Гаяо Міядзакі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Гаяо Міядзакі
宮崎 駿
Hayao Miyazaki.jpg
Імя пры нараджэньні Miyazaki Hayao
Дата нараджэньня 5 студзеня 1941
Месца нараджэньня Токіё, Японія
Прафэсія кінарэжысэр і кінасцэнарыст манґа і анімэ
Кар’ера з 1963 па сёньняшні дзень
IMDb ID 0594503

Гаяо Міядзакі (宮崎 駿, Miyazaki Hayao, нар. 5 студзеня 1941 г. у Токіё) — адзін з найвядомейшых стваральнікаў анімэ, японскіх мультфільмаў і коміксаў манґа. Адзін з самых паважаных рэжысэраў у гісторыі анімацыі.

Хоць Міядзакі быў збольшага невядомы шырокаму колу гледачоў на захадзе да 1999 г., калі Miramax выпусьціла яго стужку «Прынцэса Мананокэ», яго фільмы былі ўжо вельмі папулярнымі ў Японіі і Ўсходняй Азіі. Мультфільм «Зьнесеныя духамі» — рэкардсмэн усіх часоў па касавых зборах у Японіі; «Прынцэса Мананокэ» мела гэты тытул раней, да выхаду фільму «Тытанік».

Фільмы Міядзакі прысьвечаныя тэмам адносінаў чалавека да прыроды і тэхналёгіяў. Галоўныя героі фільмаў часта самастойныя, моцныя дзяўчыны ці маладыя жанчыны; антыгероі — трохі гратэскныя злачынцы з адмоўнымі маральнымі характарыстыкамі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаяо Міядзакі, другі з чатырох братоў, нарадзіўся ў мястэчку Акебона-цё, частцы такійскай акругі Бункё-ку. У часе Другое Сусьветнае вайны яго бацька Кацудзі Міядзакі быў дырэктарам належачага яго дзядзьку заводу, які вырабляў дэталі для баявых самалётаў Zero. З тых часоў Гаяо моцна захапляецца авіяцыяй, палёт, фантастычныя лётаючыя апараты прысутнічаюць амаль у кожнай яго стужцы.

У дзяцінстве Міядзакі даводзілася часта пераяжджаць, часткова таму, што яго маці праходзіла лекаваньне на сьпінны тубэркулёз з 1947 па 1955. У міядзакіевам фільме «Мой сусед Тоторо» паказваецца сям'я, дзе маці пакутуе на падобную хваробу.

Прыкладна ў 1956 Міядзакі паступіў у школу Тотаёма. На трэцім годзе навучаньня, ён пабачыў фільм «Гакудзя Дэн», які лічыцца адным зь першых паўнамэтражных каляровых анімэ, і вельмі зацікавіўся анімацыяй.

Пасьля вышэйшае школы Міядзакі наведваў Унівэрсытэт Ґакусюін, які скончыў у 1963 г. у спэцыялізацыях паліталёгія і эканоміка.

У красавіку 1963 г. Міядзакі уладкаваўся на працу у анімацыйную студыю Toei Animation, працуе ў складзе каманды мастакоў над мультфільмам «Вартавы пёс Гаў-гаў» (Wanwan Chushingura). У 1964 г. Міядзакі робіцца галоўным сакратаром прафэсійнага зьвязу ў сваёй кампаніі.

У кастрычніку 1965 г. Гаяо Міядзакі ажаніўся са сваёй калежанкай Акэмі Ота, ад якой ён мае двух сыноў, Ґоро і Кэісукэ. Ґоро сам стаўся стваральнікам анімэ, а Кэйсукэ — мастаком па дрэве.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Міядзакі быў сур’ёзна заўважаны, працуючы ў камандзе над фільмам «Прыгоды Ґулівэра на Месяцы» (Garibā no Uchuu Ryokou) (1965 г.). Яму падалося, што першапачатковы сцэнар канцу фільму быў не задавальняючы, і прапанаваў уласную ідэю, якая была прынятая і ў выніку сталася канчаткам фільму.

Праз тры гады Міядзакі граў важную ролю ў якасьці галоўнага аніматара і мастака пры стварэньні мультфільму «Голс, князь Сонца» (1968), вядомы анімацыйны фільм рэжысэра Ісао Такагата, зь якім ён супрацоўнічаў наступныя тры дзесяцігодзьдзі.

Першым фільмам Міядзакі ў якасьці рэжысэра быў «Замак Кагліостра» (1979), лёгкі прыгодніцкі фільм па матывах вядомага японскага сэрыялу «Люпэн трэці».

Наступны яго фільм быў «Наўсіка з Даліны вятроў» (1984) (Kaze no Tani no Naushika), эпічны прыгодніцкі фільм, які ўключае шмат характарных аспэктаў, якія зноў зьяўляюцца ў наступных яго анімэ: заклапочанасьць праблемамі экалёгіі, захапленьне лётніцтвам, адсутнасьць аскрава выражанага клясычнага злодзея. Сюжэт быў узяты па матывах аднайменнай мангі, якую Міядзакі стварыў два гады раней. Пасьля посьпеху «Наўсікі», Міядзакі разам зь Ісао Такагата заснавалі анімацыйную кінакампанію Studio Ghibli, празь якую ён у наступным рабіў большасьць сваіх фільмаў.

