Вялікі Водападзельны хрыбет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вялікі Водападзельны хрыбет

Вялікі Водападзельны хрыбет (па-ангельску: Great Dividing Range) — горная сыстэма, якая распасьціраецца ўздоўж ўсходняга і паўднёва-ўсходняга ўзьбярэжжа Аўстраліі прыблізна на 4000 км. Утварылася ў нэаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкаватай краіны. Горы складзеныя ў асноўным вапнякамі, гранітамі, гнэйсамі, вульканічнымі пародамі. Вядомыя радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, волава, полімэталічных руд, золата, медзі, тытана-магнетыту і манацытавых пяскоў. Усходнія сьхілы стромкія, моцна і глыбока разьдзеленыя, заходнія сьхілы паката пераходзяць у пагорыстыя перадгор’і (даўнсы). На поўнач ад 28° п. ш. горы параўнальна невысокія, дасягаюць шырыні 650 км. Берагавыя хрыбты вышынёй каля 1000 м і вульканічныя плято аддзеленыя шырокімі падоўжнымі катлавінамі ад заходняга, больш нізкага водападзельнага ланцуга з пакатымі вяршынямі. На поўдні разьмешчаныя больш высокія і маналітныя горы. Вылучаюць хрыбты Мак-Фэрсон, Нью-Інглэнд, Гэйстынгс, Лівэрпул (горная сыстэма), Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Вышэйшая кропка — гара Касьцюшкa (2228 м).

На сьхілах бяруць пачатак шматлікія рэкі, у тым ліку самыя буйныя на кантынэнце — Мурэй і Дарлінг. У далінах рэк ўзьведзена нямала дамбаў з мэтай выпрацоўкі электраэнэргіі і забесьпячэньня гарадоў вадой.

Расьліннасць — лістападна-вечназялёныя і эўкаліптавыя лясы (ўсходнія сьхілы), саваны, рэдкалесьсе, хмызьнякі (заходнія сьхілы).

Значная частка Блакітных гор аб’яўлена аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, які складаецца зь некалькіх нацыянальных паркаў. З прычыны зручнага і маляўнічага разьмяшчэньня ў цэнтры аднаго зь іх, горад Катумба зьяўляецца важным цэнтрам турызму ў рэгіёне.

Вялікі Водападзельны хрыбет

Commons-logo.svg  Вялікі Водападзельны хрыбетсховішча мультымэдыйных матэрыялаў