Герб Латвіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікі герб Латвійскай рэспублікі

Герб Латвіі быў створаны па абвяшчэньні Латвійскае Рэспублікі (18 лістапада 1918 году) Рыхардсам Зарыньшам.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Латвійскай рэспублікі ўяўляе сабой перасечаны і напалову расьсечанны на лазур, чэрвлень і срэбра геральдычны шчыт. У верхнім, сінім полі шчыта намаляванае стылізаванае залатое ўзыходзячае сонца з разьбежнымі прамянямі. Ніжняе поле расьсечанае на дзьве роўныя часткі. У правым (у геральдыцы бакі шчыта вызначаюцца так, як калі бы назіральнік быў разьмешчаны за шчытом, гэта значыць люстрана), срэбным полі чырвоны леў. У левым, чырвоным полі — срэбны грыфон.

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малы пашыраны герб Латвійскай рэспублікі

Выкарыстаньне гербу Латвіі рэглямэнтавана законам. Адрозьніваюць тры разнавіднасьці гербу: вялікі, малы пашыраны і малы герб.

  • Вялікі герб выкарыстоўваецца прэзыдэнтам, парлямэнтам (соймам), прэм’ер-міністрам, кабінэтам міністраў, міністэрствамі, Вярхоўным судом, Генэральнай пракуратурай, а таксама дыпляматычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі Латвіі.
  • Малы пашыраны герб выкарыстоўваецца камітэтамі і камісіямі парлямэнту і кабінэтам міністраў, а таксама ўстановамі, зьмешчанымі ў непасрэдным падначаленьні гэтых органаў улады.
  • Малы герб выкарыстоўваецца іншымі ўрадавымі ўстановамі, муніцыпальнымі органамі мясцовага самакіраваньня, а таксама адукацыйнымі ўстановамі на афіцыйных дакумэнтах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малы герб Латвійскай рэспублікі

Да абвяшчэньня незалежнасьці Латвійскай рэспублікі 18 лістапада 1918 году гербу адзінай Латвіі не існавала. Герб, створаны латыскім мастаком, прафэсарам Рыхардсам Зарыньшам, аб’яднаў у сабе як сымбалі нацыянальнай дзяржаўнасьці Латвіі, так і старадаўнія гербы гістарычных абласьцей краіны. Быў прыняты ў якасьці дзяржаўнага гербу 16 ліпеня 1921 году Ўстаноўчым зборам Латвійскай рэспублікі.

Герб спалучае ў сабе сымбалі латыскай нацыянальнай дзяржавы і традыцыйную сымболіку ўвайшоўшых у склад Латвіі рэґіёнаў.

Узыходзячае сонца над таркам сымбалізуе нацыянальную ідэнтычнасьць латышоў. Гэты сымбаль ужываўся як апазнавальны знак латыскіх жаўнераў у расейскім войску падчас Першае сусьветнае вайны. Сонца мае 17 прамянёў, што сымбалізуюць 17 латвійскіх акругаў.

Тры залатыя зоркі над таркам сымбалізуюць злучнасьць у складзе Латвіі трох гістарычных краёў: Курляндыю (разам з Зэмгаліяй), Лівонію і Латгалію.

Гэтыя рэґіёны таксама адзначаюцца сваімі традыцыйнымі (з 16 стагодзьдзя) геральдычнымі сымбалямі, што выяўленыя на гербе двойчы — як таркатрымальнікі і ў ніжняй палове самога тарку:

  • Курляндыя і Зэмґалія — чырвоны Леў. Леў зьяўляецца ўжо ў 1569 годзе на гербе тагачаснага Курляндзкага герцаґства.
  • Лівонія — срэбны ґрыфон. Гэты сымбаль паходзіць з 1566 году, калі тэрыторыя сёньняшняе Латґаліі была ў складзе Рэчы Паспалітае.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]