Эўрапейскі суд па правах чалавека

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Эўрапейскі суд па правах чалавека (па-ангельску: European Court of Human Rights, па-француску: Cour européenne des droits de l'homme) — міжнародны судовы орган, юрысдыкцыя якога распаўсюджваецца на ўсе дзяржавы-члены Савету Эўропы, якія ратыфікавалі Эўрапейскую Канвэнцыю аб абароне Правоў Чалавека і асноўных свабод, і ўключае ўсе пытаньні, якія адносяцца да тлумачэньня і прымяненьня Канвэнцыі, уключаючы міждзяржаўныя справы і скаргі асобных асоб. Суд разьмяшчаецца ў Страсбургу (Францыя).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Уступіла ў сілу 3 верасьня 1953 г. Эўрапейская Канвэнцыя аб абароне Правоў Чалавека і асноўных свабод ня толькі абвясьціла асноўныя Правы Чалавека, але і стварыла адмысловы мэханізм іх абароны. Першапачаткова гэты мэханізм уключаў тры органы, якія несьлі адказнасьць за забесьпячэньне выкананьня абавязацельстваў, прынятых на сябе дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвэнцыі: Эўрапейскую камісію па правах чалавека, Эўрапейскі суд па правах чалавека і Камітэт міністраў Савету Эўропы.
  • З 1 лістапада 1998 г., па ўступленьні ў сілу Пратаколу № 11, першыя два з гэтых органаў былі заменены адзіным — Эўрапейскім судом па правах чалавека. Яго месцазнаходжаньне — Палац правоў чалавека ў Страсбургу (Францыя), дзе знаходзіцца і сам Савет Эўропы. Згодна зь першапачатковай сыстэмай усе скаргі, пададзеныя індывідуальнымі заяўнікамі або дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвэнцыі, станавіліся прадметам папярэдняга разгляду Эўрапейскай камісіі па правах чалавека. Яна разглядала пытаньне аб іх прымальнасьці і пры станоўчым вырашэньні перадавала справы ў Эўрапейскі суд па правах чалавека для прыняцьця канчатковага рашэньня, якое мае абавязковую сілу. Калі справа не перадавалася ў Суд, яна вырашалася Камітэтам міністраў.
  • З 1 кастрычніка 1994 г. заяўнікам было прадастаўлена права самім перадаваць свае справы ў Суд па скаргах, прызнаным Камісіяй прымальнымі. Эўрапейскі суд закліканы забясьпечваць няўхільнае захаваньне і выкананьне нормаў Канвэнцыі яе дзяржавамі-ўдзельніцамі. Ён ажыцьцяўляе гэтую задачу шляхам разгляду і дазволу канкрэтных справаў, прынятых ім да вытворчасьці на аснове індывідуальных скаргаў, пададзеных фізычнай асобай, групай асоб або няўрадавай арганізацыяй. Магчыма таксама падача скаргі на парушэньне Канвэнцыі дзяржавай-членам Савету Эўропы з боку іншай дзяржавы-члена.
  • Пачаўшы сваю дзейнасьць у 1959 г. Эўрапейскі суд да канца 1998 году (калі ён быў рэфармаваны) прыняў рашэньні па сутнасьці ў 837 справах, пераважная большасьць зь якіх — па скаргах грамадзян.
  • Першае рашэньне па сутнасьці справы суд прыняў у 1960 годзе (Lawless v. Ireland), першае рашэньне па сутнасьці на карысьць заяўніка — у 1968 годзе (Neumeister v. Austria). Пасьля рэформы Суду ў 1998 г. яго актыўнасьць павысілася, і да пачатку 2010 г. суд вынес ужо 12 198 рашэньняў па сутнасьці, зь іх у 10 156 канстатаваў парушэньні Канвэнцыі або яе пратаколаў.
  • Ратыфікацыя Эўрапейскай канвэнцыі дазваляе ўсім асобам, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй, зьвяртацца ў Эўрапейскі суд, калі яны лічаць свае правы парушанымі для абароны правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.

