Гаяна-Эсэкіба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тэрытарыяльная спрэчка Вэнэсуэлы (жоўтым) і Гаяны (чырвоным) за Гаяну-Эсэкібу (цёмна-жоўтым)

Гая́на-Эсэкі́ба (па-гішпанску: Аўдыё Guayana Esequiba ) альбо проста Эсэкіба — спрэчная тэрыторыя на тэрыторыі Гаяны плошчай 159 500 км² на захад ад ракі Эсэкіба. З каляніяльных часоў правы на тэрыторыю аспрэчвае Вэнэсуэла.

Паводле Жэнэўскага пагадненьня, падпісанага Злучаным каралеўствам, Вэнэсуэлай і Брытанскай Гвіянай 17 лютага 1966 року, усе спрэчкі што да правоў на тэрыторыю вырашаюцца мірным чынам, а ў выпадку непаразуменьня перадаюцца на разгляд міжнароднаму органу або Генэральнаму сакратару ААН. 18 сьнежня 2020 року Міжнародны Суд ААН прыняў пазоў Гаяны па гэтым пытаньні.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да зьяўленьня эўрапейскіх каляністаў Гвіяну насялялі розныя індзейскія плямёны. Першай правы на валоданьне гэтымі тэрыторыямі прад’явіла Гішпанія, аднак галяндцы і ангельцы ўсё ж трапілі на гэтыя тэрыторыі між валоданьнямі Гішпанскай і Партугальскай імпэрыяў.

Ад імені першаадкрывальніка Хуана дэ Эсківэля, пасланьніка Дыега Калюмба (сына Хрыстафора Калюмба), тэрыторыя атрымала назву Эсэкіба. У 1581 року галяндзкія каляністы з Зэляндыі калянізавалі зямлю на захад ад ракі Эсэкіба. Іхняя калёнія на рацэ Памэрон увайшла ў калёнію Эсэкіба і доўга зьяўлялася важным гандлёвым пунктам да пераходу пад брытанскае кіраваньне.

У 1648 року Гішпанія падпісала з Галяндзкай рэспублікай мірную дамову, у якой прызнавала незалежнасьць Галяндыі і галяндзкія ўладаньні на ўсход ад ракі Эсэкіба. Аднак пасьля дамовы галяндцы пачалі актыўна расьсяляцца на захадзе ад Эсэкіба — тэрыторыі, што ўваходзіла ў гішпанскую правінцыю Гаяна. Да 1745 року яны заснавалі тут тэрыторыі Эсэкіба, Дэмэрара, Бэрбіс і Сурынам.

Вялікая Калюмбія і Брытанская Гаяна (1826)

Па стварэньні ў 1777 року гішпанскага генэрал-капітанства Вэнэсуэлы рака Эсэкіба стала натуральнай граніцай гішпанскага і галяндзкага ўладаньняў. Паводле Ангельска-галяндзкай дамовы 1814 року галяндзкія ўладаньні Дэмэрара, Бэрбіс і Эсэкіба адышлі Злучанаму каралеўству. Пры гэтым заходняя граніца ўладаньняў будучай Брытанскай Гвіяны ня была акрэсьленая, і пасьля ўтварэньня ў 1819 року Вялікай Калюмбіі пачаліся тэрытарыяльныя спрэчкі. Нягледзячы на пратэсты Вялікай Калюмбіі, а пазьней Вэнэсуэлы, брытанскі ўрад працягнуў калянізацыю земляў на захад ад Эсэкіба. У 1835—1840 роках на запыт брытанскага ўраду нямецкі падарожнік-натураліст Робэрт Герман Шомбурк правёў батанічнае і геаграфічнае дасьледаваньне Брытанскай Гвіяны і намаляваў яе межы, названыя «лініяй Шомбурка». На захадзе гэтая лінія перасягала рэальныя ўладаньні пад брытанскай акупацыяй і давала Брытанскай Гвіяне кантроль над вусьцем ракі Арынока. Вэнэсуэла аспрэчыла праведзеныя Шомбуркам межы і ў 1844 року заявіла правы на ўсю Гвіяну ад ракі Эсэкіба. У 1850 Брытанія і Вэнэсуэла дамовіліся не калянізаваць спрэчную тэрыторыю, і гэтае пытаньне не ўздымалася да тае пары, пакуль у раёне не знайшлі золата.