Міядзакі працягнуў заваёўваць папулярнасьць сваімі першымі трыма фільмамі, выпушчанымі празь Ghibli. «Нябесны замак Ляпута» (1986) распавядае пра прыгоды двух дзяцей, якія шукаюць чароўную лётаючую выспу. «Мой сусед Тотара» (1988) (Tonari no Totoro) распавядае пра прыгоды дзьвюх маленькіх дзяўчынак і магічную істоту Тоторо. «Служба дастаўкі Кікі» (1989) - гэта гісторыя дзяўчынкі-вядзьмаркі зь маленькага мястэчка, якая выпраўляецца ў вялікі горад.

Фільм «Порка Роса» (1992) быў пэўным адхіленьнем ад міядзакіеўскіх традыцый, бо галоўным героям быў дарослы мужчына, лётчык-антыфашыст у выглядзе сьвіньні. Фільм яўляе сабой лёгкую прыгодніцкую гісторыю, якая адбываецца ў выдуманым сьвеце, які нагадвае Італію 1920-х гадоў, дзе ў небе ваююць паляўнічыя на скарбы, авіятары, піраты. Фільм прысьвечаны праблеме выбару паміж эгаізмам і доўгам. Многія бачаць фільм як пэўны абстрактны аўтапартрэт самога Міядзакі, як яго зашыфраваную аўтабіяграфію.

Наступны фільм Гаяо Міядзакі, «Прынцэса Мананокэ» (Mononoke Hime), які выйшаў у 1997, вяртаецца да экалягічных і палітычных праблемаў, узьнятых у «Наўсікэ». Фільм распавядае пра барацьбу лясных багоў зь людзьмі, якія хочуць плюндраваць лес дзеля сваёй прамысловасьці. Стужка сталася на той момант гістарычным рэкардзмэнам па касавых зборах у Японіі і выйграла прыз Японскай кінаакадэміі як лепшы фільм году. Пасьля стварэньня «Прынцэсы Мананокэ» Міядзакі заявіў пра свой зыход і што гэта быў яго апошні фільм.

Ён вернуўся пасьля таго, як правёў вакацыі з дачкамі свайго сябра, адна зь якіх дала яму натхненьне на стварэньне «Зьнесеныя духамі» (Sen to Chihiro no Kamikakushi, «Зьнясеньне духамі Сэн і Тыхіро»), гісторыі дзяўчынкі, якая вымушаная выжываць у дзіўным сьвеце, населеным зданямі, працуючы ў іхай лазьні, пасьля таго, як яе бацькі ператварыліся ў сьвіней. Фільм, які выйшаў у Японіі ў ліпені 2001 г., пабіў папярэдні рэкорд касавых збораў, які належаў «Тытаніку» Кэмэрана. Стужка атрымала шматлікія ўзнагароды, у тым ліку прыз Японскай кінаакадэміі як найлепшы фільм (2001), Першы прыз Бэрлінскага кінафэстывалю (2002) і прыз Амэрыканскай кінаакадэміі як найлепшы анімацыйны фільм (2002), стаўшы, такім чынам, першым мультфільмам анімэ, які атрымаў «Оскара». У 2005 г. Міядзакі атрымаў узнагароду Вэнэцыянскага кінафэстывалю за асабісты ўнёсак.

Міядзакі адзначаў, што лічыць Юрыя Нарштэйна (рэжысэр «Вожыка ў тумане») выдатным мастаком[1].

У ліпені 2004 Міядзакі скончыў працу над фільмам «Блукаючы замак Гаўла», анімэ-адаптацыяй аднйменнай фантастычнай навэлі Даяны Ўін Джонз, дзеля чаго яго папрасілі вярнуцца з пэнсіі зноў з-за немагчымасьці першапачатковага рэжысэра карціны Мамору Гасода працаваць над ёй. Прэм’ера фільму адбылася на Вэнэцыянскім кінафэстывалі 2004 г. За першыя два дні «Блукаючы замак Гаўла» сабраў у Японіі ¥1,4 міліярдаў, працягваючы пабіваць рэкорды касавых збораў фільмаў Міядзакі.

Фільмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэжысэр і сцэнарыст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Конан, хлопчык з будучыні (未来少年コナン Mirai Shounen Konan), 1978 (тэлесэрыял)
  • Замак Кагліостра (Люпэн трэці) (ルパン三世カリオストロの城 Rupan Sansei: Kariosutoro no Shiro), 1979
  • Наўсіка з Даліны вятроў (風の谷のナウシカ Kaze no Tani no Naushika), 1984
  • Нябескі замак Ляпута (天空の城ラピュタ Tenkuu no Shiro Rapyuta), 1986
  • Мой сусед Тоторо (となりのトトロ Tonari no Totoro), 1988
  • Служба дастаўкі Кікі (魔女の宅急便 Majo no Takkyuubin), 1989
  • Порка Роса (紅の豚 Kurenai no Buta), 1992
  • On Your Mark, 1995 (кароткамэтражны музычны кліп)
  • Ваўчыная Князёўна (もののけ姫 Mononoke Hime), 1997
  • Сэн, альбо Ціхіра выкрадзеная духамі (Унесеныя духамі) - (千と千尋の神隠し Sen to Chihiro no Kamikakushi), 2001
  • Блукаючы замак Гаўла (ハウルの動く城 Hauru no Ugoku Shiro), 2004
  • Понья на схіле (崖の上のポニョ Gake no Ue no Ponyo), 2008

Сцэнарыст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Панда Копанда (Panda Kopanda), 1972
  • Панда Копанда і Цырк дажджлівага дня (Panda Kopanda: Amefuri Saakasu no Maki), 1973
  • Шэпт сэрца (耳をすませば; Mimi o Sumaseba), 1995

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]