Таямніца Келза

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Таямніца Келза
The Secret of Kells
Жанр фэнтэзійны фільм, дзіцячы фільм, сярэднявечны фільм
Рэжысэр
Аўтар сцэнару Фабрыс Зялкоўскі
Ролі агучвалі
Кампазытар
Аніматары Нора Тўомі
Прадусэр
Студыя
  • Les Armateurs
  • Vivi Film
  • Cartoon Saloon
  • France 2 Cinéma
  • Фундацыя «Euroimages» Рады Эўропы
  • Эўразьвязаўская праграма Media Plus
  • Мэдыяпраграма Эўрапейскай супольнасьці
  • Canal+
  • CinéCinéma Classic
  • Conseil Général de la Charente
  • Conseil Régional de Poitou Charentes
  • Piste Rouge
  • Ірляндзкая кінарада
  • Радыёвяшчальная камісія Ірляндыі
  • Vlaams Audiovisueel Fonds
  • Centre du Cinéma et de l'Audiovisuel de la Communauté Française de Belgique
  • Télédistributeurs Wallons
  • Promimage
  • Wallimage
  • Tax Shelter ING Invest de Tax Shelter Productions
  • Belgacom TV
  • Kinepolis Multi
Краіна
Мова ангельская
Працягласьць 75 хв.
Прэм’ера 30 студзеня 2009 (15 гадоў таму)
Бюджэт $8 млн[2]
Касавыя зборы $0,74 млн[2]
IMDb ID 0485601
Rotten Tomatoes падрабязьней
Афіцыйны сайт

«Таямні́ца Ке́лза» (па-ангельску: The Secret of Kells) — француска-бэльгійска-ірляндзкі[3] анімацыйны фэнтэзійны фільм 2009 року, створаны ірляндзкай студыяй «Cartoon Saloon». Рэжысэры — Том Мур ды Нора Тўомі. Прэм’ера мультфільму адбылася 8 лютага 2009 на 59-м Бэрлінскім кінафэстывалі.

Дзеі мультфільму адбываюцца ў сярэднявечнай Ірляндыі. Галоўны герой — хлопчык-манах Брэндан, які ўдзельнічае ва ўратаваньні і складаньні Келзкай кнігі ў пачатку IX стагодзьдзя. Ролі агучвалі Эван МакГўаер, Брэндан Глісан, Крыстэн Муні, Мік Лэлі, Майкл МакГрат, Лаем Гаўрыкен, Пол Тайлэк і Пол Янг.

У 2010 року мультфільм быў намінаваны на прэмію Акадэміі за найлепшы анімацыйны фільм[4][5].

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ірляндыя, пачатак IX стагодзьдзя. Малады, цікаўны ды аптымістычны хлопчык Брэндан жыве ў ізаляванай грамадзе кляштару Келзу, абатам якога — ягоны строгі дзядзька Келах. Абат, устурбаваны пастаяннымі набегамі вікінгаў, увесь свой час прысьвячае будаўніцтву высокага муру вакол кляштара.

Брэндан навучаецца ў кляштарным скрыпторыі. Аднойчы, пачуўшы ад манахаў пра брата Эйдана, найлепшага ілюстратара кніг, ён пажадаў пазнаёміцца з гэтым майстрам і ягонай кнігай, «чые старонкі маюць неверагодную моц перамяніць цемру ў сьвятло». Ягоная мара зьдзяйсьняецца, калі Эйдан са сваім катом па мянушцы Пангур Бан прыяжджае ў Келз. Нарманы захапілі востраў Аёна і зруйнавалі тамашні кляштар, аднак Эйдан здолеў уратаваць сваю няскончаную кнігу. Кнігу Аёны ахоўвае Пангур Бан, аднак Брэндана ён дапускае паглядзець на яе, бо хлопчык не нясе пагрозы.

Бачачы Брэнданаву зацікаўленасьць, Эйдан выпраўляе хлопчыка пад суправаджэньнем Пангур Бана ў лес, каб прынесьці чарнільных гарэшкаў(en). Упершыню не паслухаўшыся дзядзькі, Брэндан прабіраецца ў лес, але тут на яго нападаюць ваўкі. Хлопчыка ратуе лясная фея Ашлінг, якая жыве самотна, можа перамяшчацца хутка і не кранаючыся зямлі, і яе слухаюцца лясныя зьвяры. Калі хлопчык кажа, што гарэшкі патрэбныя дзеля працягу напісаньня кнігі, яны з Ашлінг становяцца сябрамі.