Вэнэсуэльская карыкатура 1894 року, якая высьмейвае брытанскія памкненьні на тэрыторыю Вэнэсуэлы

У 1876 року ў басэйне ракі Куюні, на вэнэсуэльскай тэрыторыі, паўсталі золатаздабыўчыя шахты ангельцаў. Тады Вэнэсуэла зноў заявіла свае правы на тэрыторыі да ракі Эсэкіба. У 1886 року Брытанія назвала лінію Шомбурка часовай граніцай Брытанскай Гвіяны, пасьля чаго Вэнэсуэла разарвала дыпляматычныя стасункі. У 1894 року яна зьвярнулася па дапамогу да Злучаных Штатаў Амэрыкі, спасылаючыся на дактрыну Манро. Дзякуючы лябістам у Вашынгтоне амэрыканскі ўрад зьвярнуў увагу на праблему і вырашыў стаць прымірэнчым бокам. 2 лютага 1897 року ў Вашынгтоне Вялікабрытанія і Вэнэсуэла падпісалі дамову пра прызначэньне арбітражу наконт «правядзеньня пагранічнай лініі між калёніяй Брытанскай Гвіяны і Злучанымі Штатамі Вэнэсуэлы». 3 кастрычніка 1899 арбітраж вынес рашэньне пераважна на карысьць Брытаніі. Ня лічачы дзьвюх адрозьненьняў, лініяй разьмежаваньня Брытанскай Гвіяны і Вэнэсуэлы была зацьверджаная Лінія Шомбурка. Вэнэсуэла атрымала кантроль над ракой Арынока, аднак Брытаніі дасталася большасьць спрэчнай тэрыторыі разам з залатаноснымі шахтамі.

Вэнэсуэла адразу выказала нязгоду з прынятым рашэньнем. У 1950-я ў краіне паўсталі рухі з патрабаваньнямі здабыцьця Гаяны-Эсэкібы. За часамі дыктатара Маркаса Пэрэса Хімэнэса ўрад рыхтаваў пляны ейнага захопу ў 1958 року, аднак у гэтым годзе дыктатар быў зрынуты.

17 лютага 1966 року на сустрэчы ў Жэнэве ўрады Брытанскай Гвіяны, Злучанага Каралеўства і Вэнэсуэлы падпісалі «Ўгоду пра разьвязаньне спрэчкі наконт мяжы між Вэнэсуэлай і Брытанскай Гвіянай», якой былі ўсталяваныя ўмовы разьвязаньня канфлікту. Паводле пагадненьня, для пошуку ўзаемавыгаднага рашэньня варта склікаць Зьмяшаную камісію; але праз рознае разуменьне дамовы ніводзін з бакоў ёю так і не скарыстаўся.

5-ы артыкул Жэнэўскага пагадненьня вызначыў статус спрэчных тэрыторыяў. Паводле ўгоды, на спрэчных тэрыторыях нельга ладзіць захады, якія «могуць паслужыць падставай, падтрымкай ці адмовай у праве на тэрытарыяльны сувэрэнітэт». 26 траўня 1966 року ў адказ на абвяшчэньне Гаянай незалежнасьці Вэнэсуэла заявіла, што прызнае «тэрыторыяй новай Дзяржавы тую, якая ляжыць на ўсход ад правага берагу ракі Эсэкіба. Ізноў паведамляем новай Дзяржаве і міжнароднай супольнасьці, што несумненна пакідаем за сабой правы на тэрытарыяльны сувэрэнітэт над усёй зонай на заходнім беразе вышэйпамянёнай ракі. Такім чынам, тэрыторыя Гаяны-Эсэкіба, над якой Вэнэсуэла заяўляе свае сувэрэнныя правы, абмяжоўваецца на ўсходзе новай Дзяржавай Гаяны, сярэдзіннай лініяй ракі Эсэкіба ад ейнага вытоку да вусьця ў Атлянтычным акіяне».

Празь пяць месяцаў пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Гаяны ад Вялікабрытаніі вэнэсуэльскія войскі акупавалі Анкока з прылеглымі астравамі. 14 кастрычніка 1966 року прэм’ер-міністар і па сумяшчальніцтве міністар замежных справаў Гаяны Форбс Бэрнгам прад’явіў ноту пратэсту міністру замежных справаў Вэнэсуэлы Ігнасіё Ірыбарэну Борхесу(d), запатрабаваўшы неадкладнага вываду войскаў і зьняцьця ўсіх пастаўленых імі збудаваньняў. Урад Вэнэсуэлы адмовіўся выконваць патрабаваньне, назваўшы востраў Анакока «спрадвечным вэнэсуэльскім уладаньнем». Цяпер тут дзейнічае аэрапорт і вайсковая база.

