Сямейства (біялёгія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Клясыфікацыйная дыяграма

Сямейства (па-лацінску: familia, мн. л. familiae) — адна з асноўных таксанамічных катэгорыяў герархічнай клясыфікацыі ў біялягічнай сыстэматыцы.

У герархіі сыстэматычных катэгорыяў сямейства знаходзіцца ніжэй за атрад (парадак) і вышэй за трыбу і род.

Правілы ўтварэньня назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назвы сямействаў утвараюцца па правілах, якія рэгулююцца міжнароднымі кодэксамі заалягічнай і батанічнай намэнклятуры. У заалёгіі назва сямейства ўтвараецца ад назвы тыпавога роду, да асновы якога дадаецца стандартны канчатак -idae, у батаніцы да асновы назвы тыпавога роду дадаецца стандартны канчатак -aceae.

Прыклады: род Canis (сабака) аснова Can- і канчатак -idae даюць назву Canidae (сабачыя). Род Rosa (ружа ці шыпшына) аснова Ros- і канчатак -aceae даюць назву Rosaceae (ружакветныя).

Часам выкарыстоўваюцца таксама вытворныя рангі: надсямейства і падсямейства.

Гісторыя фармаваньня панятку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэт П’ера Маньёля, які ўпершыню ўвёў ва ўжытак катэгорыю сямейства

Сучаснае разуменьне сямейства як рангу, разьмешчанага паміж атрадам (парадкам) і родам, датуецца пачаткам XX ст.

Упершыню катэгорыя сямейства была ўведзена ва ўжытак францускім батанікам П’ерам Маньёлем у рабоце Prodromus historiae generalis plantarum, in quo familiae plantarum per tabulas disponuntur (1689). Пасьля гэтага слова сямейства (лац. familia ці франц. famille) выкарыстоўвалася рознымі аўтарамі для абазначэньня групаў самага рознага характару. Карл Лінэй у Philosophia botanica (1751) называў сямействамі буйныя групы (пальмы, папараці), на якія ён падзяляў расьліны толькі для зручнасьці апісаньня іх будовы, не выкарыстоўваючы іх у сваіх клясыфікацыях. У некаторых работах па заалёгіі сямействамі называлі падразьдзяленьні родаў. Урэшце, зь сярэдзіны XVIII ст. у франкамоўнай батанічнай літаратуры сямейства (лац. familia) разглядалі як адпаведнік лацінскага слова ordo (парадак). Гэтая практыка была прыпыненая толькі ў 1906 г., калі былі прынятыя міжнародныя правілы батанічнае намэнклятуры. Паводле гэтых правілаў, сямейства (familia) і парадак (ordo) сталі разглядацца як рознасныя катэгорыі. Сямействамі сталі называць тое, што раней называлі сямействамі па-француску і парадкамі па-лацінску, а парадкамі — тое, што ў канцы XIX ст. нярэдка называлі кагортамі (cohors pl. cohortes).

У заалягічнай літаратуры сямейства як катэгорыя рангу, прамежкавага паміж атрадам і родам, упершыню была ўведзеная П’ерам Андрэ Лятрэйлем у яго працы Précis des caractères génériques des insectes, disposés dans un ordre naturel (1796). Ён выкарыстоўваў сямействы (некаторыя з гэтых групаў атрымалі імя, некаторыя былі проста пранумараваныя) у некаторых з атрадаў сваёй клясыфікацыі «вусякоў» (у той час вусякамі называлі ўсіх чэлясаногіх). Прапанова Лятрэйля ўмацавалася ў заалягічнай літаратуры ўжо ў пачатку XIX ст.