Роварная дарожка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Роварная дарожка зь Менску ў Раўбічы каля вёскі Баравая

Ро́варная даро́жка (вэлядарожка, вэлясыпэдная дарожка, роварная сьцежка) — частка дарогі, прызначаная для руху ровараў, вылучаная дарожнай разьметкай і абазначаная адпаведнымі дарожнымі знакамі. Роварная дарожка канструкцыйна афармляецца ў выглядзе адасобленай паласы. Роварнымі дарожкамі таксама лічацца палосы для роварнага руху, якія мяжуюць зь пешаходнымі дарожкамі, або знаходзяцца на праезнай частцы дарогі.

Роварныя дарожкі ў Беларусі сустракаюцца рэдка. Структура роварных дарожак, у параўнаньні з краінамі Эўразьвязу, няразьвітая. Дзяржстандартам Беларусі роварныя дарожкі аднесеныя да апошняга, 4-га, узроўню патрабаваньняў да эксплюатацыйнага стану вуліц і праездаў, у выніку чаго паводле эксплюатацыйных характарыстык роварныя дарожкі звычайна саступаюць аўтамабільным дарогам.

У Менску да 2007 году было 2 роварныя дарожкі і 1 роварная дарожка ў Менскім раёне (Менск — Раўбічы). У 2007 годзе колькасьць роварных дарожак павялічылася за кошт разьдзяленьня ходнікаў на пешаходныя і роварныя палосы, 1 роварная дарожка была пабудаваная ў Ждановічах уздоўж дарогі на Заслаўе. Роварная дарожка існуе ўздоўж дарогі МенскБарысаў у горадзе Жодзіна Менскай вобласьці. Адзінкавыя роварныя дарожкі існуюць у іншых рэгіёнах Беларусі. 12 верасьня 2009 году ў Менску адбылося афіцыйнае адкрыцьцё 27-кілямэтровай веладарожкі ўздоўж ракі Сьвіслач.[1].

Асаблівасьці руху па роварных дарожках у Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі ўмовы і характарыстыка арганізацыі роварных дарожак, руху па іх, догляду за імі ўсталёўваюцца Правіламі дарожнага руху і дзяржаўнымі стандартамі, у прыватнасьці СНБ 3.03.02-97 «Вуліцы і дарогі гарадоў, пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў», СТБ 1291 – 2001 «Дарогі аўтамабільныя і вуліцы. Патрабаваньні да эксплюатацыйнага стану, дапушчальнага па ўмовах забесьпячэньня бясьпекі руху», БНіП 3.06.03-85 «Аўтамабільныя дарогі».

У адпаведнасьці зь беларускімі Правіламі дарожнага руху (ад 28 лістапада 2005 году) па роварнай дарожцы дазваляецца рухацца ня толькі раварыстам, але таксама пешаходам і групам дзяцей. Рух па веладарожцы мапэдаў і прыраўняных да іх транспартных сродкаў у Беларусі забаронены. У Беларусі пры адсутнасьці роварнай дарожкі рух раварыстам дазваляецца па ўзбочыне, ходніку, пешаходнай дарожцы, і толькі пры немагчымасьці руху па іх — па праезнай частцы дарогі. Раварыстам нельга рухацца па веладарожцы ў часе сьнегападу або галалёду. Па-за скрыжаваньнямі на нерэгуляваным скрыжаваньні роварнай дарожкі з дарогай раварыст абавязаны даць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па гэтай дарозе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Роварная дарожкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў