня — 15 аршын і 4 вяршкі, шырыня — 17 аршын. Храм быў разабраны ў 1930-х гадах пры будаўніцтве школы. Парэшткі людзей, што знаходзіліся ў склепе, перапахавалі на мясцовых могілках. Частка склепа памерамі 15×15 м захавалася й да нядаўняга часу выкарыстоўвалася як склад гаруча-змазачных матэрыялаў[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Таццяна Мацюшонак. Быкаўскія Козел-Паклеўскія. // «Культура» № 21 (787) 26 мая 2007 — 1 чэрвеня 2007 г.
  2. ^ а б ’’Карасёў В. Р.’’ Спадчына. Козел-Паклеўскія й Быкаўшчына. // Полацкі музэйны штогоднік: (зборнік навуковых артыкулаў за 2011 г.). — Полацк: НПГКМЗ, 2012. — 468 с.: іл.
  3. ^ ’’Віталь Сямашка’’. Быкаўшчына: «Наша аўтаномная рэспубліка». — Радыё Свабода, 11 траўня 2007.  (бел.)
  4. ^ Сядзіба Козел-Паклеўскіх(недаступная спасылка). — Віцебская абласная бібліятэка, 4 ліпеня 2019.  (бел.)
  5. ^ Карасёў В. «Мая любоў — Ветрына». — Полацк, 2004 г. Паводле кс. Віктара Місевіча, пробашча парафіі благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча ў Ветрыне

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Андилевко, А. А. Быковщинская усадьба / А. А. Андилевко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1. — С. 114.
  • Андзілеўка, Г. А. Быкаўшчынская сядзіба / Г. А. Андзілеўка // Культура Беларусі : энцыклапедыя [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Б-Г. — С. 130—131.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]