Пасьля непрацяглай сутычкі з Кром Круахам, богам сьмерці і разбурэньня, якога Ашлінг вельмі баіцца, яны разьвітваюцца. Брэндан прыносіць Эйдану патрэбныя матэрыялы, аднак ягоны дзядзька Келах забараняе надалей выходзіць з кляштару. Эйдан вучыць хлопчыка маляваць, каб той працягнуў справу па стварэньні кнігі, бо сам Эйдан ужо стары. Аднак дзеля працягу працы неабходнае Вока Калюмбы — чароўны крышталь, страчаны пры наезьдзе нарманаў на Аёну. Іншы такі крышталь можна здабыць толькі ў Кром Круаха. Брэндан вырашае накіравацца на бой з пачварай, але абат Келах за непаслушэнства зачыняе яго ў пакоі.

Пангур Бан і Ашлінг вызваляюць Брэндана. Хлопчык распавядае Ашлінг пра свой намер выправіцца ў пячору Кром Круаха; фея спрабуе адгаварыць яго, каб хлопчык не загінуў, як увесь ейны народ, аднак Брэндан пераконвае Ашлінг, што крышталь неабходны, інакш кніга ня зможа быць скончаная. Ашлінг пагаджаецца пайсьці з Брэнданам у пячору, дзе ледзь ня гіне. Брэндан перамагае Крома ў баі і вырывае ягонае вока, а сьляпая пачвара паядае сама сябе(en).

Брэндан і Эйдан працягваюць працу над кнігай. Неўзабаве на Келз нападаюць вікінгі, мясцовыя жыхары хаваюцца за кляштарнымі мурамі. Нарманы штурмуюць кляштар і забіваюць усіх, хто не пасьпеў схавацца ў цэнтральнай вежы. Келах цяжка паранены, а Эйдан з Брэнданам здолелі ўцячы. У лесе яны натыкаюцца на вікінгаў, але тых загрызаюць ваўкі. Кнігу, якую ледзь не расьцерушылі нападнікі, атрымліваецца ўратаваць. Скрыпторый і цэнтральная вежа спаленыя, аднак Келах з рэштай сялянаў здолелі схавацца ў кляштары.

Мінаюць гады, Брэндан і Эйдан у выгнаньні завяршаюць кнігу і прапаведуюць па ёй Сьвятое Пісаньне. Пакідаючы кнігу Брэндану, Эйдан памірае. Дарослы Брэндан вяртаецца ў Келз з Пангур Банам і белай ваўчыцай (Ашлінг). Дзядзька Келах жывы, аднак увесь гэты час дакараў сябе за тое, што быў жорсткім з Брэнданам. Нарэшце яны сустракаюцца, і Брэндан паказвае дзядзьку закончаную кнігу.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Эван МакГўаер — Брэндан, сьветлы, цікаўны і летуценны 12-гадовы хлопчык, які вядзе жыцьцё пустэльніка.
  • Брэндан Глісан — абат Келах, колішні ілюмінатар, які цяпер кіруе будаўніцтвам муру дзеля абароны Келзкага абацтва ад наездаў.
  • Крыстэн Муні — Ашлінг, лясная фея з народу(ga) Дану(ga), жыве ў лясох ля Келзу.
  • Мік Лэлі — манах Эйдан, ілюмінатар.
  • Майкл МакГрат — дарослы Брэндан.
  • Лаем Гаўрыкен — манахі Танг і Леанарда, два ілюмінатары з Азіі й Італіі (адпаведна).
  • Пол Тайлэк — манах Асуа, ілюмінатар з Афрыкі.
  • Пол Янг — манах Сквэр, ілюмінатар з Ангельшчыны.

Вытворчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм заснаваны на гісторыі стварэньня кнігі з Келзу, ілюмінаванага лацінскага Дабравесьця(pl), складзенага з чатырох кнігаў Новага Запавету, якое захоўваецца ў Дубліне (Ірляндыя). Акрамя таго, у мультфільм уключаныя элемэнты кельцкай міталёгіі[6]: напрыклад, Кром Круах — дахрысьціянскае ірляндзкае боства[7], — ці адсылка да паэтычнага жанру ашлінг(ga), у якім паэт спатыкае ў сьне ці ў відзежы прарочыцу. У больш шырокім сэнсе можна таксама пабачыць падабенства мэтафізычнай сутычкі Брэндана з Кром Круахам да падводнай бойкі Бэўвульфа з Грэндэлевай маці[8]. Прататыпам галоўнага герою Брэндана, магчыма, зьяўляецца сьвяты Брэндан, сучасьнік Калюмбы.