У 1970 року, па сканчэньні дзеяньня Зьмяшанай камісіі, прадугледжанай Жэнэўскай дамовай, прэзыдэнты Рафаэль Кальдэра і Форбс Бэрнгам падпісалі Порт-оф-Спэйнскі пратакол(d), які ўводзіў 12-гадовы мараторый вэнэсуэльскіх патрабаваньняў на Гаяну-Эсэкібу, каб за гэты час абодва ўрады маглі дасягнуць паразуменьня ў супрацоўніцтве. Дэпутаты амаль усіх партыяў вэнэсуэльскага парлямэнту раскрытыкавалі дакумэнт, падпісаны міністрам замежных справаў Арыстыдэсам Кальвані(d). З 1970 року на вэнэсуэльскіх мапах тэрыторыя на ўсходнім беразе Эсэкіба прадстаўленая вэнэсуэльскімі ўладаньнямі.

У 1983 року скончыўся тэрмін дзеяньня Порт-оф-Спэйнскага пратаколу, і прэзыдэнт Вэнэсуэлы Люіс Эрэра Кампінс вырашыў болей яго не працягваць.

Сьцяг Вэнэсуэлы да 2006 року

За часам прэзыдэнта Уга Чавэса на вэнэсуэльскі сьцяг дадалі восьмую зорку, якая азначае ранейшую правінцыю Гаяна.

У верасьні 2011 року Гаяна падала заяву ў Камісію па граніцах кантынэнтальнага шэльфу, каб пашырыць свой кантынэнтальны шэльф на 150 марскіх міляў (280 км). Гэтаму запярэчыла Вэнэсуэла, паколькі пашырэньне шэльфу закранала і тэрыторыю на захад ад ракі Эсэкіба, а перад падачай заявы Гаяна пракансульталявалася з суседнімі дзяржавамі Барбадасам, Сурынамам ды Трынідадам-і-Табага, але без Вэнэсуэлы.

10 кастрычніка 2013 року флёт Вэнэсуэлы затрымаў нафтавыведную судзіну Гаяны за парушэньне марскіх межаў (Гаяна сьцьвярджала, што карабель знаходзіўся ў ейных марскіх водах). Праз тыдзень карабель быў вызвалены, але капітану выставілі абвінавачаньне ў парушэньні эксклюзіўнай эканамічнай зоны Вэнэсуэлы.

У 2015 року, нягледзячы на дыпляматычныя пратэсты Вэнэсуэлы, гаянскія ўлады выдалі нафтавай карпарацыі ЗША Exxon ліцэнзію на сьвідраваньне нафтавых сьвідравінаў на марской тэрыторыі каля Эсэкібы. Пасьля гэтага вэнэсуэльскі ўрад уключыў спрэчныя марскія воды ў сваю марскую зону пад аховай флёту, а Гаяна ў адказ адклікала ліцэнзію вэнэсуэльскіх нацыянальных авіяліній Conviasa.

29 сакавіка 2018 року Гаяна зьвярнулася ў Міжнародны Суд ААН з пазовам па вырашэньні тэрытарыяльнай спрэчкі. Вэнэсуэла адразу заявіла, што не прызнае юрысдыкцыі суду і ня будзе браць удзелу ў слуханьнях. Заплянаваныя ў сакавіку 2020 року вусныя выступы не адбыліся з прычыны пандэміі Ковіду-19, а на чэрвеньскіх Вэнэсуэла не зьявілася. Першай дамоўленасьцю на сустрэчы ўраду Мадура і вэнэсуэльскай апазыцыі ў Мэхіка ў верасьні 2021 року стала пагадненьне супольна стаяць на пазыцыях вэнэсуэльскага ўладаньня над Эсэкіба.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • LaFeber, Walter. «The Background of Cleveland’s Venezuelan Policy: A Reinterpretation.» American Historical Review 66 (July 1961), pp. 947-967.
  • Schoult, Lars. A History of U.S. Policy Toward Latin America Cambridge: Harvard University Press, 1998.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шаблён:Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Вэнэсуэлы