Аблігацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
абліґацыя

Абліґацыя (лац. obligatio — абавязак) — каштоўная папера ў выглядзе даўгавога абавязка, што дае ўласьніку права на атрыманьне штогадовага даходу ў выглядзе адсотка або выйгрышу ў адмысловым тыражы. Выпускаецца дзяржавай, банкамі і іншымі прадпрыемствамі. Мае свой курс і пасьля заканчэньня прадугледжанага тэрміну выкупаецца эмітэнтам (выдаўцом). Сродкі ад іх выпуску дзяржава выкарыстоўвае на пакрыцьцё выдаткаў і ўпарадкаваньне грашовага абарачэньня. Для прадпрыемстваў, у тым ліку банкаў, служыць спосабам прыцягненьня дадатковых сродкаў. Уласьнікі аблігацыяў зьяўляюцца пазыкадаўцамі[1]. Віды: імянная і на прад’яўніка; працэнтная і мэтавая (дысконтная); свабодна абарачальная і абмежавана абарачальная (на фінансавым рынку)[2]; дакумэнтарная і электронная (бездакумэнтарная).

Калі аблігацыя прадаецца па цане, ніжэйшай за намінал, то даход па ёй складае згаданую розьніццу і завецца дысконтам. Даход аблігацыі можа таксама выплочвацца ў форме выйгрышаў у спэцыяльных накладах або аплатаю купонаў. Аблігацыі гандлююцца на біржах па курсе, які залежыць ад даходу, чыншу, попыту і прапановы.

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле тэрміну аплаты:

  • Кароткатэрміновая — ня болей за 5 год.
  • Сярэднетэрміновая — ад 6 да 15 год.
  • Доўгатэрміновая — больш за 15 гадоў.

Паводле выдаўца:

  • дзяржаўная — выдаецца дзяржаваю ці муніцыпальнымі ўтварэньнямі;
  • прыватная — прыватнымі банкамі, акцыянэрнымі таварыствамі і інш.

Паводле ўліку:

  • імянная падлягае рэгістрацыі — уладальніку выдаецца сэртыфікат, які сьведчыць аб праве на ўласнасьць асобы на пададзеныя каштоўныя паперы;
  • на прад'яўніка адмыслова не ўлічваецца — чынш па ёй атрымоўваецца па купонным лісьце, ад якога адразаецца адпаведны купон.

Паводле выплаты даходу:

  • чыншавая (працэнтовая) — даход выплочваецца ў форме пэўнага працэнту;
  • бясчыншавая (беспрацэнтовыя) — уладальнік мае права набыць адпаведныя тавары ці паслугі.

Паводле абарачэньня:

  • свабодна абарачальная;
  • з абмежаваным колам абарачэньня.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 чэрвеня 1995 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь ажыцьцявіў 1-ы выпуск 1,5 млн сваіх кароткатэрміновых аблігацыяў у беларускіх рублях з дысконтным (зьніжкавым) даходам. 4 ліпеня 1995 году, праз 28 дзён, прададзеныя юрыдычным асобам аблігацыі агульнай вартасьцю ў 150 млрд рублёў ($13,042 млн; 100 000 рублёў за адзінку) пагасілі пад стаўку даходу ў 233,66% гадавых[3] (17,93% за тэрмін абарачэньня). 10 сьнежня 1999 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 1929 «Аб зацьвярджэньні Асноўных умоваў эмісіі, абарачэньня і пагашэньня дзяржаўных аблігацыяў, намінаваных у замежнай валюце», паводле 3-га пункта якіх: «Аблігацыі зьяўляюцца імяннымі дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі і эмітуюцца Міністэрствам фінансаў ад імя Рэспублікі Беларусь у межах крыніцаў фінансаваньня дэфіцыту рэспубліканскага бюджэта, усталяваных законам аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год». Паводле 4-га пункта Асноўных умоваў, «Уласьнікамі аблігацыяў могуць быць юрыдычныя і фізычныя асобы — рэзыдэнты і нерэзыдэнты Рэспублікі Беларусь». Валютныя «Аблігацыі могуць быць доўгатэрміновымі і кароткатэрміновымі каштоўнымі паперамі з адсоткавым даходам» і «эмітуюцца ў бездакумэнтарнай форме. Згодна з 10-м пунктам, «Міністэрства фінансаў афармляе на кожны выпуск аблігацыяў глябальны сэртыфікат, у якім пазначае аб'ём выпуску, намінальную вартасьць адной аблігацыі, валюту намінала, тэрмін абарачэньня, дату разьмяшчэньня, дату пагашэньня, парадак выплаты даходу». Паводле 11-га пункта, «Разьмяшчэньне аблігацыяў ажыцьцяўляецца шляхам:

