Валеры Мазынскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Валеры Мазынскі (20 лютага 1947, Вялікае Стахава, Барысаўшчына) — беларускі тэатральны рэжысэр. Стваральнік менскага тэатру «Вольная сцэна». Заслужаны дзеяч мастацтваў, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі.

Жыццяпіс [рэдагаваць]

Атрымаў адукацыю будаўніка, пасьля скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Галоўны рэжысэр Беларускага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа, ў Віцебску. Адзін з ініцыятараў стварэньня дзяржаўнага тэатру «Лялька» ў Віцебску.

Многія з пастаўленых ім спэктакляў сталі зьявамі ў тэатральным жыцьці – «Званы Віцебску» і «Кастусь Каліноўскі» паводле У.Караткевіча, «Сымон‑музыка» паводле Я.Коласа, «Вечар», «Парог», «Радавыя» А.Дударава ды іншыя.

Ад 1991 году ў Менску. Ставіў спэктаклі ў Купалаўскім тэатры і выкладаў рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, стварыў тэатар-лябараторыю беларускай драматургіі «Вольная сцэна», кіраўніком якой быў восем гадоў да самага яе закрыцьця ўладамі.

Пасьля звальненьня з тэатру працаваў вартаўніком, будаўніком і вахтэрам.

Ставіў зь вязьнямі аматарскі спэктакль «На дне» (паводле Максіма Горкага) у камэры турмы на Акрэсьціна, дзе адбываў 10 сутак арышту пасьля затрыманьня на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы падчас масавых акцыяў пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году[1].

У 2008 годзе зьняў тэлефільм паводле п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя».

У 2011 годзе зьняў дакумэнтальны фільм «Як пошуг маланкі» пра дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Расьціслава Лапіцкага.

Мае двух сыноў — Васіля ды Яўгена[2].

Крыніцы [рэдагаваць]

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]