Тэначтытлан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мадэль гораду

Тэнатчытлангорад-дзяржава, які знаходзіўся на месцы сучаснага гораду Мэхіка. Быў заснаваны прыкладна ў 1325 годзе на востраве пасярод салёнага возера Тэскока, у 1521 годзе быў разбураны гішпанскімі канкістадорамі пад кіраўніцтвам Эрнана Картэса.

Заснаваньне гораду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытныя ацтэкі былі паляўнічымі-качэўнікамі. Яны вандравалі на тэрыторыі сучаснае Паўночнае Амэрыкі. Паводле легенды, Бог сонца й вайны Уіцылапочтлі сказаў ацтэкам-індзейцам, каб яны абгрунтаваліся там, дзе ўбачаць такую карціну: арол на кактусе будзе трымаць у сваіх кіпцюрах зьмяю. Бадзяючыся ў паўднёвых землях Паўночнае Амэрыкі амаль 130 гадоў, яны ўбачылі тое, пра што казаў ім бог сонца. У 1325 г. яны заснавалі горад на заходнім беразе возера Тэскока й назвалі яго Тэначтытлан, што ў перакладзе азначае «месца калючых кактусаў». Возера было багата рыбай і вадаплаўнай птушкай, на беразе вадзілася шмат дзічыны. Па іншай вэрсіі, горад названы ў гонар правадыра Тэноча. У 1337 да поўначы ад Тэначтытлану заснаваны горад-спадарожнік Тлятэтолька, дзе абгрунтаваліся ацтэкі, якія адлучыліся ад племя.

Апісаньне гораду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Горад хутка рос: 7,5 квадратных км і 100 000 жыхароў — такія былі зьвесткі прыкладна праз 100 гадоў пасьля яго заснаваньня. А празь яшчэ 100 гадоў горад вырас да 13,5 квадратных км і да 212 500 жыхароў (па іншых зьвестках 350 000 і нават да 500 000 жыхароў). Гэта азначае што да 1500 году гэта быў самы вялікі горад на зямлі. У горадзе было шмат каналаў і азёр, так што даводзілася нярэдка перасоўвацца з дапамогай лодак, як у сучаснай Вэнэцыі. Сам горад быў акружаны незьлічонай колькасьцю дамбаў і мастоў, якія агароджвалі яго ад рэк і азёр.

Тэначтытлан падзяляўся на чатыры кварталы: Тэапан, Маётлан, Куэпапан і Астакалька. У цэнтры гораду знаходзіўся рытуальны цэнтар, акружаны ахоўнай сьцяной Коатэпантлі («зьмяіная сьцяна»). Горад быў забудаваны храмамі, школамі, службовымі пабудовамі й хатамі. Будынкі з-за друзлага грунта ўзводзіліся на доўгіх палях.

Тэначтытлан. Малюнак Рабэрта Куева дэль Рыё

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У горадзе была разьвіта сельская гаспадарка, нягледзячы на тое, што ён стаяў на вадзе. Ацтэкі стваралі цэлыя палосы ўрадлівай зямлі, выкарыстоўваючы глей і багавіньне. Гэтыя штучна створаныя палі зваліся чынампы. Чынампы адрозьніваліся вылучнай урадлівасьцю (часам ураджай здымаўся 7 разоў на год), і ацтэкі ўмелі выгадоўваць на іх шмат рэдкіх затавак і кветак. Таксама яны выгадоўвалі на гэтых палях шмат разнастайнай гародніны. Усё гэта яны адвозілі на велізарны рынак у цэнтры Тэначтытлану, які мясьціў ад 25 да 100 тысяч чалавек.

Гандаль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гішпанцы, якія заваявалі Тэначтытлан, былі зьдзіўлены, убачыўшы, наколькі моцна разьвіты гандаль у ацтэкаў. Ацтэкі былі цудоўнымі гандлярамі. Усе тавары на рынках Тэначтытлану праходзілі старанны агляд, перш чым патрапіць на прылавак. Гішпанцы сьцьвярджалі, што грошай у ацтэкаў ня было. Пакупнікі абменьваліся сваімі таварамі з прадаўцамі. Часам адплачвалі за тавар бабамі какавы. Жулікаў і злодзеяў, калі яны трапляліся, жорстка каралі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У цэнтры гораду былі пабудаваны два галоўныя 30-мэтровыя храмы (гл. Тэмпла Маёр) у выглядзе пірамід: для богаў Уіцылапочлі і Тлялёка. Тлялёк быў богам вады і дажджа. На гэтых храмах-пірамідах ацтэкі зьдзяйсьнялі ахвярапрынашэньні. Яны выразалі ў жывога чалавека сэрца каменным (абсідыянавым) нажом. Ацтэкі жылі ў невялікіх аднапавярховых пабудовах, зробленых з дубцоў, глею, гліны. У такіх маленькіх хатках жылі цэлыя групы людзей, якія выконвалі нейкі адзін від працы. Кожны клян сяліўся асобным жылым масівам. Але кіраўнікі ацтэкаў жылі ў велічэзных палацах, акружаных вялікімі, прыгожымі садамі. Іх палацы разьмяшчаліся бліжэй да храмаў. Простыя людзі, наадварот, сяліліся далей ад храмаў.

У горадзе мелася сетка аквэдукаў для забесьпячэньня пітнай вадой. Галоўны аквэдук браў пачатак з крыніцы на ўзгорку Чапультэпэк.

Пагібель гораду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гішпанцы, якія прыплылі ў Амэрыку ў XVI стагодзьдзі, былі зьдзіўлены багацьцем гарадоў ацтэкаў, іх прыгажосьцю і пышнасьцю. Эрнан Картэс са сваімі жаўнерамі й саюзьнікамі-індзейцамі ўвайшоў у горад 8 лістапада 1519 году, але 1 ліпеня 1520 году быў змушаны бегчы. Гішпанцы зноў атакавалі горад 4 чэрвеня 1521 году. Тэначтытлан упаў праз 70 дзён пасьля пачатку аблогі, 13 жніўня. Імпэратар ацтэкаў Мантэсума II быў забіты, горад — разбураны. Было забіта 200 000 жыхароў гораду. Заваёўнік гораду ацтэкаў Эрнан Картэс абвясьціў горад валоданьнем караля Гішпаніі. З Тэначтытланам апала й імпэрыя ацтэкаў (спыніла сваё існаваньне ў 1520—1522 гадах).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]