  • продажу на аўкцыёне, які праводзіцца Міністэрствам фінансаў у гандлёвай сыстэме ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа"»;
  • «наўпроставага продажу Міністэрствам фінансаў юрыдычным асобам»;
  • «наўпроставага продажу Міністэрствам фінансаў у гандлёвай сыстэме ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа"»[4].

Паводле 13-га пункта Асноўных умоваў, «Рэспубліка Беларусь гарантуе пагашэньне аблігацыяў і выплату даходу ў тэрміны, пазначаныя ў глябальным сэртыфікаце, у замежнай валюце, у якой выражаны намінал аблігацыі, і даручае Міністэрству фінансаў не пазьней за 2 працоўныя дні да ўсталяваных тэрмінаў пагашэньня і выплаты даходу па аблігацыях пералічаць упаўнаважаным дэпазытарыям патрэбныя для гэтага грашовыя сродкі ў поўным аб'ёме. Пагатоў «Міністэрства фінансаў мае права: датэрміновага пагашэньня аблігацыяў»; «выкупу аблігацыяў да наступленьня даты іх пагашэньня» праз банкі-агенты ў гандлёвай сыстэме ААТ «БВФБ»; «абмену аблігацыяў са згоды іх уласьніка цягам тэрміну іх абарачэньня». Паводле 16-га пункта, за парушэньне «тэрмінаў разьлікаў па пагашэньні аблігацыяў і выплата даходу вінаваты бок (Мінфін, упаўнаважаны дэпазытарый або банк-агент) за кожны дзень пратэрмінаваньня выплачвае пеню ў памеры 0,1% сумы, якая падлягае выплаце»[4]. На 2017 год 14 прадпрыемстваў аказвалі паслугі фізычным асобам у набыцьці дзяржаўных валютных аблігацыяў у бездакумэнтарным выглядзе, зь іх:

На 2016 год даход фізычнай асобы ад бездакумэнтарнай валютнай аблігацыі вызваляўся ад падаткаабкладаньня. Стаўка працэнтнага даходу складала 5,5% гадавых. Для набыцьця такіх аблігацыяў варта было заключыць з банкам 5 дамоваў:

  • на адкрыцьцё рахунку «дэпо» (для ўліку, захоўваньня і ажыцьцяўленьня апэрацыйяў з дзяржаўнымі аблігацыямі) — з падачай пашпарта і анкеты;
  • на адкрыцьцё бягучага (разьліковага) банкаўскага рахунку ў замежнай валюце — для набыцьця дзяржаўных аблігацыяў, атрыманьня выплаты па іх працэнтнага даходу, наміналу аблігацыі пры яе пагашэньні;
  • на адкрыцьцё бягучага (разьліковага) банкаўскага рахунку ў беларускіх рублях — для выплаты камісіяў і ўзнагароджаньняў банку;
  • камісіі для набыцьця дзяржаўных аблігацыяў у сыстэме ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» празь зьдзелку куплі-продажу — камісійны збор за зьдзяйсьненьне зьдзелкі складаў 0,01% ад сумы зьдзелкі, але прынамсі $15;
  • на брокерскае абслугоўваньне — заключэньне каштавала 11 беларускіх рублёў[6].

