Vetus Latina

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Старонка кодэксу з Вэрчэльлі (Codex Vercellensis) як прыклад Vetus Latina. Тут выяўленае Дабравесьце паводле Яна 16:23—30.

Vetus Latina (па-беларуску: старая лаціна) — агульная назва ўсіх варыянтаў перакладаў Бібліі на позьнелацінскую мову, якія былі ў выкарыстаньні да зьяўленьня Вульгаты. Прычынай зьяўленьня разнастайных лацінскіх перакладаў Бібліі было павелічэньне колькасьці хрысьціянскіх вернікаў, якія не валодалі грэцкай мовай, што было ў сваю чаргу спрычынена пашырэньнем уплыву Рымскай імпэрыі і паступовага выцясьненьня грэцкай мовы лацінай.

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найстарэйшым дакумэнтам, што згадвае існаваньне лацінскага перакладу Новага Запавету, ёсьць створаныя ў 180 року «Дзеі мучанікаў са Сцыліі» (места ў Паўночнай Афрыцы). Большасьць вядомая перш за ўсё праз цытаваньне ў творах Айцоў царквы (напрыклад, блаславёнага Аўгустына). Часьцей за ўсё пераклад адбываўся з Сэптуагінты (Стары Запавет) ці з грэцкага арыгіналу (Новы Запавет). Новазапаветны тэкст адпавядае г. зв. заходняй тэкстуальнай традыцыі, імаверна выкарыстоўвалася люкіянава вэрсія Сэптуагінты.

Да нашага часу зьбераглося каля 90 рукапісаў з позьнелацінскімі тэкстамі, якія, аднак, не дазваляюць узнавіць поўны тэкст Бібліі. Фрагмэнты кодэксу Vetus Latina з IV або V стагодзьдзя былі знойдзеныя, напрыклад, у бібліятэцы пры саборы места Канстанц, калі ў XV стагодзьдзі разразалі старыя рукапісы і выкарыстоўвалі іх для ўзмацненьня кніжных паліцаў. Большасьць давульгатавых перакладаў ад пачатку не прызначаліся для выкарыстаньня дзе-небудзь яшчэ, акрамя чытаньня ў мясцовых хрысьціянскіх суполках, падчас казаньняў ці ў якасьці лацінскай паловы дыглётаў (кшталту кодэксу Бэзы). Новы Запавет захаваўся ў асноўным у дзьвюхмоўных грэка-лацінскіх ці гота-лацінскіх тэкстах.

Вэрсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У залежнасьці ад стылю і слоўнікавага набору вылучаюць некалькі вэрсіяў Vetus latiny. Першыя вэрсія зьявіліся, праўдападобна, у лацінамоўнай Афрыцы; пазьней ім на зьмену прыйшлі пераклады з Італіі, якія трапілі таксама і ў Афрыку. Усе пераклады, выразна адрозныя абсягам і стылем перакладу, вынікаючымі з мэнтальнасьці і рэлігійнасьці культураў гэтых рэгіёнаў[1], умоўна падзяленыя на чатыры групы:

  • старая афрыканская вэрсія (Кіпрыян Картагенскі)
  • пазьнейшая афрыканская вэрсія (Тыконій)
  • італьянская вэрсія
  • пазьнейшыя эўрапейскія вэрсіі

Замена[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля Трыдэнцкага сабору XVI стагодзьдзя Вульгата стала афіцыйным перакладам Бібліі для Рыма-каталіцкай царквы.

Адным з найбольш яскравых адрозьненьняў між старалацінскімі перакладамі і Вульгатай ёсьць тэкст малітвы «Pater Noster», у якой фраза з Vetus Latina quotidianum panem («хлеб штодзённы») стала supersubstantialem panem («хлеб звышпажыўны») у Вульгаце.

Дасьледаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвятар з Баварыі Ёзэф Дэнк[2] (1849—1927) напрыканцы XIX стагодзьдзя пачаў зьбіраці і калекцыянаваць цытаты Vetus Latina зь пісаньняў Айцоў Царквы. Такім чынам сабраная картатэка, што складаецца з тысячаў лістоў, была перададзеная ў абацтва(de) Бойрана (Бадэн-Вюртэмбэрг). У 1945 року манах-бэнэдыктынец Баніфацы (Пэтэр Паўль) Фішэр заснаваў у тым абацтве Інстытут Vetus-Latina, які займаецца гісторычным дасьледаваньнем старых вэрсіяў перакладаў, што ўваходзілі ў Vetus Latina. Заплянаваны выпуск гэтых гістарычных матэрыялаў у 27 тамох.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Joanna Boczek. Przekłady Pisma Świętego (3)(пол.) Strona Katechetyczno-Misyjna Праверана 21 ліпеня 2013 г.
  2. ^ Ёзэф Дэнк у царкоўным лексыконе (ням.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]