Склад Суду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У артыкуле 20 Канвэнцыі вызначаецца колькасьць судзьдзяў Суду, якая роўная ліку Высокіх Дагаворных Бакоў Канвэнцыі. Судзьдзі, засядаюць ў Судзе ў асабістай якасьці, павінны адпавядаць наступным крытэрам:

  • Судзьдзі павінны валодаць высокімі маральнымі якасьцямі і задавальняць патрабаваньням, што прад’яўляюцца пры назначэньні на высокія судовыя пасады, або быць юрыстамі з прызнаным аўтарытэтам.
  • Увесь тэрмін судзьдзі не павінны ажыцьцяўляць ніякай дзейнасьці, што зьяўляецца «несумяшчальнай зь іх незалежнасьцю, бесстароннасьцю або з патрабаваньнямі, выцякаючымі з пастаяннай асновы». Усе пытаньні, якія ўзьнікаюць у сувязі з прымяненьнем гэтага пункту, вырашаюцца Судом.
  • Парлямэнцкая асамблея Савету Эўропы абірае судзьдзяў у Эўрапейскі суд тэрмінам на 6 гадоў. Судзьдзі могуць быць перавыбраны.
  • Судзьдзя можа быць вызвалены ад пасады, калі рашэньне аб яго неадпаведнасьці ўстаноўленым патрабаваньням будзе прынятая іншымі судзьдзямі большасьцю ў 2/3 галасоў (артыкул 24).

Структура і юрысдыкцыя Суду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул 27 Канвэнцыі прадугледжвае стварэньне ў рамках Суду 3 розных тыпаў органаў: камісіяў, палат і Вялікай Палаты.

  • Камісія, у склад якой уваходзіць 3 судзьдзі, можа абвясьціць непрымальнай ці выключыць яе зь сьпісу справаў індывідуальную скаргу, калі такое рашэньне можа быць прынятае без дадатковага вывучэньня. Кожнае такое рашэньне зьяўляецца канчатковым і асоба, яка зьвярнулася з заявай, ня можа патрабаваць яе перагляду.
  • У палатах на другім узроўні арганізацыйнай структуры Суду, ажыцьцяўляецца вялікая частка яго працы. У склад палаты ўваходзяць 7 судзьдзяў, уключаючы члена Палаты «ex officio» — судзьдзю, які быў абраны ад дзяржавы-ўдзельніка ці асоба, яка назначаецца для ўдзелу ў пасяджэньнях у выпадку адсутнасьці такога судзьдзі. Акрамя стварэньня камісіяў, аб якіх гаварылася вышэй, Палата выносіць пастановы аб прымальнасьці міждзяржаўных і індывідуальных заяваў, якія не былі прызнаныя непрымальнымі ў камісіях. Як правіла, палата прымае рашэньне аб прымальнасьці асобна ад рашэньня па сутнасьці.
  • Вялікая палата — трэці ўзровень, на якім ажыцьцяўляецца работа Суду. У склад Вялікай Палаты ўваходзяць 17 судзьдзяў. Акрамя члена Вялікай Палаты па пасадзе, які засядае на тых жа ўмовах, якія вызначаюцца ў дачыненьні да сябра палаты па пасадзе, пункт 3 артыкула 27 таксама прылічае ў склад Вялікай Палаты Старшыню Суду, намесьнікаў Старшыні, старшыняў палат і іншых судзьдзяў, якія вызначаюцца ў адпаведнасьці з рэглямэнтам Суду.

Вялікая палата ўпаўнаважаная разглядаць толькі тыя справы, якія былі перададзеныя ёй і толькі ў трох выпадках. Згодна з артыкулам 30, палата можа адмовіцца ад сваёй юрысдыкцыі на карысьць Вялікай палаты пры наступных абставінах:

  • калі справа, якая знаходзіцца на разглядзе Палаты, падымае сур’ёзнае пытаньне, якое датычыцца тлумачэньня Канвэнцыі або Пратаколаў да яе;
  • калі рашэньне пытаньня, якое яна разглядае, можа ўвайсьці ў супярэчнасьць з рашэньнем, вынесеным Судом пастановай раней;
  • калі адзін з бакоў не пярэчыць супраць гэтага.
Заля Эўрапейскага суду па правах чалавека