Праца над «Таямніцай Келза» пачалася ў 1999 року пасьля таго, як Том Мур зь сябрамі натхніліся анімацыяй «Злодзей і шавец» Рычарда Ўільямза, дыснэеўскім «Муланам» і творчасьцю Гаяо Міядзакі, заснаванымі на традыцыйным мастацтве. Яны вырашылі зрабіць штосьці падобнае да фільмаў студыі Гіблі, але паводле ірляндзкіх традыцый(en)[9][10].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм атрымаў даволі ўхвальныя ацэнкі; на Rotten Tomatoes ён мае сумарны рэйтынг 91% з 80 рэцэнзіяў і сярэднеўзважаным рэйтынгам 7,6/10[11]. На бачыне Metacritic, якая прысвойвае нармалізаваны рэйтынг па 100-бальнай сыстэме на аснове водгукаў, мультфільм атрымаў адзнаку 81 («агульная ўхвала»)[12].

Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рок Прэмія Катэгорыя Вынік
2008 Прэмія Гільдыі кінарэжысэраў Ірляндыі Прэмія шукальнікаў рэжысэраў Перамога
2009 Міжнародны кінафэстываль анімацыйных фільмаў у Анэсі Гран-пры за найлепшы фільм Намінацыя
Прыз глядацкіх сымпатыяў Перамога
Эдынбурскі міжнародны кінафэстываль Прыз глядацкіх сымпатыяў Перамога
Анімацыйны кінафэстываль 2D ці не 2D (Сіэтл) Прэмія імя Роя Дыснэя Перамога
Сэульскі міжнародны анімацыйны кінафэстываль Гран-пры Перамога
9-ы Кечкемэцкі анімацыйны кінафэстываль Прыз глядацкіх сымпатыяў Перамога
Фэстываль эўрапейскіх анімацыйных поўнамэтражных фільмаў і тэлефільмаў (Кечкемэт) Кечкемэцкая меская прэмія Перамога
22-я Эўрапейская кінапрэмія Найлепшы анімацыйны фільм Намінацыя
37-я прэмія «Эні» Найлепшы анімацыйны фільм Намінацыя
2010 7-я прэмія ірляндзкага кіно і тэлебачаньня Найлепшы фільм Намінацыя
Найлепшы анімацыйны фільм Перамога
Брытанская анімацыйная прэмія Найлепшы эўрапейскі анімацыйны фільм Перамога
82-я прэмія Акадэміі Найлепшы анімацыйны фільм Намінацыя

Беларускі пераклад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2017 року анімацыйны фільм быў упершыню прадстаўлены ў Беларусі. Агучку на беларускую мову выканала ініцыятыва «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom. У агучцы ўдзельнічалі вядомыя беларускія акторы Павал Харланчук, Ганна Хітрык, Раман Падаляка, Зьміцер Бейнарт-Саладуха й іншыя[13].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Bynum, Aaron H. 'Brendan and the Secret of Kells' Animation Film at Annecy '08 Animation Insider Праверана 28 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 4 чэрвеня 2012 г.
  2. ^ а б The Secret of Kells (анг.). Box Office Mojo. Праверана 28 лютага 2017 г.
  3. ^ Lou Lumenick. A visual feast — just add Celt (анг.) // New York Post, 5 сакавіка 2010 г. Праверана 28 лютага 2017 г.
  4. ^ A. O. Scott. Outside the Abbey’s Fortified Walls, a World of Fairy Girls and Beasts (анг.) // The New York Times, 4 сакавіка 2010 г. Праверана 28 лютага 2017 г.
  5. ^ Melena Ryzik. An Indie Takes On Animation’s Big Boys (анг.) // The New York Times, 2 сакавіка 2010 г. Праверана 28 лютага 2017 г.
  6. ^ John Hartl. ‘The Secret of Kells’: An enchanting tale of a boy in barbarian times (анг.) // Seattle Times, 13 траўня 2010 г. Праверана 1 сакавіка 2017 г.
  7. ^ O’Hehir, Andrew (4 сакавіка 2010) “The Secret of Kells”: Oscar’s dazzling Irish surprise (анг.) Salon.com Праверана 1 сакавіка 2017 г.
  8. ^ shaun. (15 кастрычніка 2011) The Secret of Kells: the circle and the serpent. Basement Garden. Праверана 1 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 29 сьнежня 2016 г.
  9. ^ Cohen, Karl (16 сакавіка 2010) 'The Secret of Kells' - What is this Remarkable Animated Feature? (анг.). Animation World Network. Праверана 1 сакавіка 2017 г.
  10. ^ Greydanus, Steven D. (2 красавіка 2010) The Secret of Kells (анг.) Reviews. Christianity Today. Праверана 1 сакавіка 2017 г.
  11. ^ The Secret of Kells (2010) (анг.) Rotten Tomatoes. Flixster. Праверана 1 сакавіка 2017 г.
  12. ^ The Secret of Kells 2010 (анг.) Metacritic Праверана 1 сакавіка 2017 г.
  13. ^ Сёньня ў «Маскве» пачынаюць паказы «Таямніцы Келза» па-беларуску Афіша Менск. Наша Ніва (17 сакавіка 2017). Праверана 23 сакавіка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]