31 сакавіка 2000 году Нацыянальны банк Беларусі прапанаваў фізычным асобам 1-ы выпуск 1519 сваіх аблігацыяў у замежнай валюце (далярах ЗША) з адсоткавым даходам. 30 сакавіка 2001 году, праз 364 дні, аблігацыі на прад’яўніка агульнай вартасьцю ў $151 900 ($100 за адзінку) пагасілі пад стаўку даходу ў 6% гадавых[7]. 13 лютага 2003 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 173 «Аб зацьвярджэньні асноўных умоваў эмісіі асобных дзяржаўных каштоўных папераў», да якіх аднёс: «дзяржаўныя кароткатэрміновыя аблігацыі з тэрмінам абарачэньня да 1 году ўключна; дзяржаўныя доўгатэрміновыя аблігацыі з тэрмінам абарачэньня звыш 1 году». Паводле 3-га пункта Асноўных умоваў эмісіі, рублёвыя «аблігацыі могуць эмітавацца з дысконтным і адсоткавым даходамі». Пагатоў «Аблігацыі з дысконтным даходам разьмяшчаюцца паводле вартасьці ніжэй за намінальную. Пры іх пагашэньні ўласьнікам такіх аблігацыяў эмітэнт выплачвае намінальную вартасьць аблігацыяў»[8]. 28 жніўня 2006 году А.Лукашэнка падпісаў Указ № 527 «Аб эмісіі банкамі аблігацыяў», якім вызначыў, што: «банкі, які ва ўсталяваным парадку ажыцьцяўляюць прыцягненьне грашовых сродкаў на рахункі і ва ўклады, могуць эмітаваць для разьмяшчэньня сярод юрыдычных і фізычных асобаў намінаваныя ў беларускіх рублях аблігацыі, забясьпечаныя правам патрабаваньня па крэдытах, выдадзеных банкамі на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыцьцё жытла пад заклад нерухомасьці». Пагатоў «Аб'ём выпускаў аблігацыяў на ўсялякую дату іх пагашэньня не мае перавышаць 70% асноўнай сумы доўга па крэдытах», выдадзеных на жытло пад заклад[9].

14 кастрычніка 2014 году Нацбанк Беларусі правёў для юрыдычных асобаў 1-ы выпуск 50 000 сваіх валютных аблігацыяў, намінаваных у эўра. 25 траўня 2015 году, праз 223 дні (7,5 месяца), аблігацыі агульнай вартасьцю ў 50 млн эўра (1000 эўра за адзінку) пагасілі пад стаўку адсоткавага даходу ў 5,85% (3,57% за тэрмін абарачэньня). Стаўка даходу была на 5,7% вышэйшай за Лёнданскую міжбанкаўскую стаўку прапановы (ЛМСП; анг. LIBOR) эўра на 6 месяцаў[10]. 12 кастрычніка 2016 году Праўленьне Нацбанка Беларусі ўхваліла Пастанову № 530 «Аб зацвярджэньні Інструкцыі аб парадку эмісіі, абарачэньня і пагашэньня аблігацыяў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і прызнаньні страціўшымі сілу некаторых пастановаў Праўленьня Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь». Паводле 2-га пункта Інструкцыі, «Аблігацыі зьяўляюцца імяннымі эмісійнымі каштоўнымі паперамі і эмітуюцца ў бездакумэнтарнай форме», у тым ліку дзеля ўтварэньня золатавалютных запасаў Рэспублікі Беларусь. Пагатоў «Аблігацыі могуць быць адсоткавымі і дысконтнымі» (зьніжкавымі), «кароткатэрміновымі (тэрмін абарачэньне да 1 году ўключна) і доўгатэрміновымі». Згодна з 11-м пунктам, «Разьмяшчэньне аблігацыяў ажыцьцяўляецца шляхам іх адкрытага (на аўкцыёнах і даразьмяшчэньнях, праводзімых Нацыянальным банкам) і закрытага продажу» юрыдычным асобам. Аўкцыёны праходзяць у выглядзе «аўкцыёнаў адсоткавых ставак або аўкцыёнаў па абвешчанай адсоткавай стаўцы». Рашэньне пра выпуск аблігацыяў публікаецца на афіцыйным сайце Нацбанка[11].

Паводле 71-га пункта Інструкцыі, «Нацыянальны банк ажыцьцяўляе разьлікі зь інвэстарамі па выплатах адсоткавага даходу на падставе заяўкі ўпаўнаважанага дэпазытарыя»: «за 1 працоўны дзень да даты выплаты даходу — па аблігацыях, намінальная вартасьць якіх выражаная ў беларускіх рублях; «за 2 працоўныя дні да даты выплаты даходу — па аблігацыях, намінальная вартасьць якіх выражаная ў замежнай валюце». Згодна з 79-м пунктам, «Упаўнаважаны дыпазытарый за несвоечасовае пералічэньне інвэстарам, якія зьяўляюцца фізычнымі асобамі, грашовых сродкаў пры выплаце даходу, пагашэньні аблігацыяў выплачвае пеню ў памеры 0,01% сумы, якую належыць пералічыць, за кожны дзень пратэрмінаваньня»[11]. Аблігацыі Нацбанка Беларусі ў беларускіх рублях прадаюць фізычным і юрыдычным асобам, у замежнай валюце (далярах ЗША і эўра) — толькі юрыдычным асобам[12].