Умовы падачы скаргаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заяўніку неабавязкова зьяўляцца грамадзянінам дзяржавы — члена Савету Эўропы або наогул грамадзянінам дзяржавы, на якую ён падае скаргу. Часьцей за ўсё пры разглядзе скаргаў Суду прыходзіцца мець справу з так званымі прамымі (непасрэднымі) ахвярамі: зьвяртаецца асоба, якая сама непасрэдна ўжо стала ахвярай парушэньня яе права. Акрамя гэтага, у практыцы Эўрапейскага суду існуюць і іншыя паняцьці ахвяры. Асоба можа быць прызнана патэнцыйнай ахвярай у выпадку, калі яна падвяргаецца рэальнай рызыцы прымяненьня да яе заканадаўства, што супярэчыць Эўрапейскай Канвэнцыі, і яе правы, замацаваныя ў Канвэнцыі, будуць парушаныя. У дадзеным выпадку вельмі важна паказаць, чаму да заяўніка дастасавальныя палажэньні заканадаўства, пры якіх абставінах існуе рэальная рызыка такога прымяненьня. Ускосная ахвяра: у практыцы Эўрапейскага Суду прызнана, што асоба можа адчуваць парушэньне сваіх асабістых правоў і з-за таго, што парушаныя правы іншага. Таму ў пэўных абставінах асоба можа падаць скаргу аб парушэньні сваіх правоў нягледзячы на ​​тое, што сама непасрэдна не перажывала шкоды. Для гэтага неабходна, каб у гэтай асобы зь непасрэднай ахвярай была вельмі блізкая сувязь (роднасная ці іншая). Найбольш распаўсюджаным прыкладам будзе зьяўляцца зварот сваякоў асобы па віне дзяржаўных органаў або па прычыне не забесьпячэньня імі належнай абароны права на жыцьцё, а сваякі ў гэтым выпадку маюць маральныя пакуты і нясуць матэрыяльныя страты.

  • Скарга павінна быць пададзеная не пазьней чым праз 6 месяцаў пасьля канчатковага разгляду пытаньня кампэтэнтным дзяржаўным органам. Гэты тэрмін аднаўленьню не падлягае.
  • Скардзіцца можна толькі на тыя парушэньні, якія мелі месца пасьля даты ратыфікацыі Канвэнцыі дзяржавай.
  • Скаргі, якія накіроўваюцца ў Эўрапейскі суд, павінны тычыцца падзеяў, за якія нясе адказнасьць дзяржаўная ўлада. Скаргі супраць прыватных асоб і арганізацыяў Эўрапейскім судом не прымаюцца да разгляду.
  • Для таго, каб скарга была прызнаная прымальнай па сутнасьці, заяўнікам павінны быць вычарпаны ўсе ўнутрыдзяржаўныя сродкі абароны свайго права, і перш за ўсё судовыя сродкі такой абароны. Вычарпаньнем унутраных сродкаў прававой абароны будзе праходжаньне заяўнікам дастаткова першай і касацыйнай інстанцыяў. Наглядная інстанцыя не прызнаецца эфэктыўным сродкам прававой абароны, так як заяўнік не валодае правам самастойна ініцыяваць працэдуру судовага разгляду па сваёй справе, а можа толькі прасіць упаўнаважаную асобу аб гэтым.

Перш, чым скарга будзе пададзеная ў Суд, неабходна строгае захаваньне некалькіх абавязковых умоваў.

  • Прадметам скаргі могуць быць толькі правы і свабоды, які гарантуюцца Канвэнцыяй або яе Пратаколамі. Пералік гэтых правоў досыць шырокі, але ў ім адсутнічаюць некаторыя правы, вядомыя найноўшаму канстытуцыйнаму заканадаўству (Канстытуцыя дзяржавы зь якой грамадзянін); ахоплівае ўсе Правы Чалавека, пра якія гаворыць Канвэнцыя, называе і некаторыя іншыя. Напрыклад, права на працу, права на сацыяльнае забесьпячэньне і інш.. Гэтыя правы замацаваныя ў іншай Канвэнцыі Савету Эўропы — Эўрапейскай сацыяльнай хартыі, аднак юрысдыкцыя Эўрапейскага суду заснаваная выключна на Канвэнцыі аб абароне Правоў Чалавека і асноўных свабод.
  • Згодна з артыкулам 34 Эўрапейскай Канвэнцыі аб абароне Правоў Чалавека і асноўных свабод, Суд можа прымаць скаргі ад любой фізычнай асобы, любой няўрадавай арганізацыі або любой групы прыватных асоб, якія сьцьвярджаюць, што зьявіліся ахвярамі парушэньня з боку дзяржавы-ўдзельніцы Канвэнцыі (яны называюцца ў Канвэнцыі Высокімі Дагаворнымі Бакамі) іх правоў, прызнаных у сапраўднай Канвэнцыі або ў пратаколах да яе.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • упорядник Куян І. А., «Суд. Зразки документів (заяви, позовні заяви, скарги, клопотання до судів, господарських судів; порядок звернення до Європейського Суду з прав людини): Практичний посібник», довідкове видання 2-е доповнене і перероблене, «Оріяни», м. Київ, 2002 р. ISBN 966-7373-70-3;
  • отв. ред. докт. юр. наук проф. Тункин Г. И., «Международное право», изд. «Юридическая литература», г. Москва, 1974 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Эўрапейскі суд па правах чалавекасховішча мультымэдыйных матэрыялаў