Тыгр
Тыгр (Тыгра) (па-лацінску: Panthera tigris) — жывёла зь сямейства кашачых.
Тыгр займае ганаровае месца сярод буйных драпежнікаў. Двума асноўнымі і самымі буйнымі падвідамі тыгра зьяўляюцца індыйскі (бэнгальскі) і амурскі (сыбірскі) — маса самцоў складае 180-275 кг, але ў асобных выпадках маса можа перавышаць 300 кг. Даўжыня цела тыгра без хваста ў залежнасьці ад падвіда вагаецца ад 1,4 да 2,8 м, хваста ад 60 да 110 см. Вышыня ў карку да 1,15 м. Звычайны дарослы самец у прыродзе важыць у сярэднім 200—240 кг (бэнгальскі каля 220 кг, амурскі каля 225 кг, бэнгальскі ў паўночнай Індыі і Непале каля 240 кг) пры даўжыні цела 2,9 — 3 м разам з хвастом і ў карку 95 — 102 см. Маса самак складае 100—180 кг, у асобных выпадках да 200 кг. Сярэдняя — 130—150 кг пры даўжыні цела карацей чым у самца на 30 — 45 см.
Тыгр — від выключна азіяцкі. Яшчэ некалькі стагодзьдзяў назад вобласьць яго расьсяленьня дасягала Казахстану і Паўночнага Ірану. Цяпер на большай частцы ранейшага арэалу тыгры знішчаныя; найбольшыя папуляцыі захаваліся ў Індыі і Індакітаі. Невялікая папуляцыя тыграў у Расейскай Фэдэрацыі ёсьць на Далёкім Усходзе, у Прыморскім краі.
Тыгры засяляюць розныя месцапражываньні, уключаючы мангравыя балоты і бамбукавыя гушчары ў тропіках, густыя лясы ў больш прахалодных абласьцях, голыя камяністыя сопкі і тайгу на поўначы.
Здабычай тыгру служаць капытныя (дзікі, алені, казулі) і шматлікія іншыя жывёлы, уключаючы малпаў, чарапах, неядавітых змей, рыбу, крабаў, жаб і казурак.
Калі не лічыць шлюбнага сезону і перыяду догляду маці за патомствам, тыгры вядуць адзіночны спосаб жыцця. За ўсё сваё жыццё самка прыносіць 10 — 20 тыгранятаў, зь якіх выжывае меншая частка. Пражыць тыгр можа да 26 гадоў.
Падвіды [рэдагаваць]
Адрозніваюць дзевяць падвідаў тыграў, тры з якіх ужо вымерлі:
- Сыбірскі тыгр, Амурскі альбо Усурыйскі тыгр (Panthera tigris altaica)
- Паўднёвакітайскі тыгр (Panthera tigris amoyensis)
- Балійскі тыгр (Panthera tigris balica)
- Індакітайскі тыгр (Panthera tigris corbetti)
- Малайскі тыгр (Panthera tigris jacksoni)
- Суматрыйскі тыгр (Panthera tigris sumatrae)
- Яванскі тыгр (Panthera tigris sondaica)
- Бенгальскі тыгр, Індыйскі тыгр альбо Каралеўскі тыгр (Panthera tigris tigris)
- Каспійскі тыгр, Персідскі тыгр, Туранскі тыгр (Panthera tigris virgata)
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Тыгр — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Тигры.ru — усё аб тыграх, тыгрынныя фатаграфіі і шпалеры і шматлікае іншае.
- Тигромания.RU — новы сайт пра тыграў