Сьпіс вялікіх магістраў Тэўтонскага Ордэну
Вялікі магістар, хохмайстар (па-нямецку: Hochmeister, па-лацінску: Magister generalis) — вярхоўны кіраўнік Тэўтонскага Ордэну. Адпавядае пасадам вялікіх магістраў іншых рыцарскіх ордэнаў і вярхоўнаму настаяцелю ў неваенных рэлігійных ордэнах. Хохмайстар, літаральна «высокі майстар», ужываецца толькі ў дачыненьні да вялікага магістру Тэўтонскага Ордэну, а нямецкае Großmeister («вялікі майстар») — у дачыненьні да кіраўнікоў астатніх ордэнаў.
Зьмест |
Герб [рэдагаваць]
Герб вялікага магістра ўяўляе сабой чорны крыж на срэбным фоне. Унутры разьмешчаны залаты крыж зь лілеямі на вяршынах. У сярэдзіне крыжа разьмешчаны геральдычны шыхт з чорным арлом на залатым фоне.
Тытул [рэдагаваць]
Першапачаткова поўная назва тытулу па-лацінску гучала як Magister Hospitalis Sancte Marie Alemannorum Jerosolimitani. З 1216 року ўжываецца поўны тытул Magister Hospitalis Domus Sancte Marie Theutonicorum Jerosolimitani («Майстар Шпітальнага Дому Сьв. Марыі германцаў у Ерусаліме»).
Пераемнасьць [рэдагаваць]
У параўнаньні зь іншымі сярэднявечнымі ўрадамі, перадача ўлады ў Тэўтонскім Ордэне адбывалася рацыянальна. Па сьмерці вялікага магістра віцэ-майстар склікаў капітул зь вядучых саноўнікаў ордэну. Капітул абіраў калегію выбарцаў з дванаццаці чалавек: сямі рыцараў, чатырох сяржантаў і сьвятара. Пераможца вызначаўся большасьцю галасоў. Такі спосаб звычайна дазваляў абраць новага кіраўніка ордэну цягам трох месяцаў[1].
Прэтэндэнты на пост вялікага майстра мелі вопыт кіраваньня адміністрацыйнай адзінкай у ордэне і звычайна абіраліся па заслугах, а не па паходжаньні[2]. Гэткі парадак дзейнічаў да пачатку заняпаду Ордэну пасьля абраньня Фрыдрыха Саксонскага і Альбрэхта Гогенцолерна фон Брандэнбурга-Ансбаха, прадстаўнікоў магутных дынастыяў Вэтынаў і Гагэнцолернаў.
Гісторыя [рэдагаваць]
Калі сядзібай Тэўтонскага Ордэну быў Ака, вялікія магістры ў асноўным знаходзіліся пры дварох Папы рымскага і Імпэратара[3]. Найбольшай магутнасьці вялікія магістры дасягнулі пасьля заваёвы ў XIII стагодзьдзі Прусіі падчас паўночных крыжовых паходаў і стварэньня мілітарызаванае манаскай дзяржавы (Ordenstaat), якая праіснавала да 1525 року. Пасьля таго, як у 1309 року сталіца Ордэну была перанесеная зь Венэцыі ў Марыенбург, магутнасьць вялікага майстру дасягнула свайго піку. Ён меў максымальны кантроль над Прусіяй, камандоўцы якой былі ў ягоным падпарадкаваньні. Калі капітул зьбіраўся ў Эльбінгу, вялікі магістар меў права скарыстаць свой уплыў для правядзеньня прапанаваных ім адміністрацыйных мераў[2]. Вялікі магістар таксама выконваў абавязкі кашталяну Марыенбургу і меў памочнікам скарбніка. Ён таксама зьяўляўся чальцом Ганзэйскай лігі, што дазваляла яму атрымоўваць частку прыбытку ад збору мытаў[4].
Вялікі магістар Альбрэхт фон Брандэнбург-Ансбах прыняў лютаранства і ў 1525 року пераўтварыў Ордэн у сэкулярнае лютаранскае герцагства Прусія. Тым ня меней, тэрыторыі ў Нямеччыне і аўтаномнай Лівоніі засталіся пад уладаю Тэўтонскага Ордэну. Паколькі астатняй часткай Нямеччыны кіраваў Deutschmeister, тытулы Hochmeister і Deutschmeister былі аб’яднаныя падчас валадараньня Вальтэра фон Кронбэрга, пастаўленага імпэратарам Карлам V. Такі падвойны тытул праіснаваў да 1923 року.
