Слуцкія паясы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Слуцкія паясы — вырабы ручнога ткацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, элемэнт традыцыйнага параднага мужчынскага строю шляхты. Назва ад места Слуцак, дзе іх ткалі на мануфактуры ядвабных паясоў. Зьмяшчаліся на кунтушы (пояс складваўся ўдвая на ўсёй даўжыні). Мелі вялікі кошт і перадаваліся ў спадчыну.

Ядвабныя паясы тыпу слуцкіх выраблялі таксама ў Горадні, Нясьвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкаве і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовы блёк «Слуцкія паясы»
Капэрта першага дню «Слуцкія паясы» з партрэтам Тадэвуша Багдановіча пэнздлю Вікенція Сляндзінскага. 14.03.2014

Сьпярша як і нясьвіскія, Слуцкія паясы капіявалі ўзоры, прывезеныя з Блізкага Ўсходу, потым пачалі ўлучаць у арнамэнт нацыянальныя матывы, кветкі мясцовай флёры — валошкі, незабудкі і інш. 3 1750-х у Нясьвіскай, пазьней у Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар зь места Станіславаў (Украіна) Я. Маджарскі, які распрацаваў новы тып пояса — Слуцкі, назва якога зрабілася сынонімам усіх доўгіх ядвабных паясоў. Зьвязкі з усходнімі ўзорамі страчваліся.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) асартымэнт паясоў скараціўся. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (18301831) улады Расейскай імпэрыі забаранілі нашэньне традыцыйнага строю шляхты, у выніку чаго паясы паступова выйшлі з ужытку. У 1848 вытворчасьць спынілася ў зьвязку з закрыцьцём мануфактуры[2].

У 2-й палове XIX — пачатку XX стагодзьдзяў слуцкія паясы зрабіліся прадметам калекцыяваньня. Іх зьбіралі музэі і прыватныя асобы. У гэты час паясы пачалі вывучацца як вырабы мастацкага ткацтва. Значную калекцыю сабраў расейскі калекцыянэр Пётар Шчукін (цяпер захоўваеццца ў Дзяржаўным гістарычным музэі Расеі), невялікая калекцыя ёсьць у Новачаркаску, у Музэі казацтва.

У наш час у розных музэях Беларусі захоўваюцца ня больш як 20 паясоў, пераважна ў фрагмэнтах. Калекцыю колішняй Дзяржаўнай карціннай галерэі з 1948 паясоў (32 зь іх — зь нясьвіскага збору Радзівілаў) вывезьлі ў Нямеччыну ў Другую сусьветную вайну, калекцыя Беларускага дзяржаўнага музэя з 21 пояса таксама была страчаная (6 паясоў зь яе перайшлі да Дзяржаўнага гістарычнага музэю ў Менск на сталае захоўваньне ў 1927, а ў паваенны час — у 1968 Менскаму абласному краязнаўчаму музэю ў Маладэчне, Заслаўскаму краязнаўчаму музэю ў 1978 і сталічнаму музэю Максіма Багдановіча ў 1989). Лёс паясоў, перададзеных у даваенны час, пакуль невядомы. Пошукі іх не далі вынікаў.

Выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ткаліся ўручную з тонкіх ядвабных, залатых і срэбных нітак. Даўжыня пояса складала 2—4,5 мэтраў, шырыня — 30—50 см. На краях упрыгожваліся ўзорным аблямаваньне, на канцох — пышным, галоўным чынам расьлінным арнамэнтам. Ня мелі адваротнага боку, усе бакі былі асабнымі. Вырабляліся аднабаковымі (са зваротным бокам), двухбаковымі. Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохбаковыя — кожны бок падзяляўся на дзьве часткі з рознымі колерамі, пояс складваўся ўдвая. Канцы пояса мелі складаны арнамэнт, часьцей з двума матывамі: авал, аточаны лісьцем зь сьцяблом і кветкамі, якія выходзяць зь зямлі ці з вазаў, і букеты кветак з хвалепадобным аблямаваньнем. Канцы пояса часам абшывалі махрамі.

У куце пояса з абодвух бакоў ткалі метку на стараславянскай і лацінскай мовах («Слуцак», «У месьце Слуцку», «Зроблена ў Слуцку»)[3].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Насуперак вершу Максіма Багдановіча паясы ткалі толькі мужчыны: працэс ткацтва вымагаў значных фізычных выдаткаў. Існуе нават легенда, што калі жанчына да іх дакранецца, то ўсе срэбныя ніткі пацямнеюць[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзіна Трызна. Слуцкія паясы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. С. 355.
  2. ^ а б Іна Наркевіч. Квітнеюць серабром і золатам слуцкія паясы // «Культура» № 21 (839), 2008.
  3. ^ Дзіна Трызна. Слуцкія паясы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 596.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Слуцкія паясысховішча мультымэдыйных матэрыялаў