На 18 красавіка 2017 г. агульны аб’ём эмісіі аблігацыяў, якія прымаліся Нацбанкам Беларусі ў якасьці забесьпячэньня пазыкі, складаў 18 445 506 365 беларускіх рублёў ($9 744,06 млн) і ўлучаў:

  • дзяржаўныя аблігацыі (Мінфіна) Рэспублікі Беларусь у свабодна канвэрсоўнай валюце — 8 003 923 221 рубель (43,39%);
  • аблігацыі Нацбанка Беларусі ў замежнай валюце — 3 694 016 354 рублёў (20,03%);
  • аблігацыі Нацбанка Беларусі ў беларускіх рублях — 2 276,045 млн рублёў (12,34%);
  • дзяржаўныя аблігацыі (Міністэрства фінансаў) Рэспублікі Беларусь у беларускіх рублях — 1 646 926 490 рублёў (8,93%);
  • аблігацыі камэрцыйных банкаў без забесьпячэньня (памер абавязкаў не перавышае нарматыўнага капіталу) — 1 122,45 млн рублёў (6,09%);
  • аблігацыі ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» у беларускіх рублях — 768,839 млн рублёў (4,168%);
  • аблігацыі выканаўчых органаў вобласьцяў і Менску без забесьпячэньня — 468 571 500 рублёў (2,54%);
  • аблігацыі выканаўчых органаў вобласьцяў і Менску з забесьпячэньнем — 224 420 400 рублёў (1,21%);
  • аблігацыі камэрцыйных банкаў, забясьпечаныя пазыкамі на жыльлёвае будаўніцтва — 210 млн рублёў (1,14%);
  • аблігацыі выканаўчых органаў раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкаваньня без забесьпячэньня — 29 854 400 рублёў (0,16%);
  • аблігацыі выканаўчых органаў раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкаваньня з забесьпячэньнем — 460 000 рублёў (0,002%)[13].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Галіна Краўцова. Аблігацыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1. — С. 26. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  2. ^ Аблігацыя // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 12. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
  3. ^ Парамэтры 1-га выпуску кароткатэрміновых аблігацыяў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2000 г. Архіўная копія ад 2000 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  4. ^ а б Сяргей Лінг. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 сьнежня 1999 г. № 1929 «Аб зацвярджэньні Асноўных умоваў эмісіі, абарачэньня і пагашэньня дзяржаўных аблігацыяў, намінаваных у замежнай валюце» (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 19 сьнежня 2015 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  5. ^ Сьпіс арганізацыяў, якія пацьвердзілі гатоўнасьць аказваць паслугі фізычным асобам па апэрацыях зь дзяржаўнымі валютнымі аблігацыямі ў бездакумэнтарнай форме // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  6. ^ Сяргей Куркач. Бездакумэнтарныя аблігацыі — дубль два // Зьвязда : газэта. — 21 студзеня 2016. — № 11 (28121). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Парамэтры 1-га выпуску аблігацыяў Нацыянальнага банка на прад’яўніка, намінаваных у замежнай валюце // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2000 г. Архіўная копія ад 2001 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  8. ^ Генадзь Навіцкі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 лютага 2003 г. № 173 «Аб зацьвярджэньні асноўных умоваў эмісіі асобных дзяржаўных каштоўных папераў» (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 19 сьнежня 2015 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  9. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2006 г. № 537 «Аб эмісіі банкамі аблігацыяў» (рас.) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 18 ліпеня 2016 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  10. ^ Парамэтры 1-га выпуску аблігацыяў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь з працэнтным даходам, намінаваных ў свабодна канвэрсоўнай валюце, для юрыдычных асобаў // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Архіўная копія ад 2015 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  11. ^ а б Павал Калавур. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 лютага 2003 г. № 173 «Аб зацьвярджэньні асноўных умоваў эмісіі асобных дзяржаўных каштоўных папераў» (рас.) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 21 кастрычніка 2016 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  12. ^ Рэестар выпускаў аблігацыяў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 19 красавіка 2017 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.
  13. ^ Пералік каштоўных папераў, якія прымаюцца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у якасьці забесьпячэньня лямбардных і іншых крэдытаў // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 18 красавіка 2017 г. Праверана 19 красавіка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]