Нягледзячы на тое, што ў цяперашні час Тэўтонскі Ордэн зьяўляецца мірным каталіцкім ордэнам, яго кіраўнік па-ранейшаму носіць тытул вялікага магістра.
Кіраўнікі лекарскага брацтва (1190—1198) [рэдагаваць]
Стварэньню рыцарскага ордэну папярэднічала шпітальнае брацтва, створанае для падтрымкі нямецкіх пілігрымаў у палястынскіх землях. Лічыцца, што заснавальнікі шпіталя аказвалі дапамогу параненым хрысьціянам у Ацы каля 1190 року. Зьвесткі пра гэты этап гісторыі ня маюць цэласнага характару. Кіраўнікі брацтва насілі тытулы майстар, прыёр ці настаяцель.
Ака (1190—1198) [рэдагаваць]
- Зібранд (1190—1192), заснавальнік і першы кіраўнік брацтва
- Герхард (1192—1193/4)
- Генрых (1193/4 — 1195), прыёр
- Ульрых (1195—1196)
- Генрых (1196—1198) (магчыма, Генрых Вальпат фон Басэнхайм), настаяцель
Ваенны ордэн (Ritterorden) (1198—1525) [рэдагаваць]
Заснаваны ў 1198 року на базе нямецкага шпіталя ордэн знаходзіўся пад вялікім уплывам «старэйшых» рыцарскіх ордэнаў: гаспітальераў і тампліераў. Самае галоўнае адрозьненьне ордэну ад гэтых брацтваў заключалася ў яго нацыянальным прынцыпе: Тэўтонскі ордэн ад пачатку пазыцыянаваў сябе як ордэн для абароны нямецкіх паломнікаў у Палястыне.
Ака (1198 — каля 1230) [рэдагаваць]
Першыя вялікія магістры ордэну не атрымалі значнага апісаньня ў гістарыяграфіі. Аднак імі была праведзеная вялізная праца па стварэньні незалежнага Ордэна. Быў прыняты статут, сфармаваная структура кіраваньня ордэнам. Месца рэзыдэнцыі магістраў, Ака, была абраная праз зручнае геаграфічнае разьмяшчэньне ля мора на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў.
- Генрых Вальпат фон Басэнхайм (1198—1200)
- Ота фон Кэрпэн (1200—1206)
- Генрых фон Туна (1206—1209)
- Герман фон Зальца (1209—1239)
Манфор (каля 1230—1271) [рэдагаваць]
- Конрад фон Цюрынген (1239—1240)
- Гергард фон Мальбэрг (1241—1244)
- Генрых фог Гогэнлогэ (1244—1249)
- Гюнтэр фон Вюлерзлебэн (1249—1252)
- Поппа фон Астэрна (1252—1257)
- Вільгельм фон Урэнбах (1253 — ?) — выбраны ў апазыцыю да Поппа фон Астэрна
- Ганно фон Зангэргаўзэн (1257—1274)
Ака (1271—1291) [рэдагаваць]
Вэнэцыя (1291—1309) [рэдагаваць]
- Конрад фон Фойхтвангэн (1290—1297)
- Готфрыд фон Гогэнлогэ (1297—1302)
- Зігфрыд фон Фойхтвангэн (1302—1310)
Марыенбург (1309—1457) [рэдагаваць]
- Карл Бэсарт фон Трыр (1311—1324)
- Вэрнэр фон Орзэльн (1324—1330)
- Лютэр фон Браўншвайг, таксама вядомы як Лётар (1331—1335)
- Дытрых фон Альтэнбург (1335—1341)
- Людольф Кёніг фон Ватцаў (1342—1345)
- Генрых Дузэмэр фон Арфбэрг (1345—1351)
- Вінрых фон Кніпродэ (1351—1382)
- Конрад Цёльнэр фон Ротэнштайн (1382—1390)
- Конрад фон Валенродэ (1391—1393)
- Конрад фон Юнгінгэн (1393—1407)
- Ульрых фон Юнгінгэн (1407—1410)
- Генрых фон Пляўэн (1410—1413)
- Міхаэль Кюхмайстэр фон Штэрнбэрг (1414—1422)
- Пауль фон Русдорф (1423—1440)
- Конрад фон Эрліхсгаўзэн (1441—1449)
Каралявец (1457—1525) [рэдагаваць]
- Людвіг фон Эрліхсгаўзэн (1450—1467)
- Генрых Ройс фон Плаўэн (1467—1470)
- Генрых Рэфле фон Рыхтэнбэрг (1470—1477)
- Марцін Трухзэс фон Вэтцгаўзэн (1477—1489)
- Ёган фон Тыфэн (1489—1497)
- Фрыдрых Саксонскі (1497—1510)
- Альбрэхт Гогенцолерн фон Брандэнбург-Ансбах (1510—1525)
Альбэрт прыняў лютэранства і ператварыў ордэнскую дзяржаву ў сэкулярнае Прускае герцагства.
Вялікія магістры і нямецкія магістры (1525—1929) [рэдагаваць]
Калі рыцары згубілі сваю дзяржаву ў Прусіі, у іхняе ўласнасьці засталіся толькі землі ў розных частках Нямеччыны, якія ўзначальваў нямецкі магістр. Праз гэта абодва тытулы былі аб’яднаныя. Вялікі магістар стал менавацца вялікі і нямецкі магістар. Праз саслабленьне ордэн у пошуках дадатковых сродкаў існаваньня зьбліжаецца з імпэратарамі Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі. Пасьля таго, як у 1590 року імпэратар Рудольф II фактычна прызначае на пасаду вялікага магістра свайго брата Максымільяна III Аўстрыйскага, ордэн цалкам трапляе пад уплыў дынастыі Габзбургаў. Пасьля гэтага ажно да 1923 року Габзбургі кіравалі дзейнасьцю ордэну.
Мэргэнтхайм (1525—1809) [рэдагаваць]
- Вальтэр фон Кронбэрг (1527—1543) (у яго часы былі аб’яднаныя тытулы)
- Вольфганг Шутцбар (1543—1566)
- Георг Гундт фон Вэкхайм (1566—1572)
- Генрых фон Бобэнгаўзэн (1572—1590)
- Максімільян Аўстрыйскі (1590—1618)
- Карл Аўстрыйскі (1619—1624)
- Ёган Ойстах фон Вэстэрнах (1625—1627)
- Ёган Каспар фон Штадыён (1627—1641)
- Леапольд Вільгельм Аўстрыйскі (1641—1662)
- Карл Ёзэф Аўстрыйскі (1662—1664)
- Ёган Каспар фон Ампрынгэн (1664—1684)
- Людвіг Антон Пфальц-Нойбурскі (1685—1694)
- Людвіг Франц Пфальц-Нойбурскі (1694—1732)
- Клемент Аўгуст Баварскі (1732—1761)
- Карл Аляксандар Лярэнскі (1761—1780)
- Максімільян Франц Аўстрыйскі (1780—1801)
- Карл Людвіг Аўстрыйскі (1801—1804)
Вена (1809—1923) [рэдагаваць]
- Антон Віктар Аўстрыйскі (1804—1835) (пасада робіцца спадчыннай у правячым доме Аўстрыі)
- Максімільян Ёзэф (1835—1863)
- Вільгельм Франц Карл Аўстрыйскі (1863—1894)
- Ойгэн Фэрдынанд Піюс Бэрнгард Аўстрыйскі (1894—1923) (пасада перастае быць спадчыннай)
- Норбэрт Кляйн (1923—1933)
1923 — сучаснасьць [рэдагаваць]
У 1923 року ордэн страціў статус рыцарскага і стаў клерыкальным. У цяперашні час займаецца таксама дабрачыннай, гаспадарчай і навуковай дзейнасьцю.
- Норбэрт Кляйн (1923—1933)
- Пауль Гайдэр (1933—1936)
- Робэрт Шэльцкі (1936—1948)
- Марыян Тумлер (1948—1970)
- Ільдэфонс Паўлер (1970—1988)
- Арнольд Отмар Віланд (1988—2000)
- Бруна Плятэр (з 2000)
Крыніцы і заўвагі [рэдагаваць]
- ^ Erik Christiansen Паўночныя крыжовыя паходы = The Northern Crusades. — London: Penguin Books, 1997. — С. 203. — ISBN 0-14-026653-4
- ^ а б Erik Christiansen Паўночныя крыжовыя паходы = The Northern Crusades. — London: Penguin Books, 1997. — С. 204. — ISBN 0-14-026653-4
- ^ Erik Christiansen Паўночныя крыжовыя паходы = The Northern Crusades. — London: Penguin Books, 1997. — С. 78. — ISBN 0-14-026653-4
- ^ Erik Christiansen Паўночныя крыжовыя паходы = The Northern Crusades. — London: Penguin Books, 1997. — С. 205. — ISBN 0-14-026653-4
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Баранаў А. (29 чэрвеня 2007) Сьпіс вялікіх магістраў Тэўтонскага Ордэну(рас.). "Интернет-проект "История ордена Храма". Праверана 23 ліпеня 2010 г.
- The Crusades Wiki